Рэканструкцыя неба
- Автор: Гапеева Вольга
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Логвінаў
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рэканструкцыя неба». Краткое содержание книги:
Звонку ўсё гэта выглядае на непралазны лес вобразаў, дзе неба амаль не відаць (пэўна, адтуль і паўстала патрэба ягонай рэканструкцыі), а галлё можа добра падрапаць твар кожнаму, хто наважыцца паспрабаваць прадзерціся праз гушчар. Раман В. Гапеевай “Рэканструкцыя неба” вылучаецца знікненнем падзейнасці і апеляцыяй да ўнутранага “я”. Пісьменніца калекцыяніруе псіхалагічныя, сацыяльныя, сексуальныя ды іншыя комплексы беларускага грамадства. “…Раман у дэталях ці дэталь у рамане (патрэбнае падкрэсліць)” дэманструе ў тэксце сітуацыю незавершанасці і бясконцасці, якая можа суадносіцца з постмадэрнісцкай гульнёй сэнсамі, а можа ўспрымацца як “унутраная “афектаваная” гісторыя жанчыны”. Дзіцяча-казачныя позіркі Вольгі Гапеевай ператвараюць Рэальны сьвет у Краіну, дзе сыпле марцыпанавы сьнег, а восеньню газэты адлятаюць у вырай. І пакуль лірычны герой зьбіраецца на вайну, на абшарах кнігі вядзецца рэканструкцыя неба.
Перейти на страницу:
***
Валасы мае голас
адкіне
Далёка
за сьпіну ночы
выгнутай абаранкам
гэта я той жаўнер
што гвалціць сваю перамогу
пад парванымі крыламі
чорнага птаха
гэта я на ўскрайку імя
расстраляю бясплодныя дні
паставіўшы іх да сьцяны тварам
крывавым нэктарам
выпестаўшы салодкую кулю
абадранае сэрца
за адамаву скабу закоціцца
шкляной пацеркай
хапаючы
мандарынавы пыл
чужых на ўвесь сьвет
вуснаў
а я крыкну яму крокам руш
усьлед за сьнегам кульгавым
туды дзе
босыя ногі рудавокіх анёлаў
ідуць зь берага левага на правы
слухаць
бязротую вусьціш
неруша вачэй нашых
***
напэўна
салодка ў роце
ад жоўтага пацалунка
напэўна
няёмка ад сіняга позірку
напэўна
абдымкі чырвоныя ёсьць самымі моцнымі
а думкі ружовыя -
пухнатыя камячкі надвячоркам
напэўна
дотык далоняў замерзлых
попельна-шэры
са срэбнымі кропкамі
ад якіх казыча ў носе
напэўна
балюча птушцы
у белым палёце
адчуваць сябе чорнай
напэўна
зіма. што зробіш.
***
сьпінамі ў сьнег падаем
рукі раскінўшы ўпоперак
цёпла ўздрыгваюць вейкі
апошняга дня вайны
тварам да смужнага неба
неба мяне цалуе анёлы там у цывільным
а тут
у вайсковай форме
крокі закаваныя ў боты
ножаць басанож ножаць
ногі закаваныя ў крокі
і я закатаваная ў сьнезе
***
калі памірае дрэва
ружовыя смочкі
схіляюць свае галовы
ў знак жалобы
калі памірае дрэва
робіцца цёмна
бо ўсе вочы хаваюць сорам
за фіранкамі вейкаў
калі памірае дрэва
боль каханка
я суцяшаю
вуснамі лекавымі
і перабінтоўваю
цела ягонае
рукамі ды пальцамі бялявымі
калі памірае дрэва
нехта моўчкі бярэ маю голаў
у далоні свае
і засынае
пакуль недзе за вокнамі
ПАМІРАЕ МАЁ ДРЭВА
***
сакавітая
сукравіца
раскусвае
скуру
да самых зрэнак
пасівелых ад болю
на шматочкі выспаў
на тысячы смочак
што схаваліся ад спарону
куды ні кроч - паўсюль эрагенная зона
мядовым язычком
вузлы залізвае
і ўжо ня болесна
і вочы хутаюцца ў вочы
а я чырк
чыркну
чырваньню
па шчацэ
дзе
яшчэ
не астылае
яшчэ цёплае
варушыцца
цельца
пацалунка
кволага
***
У душным пакоі душацца
душы
а мы нацягваем сінюю скуру
на кончыкі пальцаў
у душным пакоі душацца
душы
толькі чамусьці Я задыхаюся
нічога-нічога
знайду Гаўроша
пазычу грошы
набуду Будду
і буду
зноў дыхаць
***
Атрамантавыя плямы замярзаюць
ад холаду
гэтага гораду
жвірынкамі за каўнер коцяцца
гуляюць у хованкі
мы выракаемся нашай аголенасьці
на карысьць нязьменнай статыстыкі
жывых памерлых і не
народжаных
чырвоных плямак атрамантавых
***
Перейти на страницу: