Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
Нягледзячы на прыязныя дачыненьні паміж урадамі Літвы i Беларускай Народнай Рэспублікі, літоўскі ўрад 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову з Савецкай Расеяй. Паводле артыкула 2-га гэтае дамовы, «дзяржаўная мяжа паміж Расеяй i Літвой» праходзіла ад Дзьвіны па лініі на захад ад Друі — на ўсход ад Браслава — Казьяны — Паставы — азёры Мядзел i Мястра — на захад ад Вялейкі — па заходніх ускраінах Маладэчна i Валожына — па рэках Валожынка, Іслач, Бярэзіна да ўпадзеньня яе ў Нёман ля мястэчка Дзяляцічы — далей па Нёмане i за 30 км на поўдзень ад Горадні — на поўдзень ад Аўгустова. Такім чынам, Савецкая Расея перадавала на гэты раз беларускія землі Літве, а Літва прымала такі падарунак. Нідзе ў тэксьце дамовы ня згадвалася пра беларускую тэрыторыю, а толькі пра расейскую й літоўскую. Праўда, пасьля заняцьця гэтай тэрыторыі чырвонымі ў ліпені 1920 г. іхнае камандаваньне так і не дапусьціла літоўцаў на землі, вызначаныя Літве. Толькі пры адступленьні чырвоных у верасьні літоўцы захапілі Вільню, і то да прыходу палякаў.
Польска-літоўскія дачыненьні былі напружаныя. Войскі Л. Жалігоўскага (9 кастрычніка 1920 г.) захапілі Вільню й Віленскі край, дзе было абвешчанае дзяржаўнае ўтварэньне Сярэдняя Літва. З боку Польшчы існавала рэальная пагроза Літве. Літоўскі ўрад падпісаў 11 лістапада 1920 г. зь беларускім урадам (на эміграцыі) В. Ластоўскага пагадненьне аб узаемнай дапамозе.
Паводле гэтага пагадненьня Беларуская Народная Рэспубліка i Літва ўзаемна прызнавалі незалежнасьць абедзьвюх дзяржаваў. Такім чынам, пытаньне пра аўтаномію беларускіх земляў у складзе Літвы больш ня ставілася. Узаемна прызнавалася правамоцнасьць абодвух урадаў. Тэрытарыяльныя спрэчкі адкладваліся да моманту скліканьня беларускага ўстаноўчага сойму, які шляхам перамовінаў зь літоўскім соймам або праз прызначаны ім урад меўся вызначыць беларуска-літоўскую мяжу.
Беларускі ўрад абяцаў перадаць усе сфармаваныя ім на літоўскай тэрыторыі беларускія вайсковыя аддзелы ў распараджэньне літоўскага ўраду. А ў часе ўсеагульнага плебісцыту на Віленшчыне аб прыналежнасьці яе Літве або Польшчы беларускі ўрад абавязваўся заклікаць беларусаў аддаць свае галасы на карысьць Літвы. У мясцовасьцях Літвы зь перавагаю беларускага насельніцтва (амаль усе яны былі акупаваныя польскімі войскамі) мела ўсталявацца нацыянальна-тэрытарыяльная аўтаномія з адпаведным кіраваньнем. Літоўскі ўрад таксама абавязваўся дапамагчы ўраду В. Ластоўскага атрымаць замежную грашовую пазыку.
Апрача таго, літоўскі ўрад мусіў даць беларускаму афіцыйнае месца перабываньня на сваёй тэрыторыі — фактычна ў Коўне.
Урад В. Ластоўскага дазволіў літоўскаму ўраду выкарыстоўваць беларускія фармаваньні дзеля абароны Літвы. Ён абавязаўся распачаць арганізацыю беларускага нацыянальнага войска на тэрыторыі Літвы — «як шляхам добраахвотніцтва, так i шляхам мабілізацыі сваіх грамадзян на тэрыторыі Літвы i ў вызваленых частках уласнай тэрыторыі». Урад БНР быў гатовы падпарадкаваць беларускае войска генэральнаму штабу літоўскай арміі, у склад якога павінны былі ўвайсьці прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларускай Народнай Рэспублікі. Усё ўтрыманьне беларускага войска й яго экіпаваньне меўся ўзяць на сябе літоўскі бок.
Аднак гэтае беларуска-літоўскае вайскова-палітычнае пагадненьне, заключанае перад пагрозай далейшага наступу польскага войска на Літву, практычных вынікаў ня мела. Ваенныя дзеяньні паміж літоўскай арміяй i войскамі генэрала Л. Жалігоўскага пад націскам вайсковай камісіі Лігі Нацыяў былі спыненыя 30 лістапада 1920 г. Дачыненьні паміж Польшчай i Літвой заставаліся напружанымі. Для ўраду Літвы, які ў распараджэньні меў дзьве літоўскія дывізіі, беларускія вайсковыя адзінкі былі дадатковай i неабходнай сілай.
Таму ўзаемадачыненьні літоўскага й беларускага ўрадаў заставаліся пэўны час саюзнымі. Літоўскі ўрад падтрымліваў урад В. Ластоўскага. Беларускі ўрад заставаўся ў Коўне да восені 1923 г. Толькі пасьля адстаўкі В. Ластоўскага 23 жніўня 1923 г. Рада i ўрад БНР пераехалі ў лістападзе 1923 г. у Прагу, сталіцу Чэха-Славаччыны. Да 1923 г. у складзе літоўскай арміі знаходзіліся беларускія падразьдзелы: асобны беларускі батальён, потым (з 25 красавіка 1923 г.) асобная беларуская з 209 чалавек рота. Справаводзтва й каманды ў гэтых падразьдзелах вяліся i аддаваліся на беларускай мове. Выходзіў часапіс «Вайсковы». Гэта былі ня толькі падразьдзелы, але i рэзэрва для разгортваньня беларускага войска пры магчымай зьмене палітычнай сытуацыі: для вайны супраць Польшчы або супраць Савецкай Расеі, каб вызваліць тэрыторыю Беларусі. У 1920–1923 гг. беларускі батальён, а потым рота стаялі на польска-літоўскай мяжы.
Палітычная сытуацыя зьмянілася ў 1922–1923 гг. 8 студзеня 1922 г. польскія ўлады Сярэдняй Літвы правялі выбары часовага Сойму, які 20 лютага 1922 г. пастанавіў далучыць тэрыторыю Віленскага краю да Польшчы. 24 сакавіка 1922 г. гэтае рашэньне пацьвердзіў польскі сойм. У сакавіку 1923 г. канфэрэнцыя паслоў Англіі, Францыі, Італіі i Японіі вызначыла літоўска-польскую мяжу, пакінуўшы Віленскі край Польшчы. Рашэньне канфэрэнцыі паслоў зацьвердзіла рада Лігі Нацыяў. I хоць літоўскі ўрад тае мяжы не прызнаў, аднак вымушаны быў лічыцца зь міжнародным арбітражам. Яшчэ раней, у студзені 1923 г., Клайпедзкі край быў далучаны да Літвы явачным парадкам, i 17 лютага 1923 г. канфэрэнцыя паслоў згадзілася 3 гэтым далучэньнем. Такім чынам, міжнароднае становішча Літоўскай рэспублікі стабілізавалася.
Становішча ж Беларусі i ўраду БНР пагаршалася. У выніку заключэньня Рыскае прэлімінарнае мірнае дамовы 12 кастрычніка 1920 г. i Рыскае мірнае дамовы 18 сакавіка 1921 г. тэрыторыя Беларусі была падзеленая Савецкаю Расеяй i Польшчаю бяз згоды беларускага народу i без удзелу прадстаўнікоў Беларусі. Урэшце, усё гэта прывяло да спыненьня афіцыйных дачыненьняў паміж урадамі Літвы й БНР i да ліквідацыі адзінак беларускага войска ў Літве. Было зьліквідаванае i Міністэрства Беларускіх Справаў. Там заставаліся яшчэ беларускія дзеячы В. Ластоўскі, К. Душэўскі, выдаваўся часапіс «Крывіч». Да 1924 г. дзейнічала выдавецтва Міністэрства Беларускіх Справаў. Але палітычная дзейнасьць ужо не вялася.
Такім чынам, беларуска-літоўскія дачыненьні ў 1918–1922 гг. зьмяняліся ў сувязі з палітычнаю сытуацыяй. Абодва бакі вырашалі свае нацыянальнадзяржаўныя пытаньні. Больш спрыяльныя для Літвы ўмовы дазволілі ёй захаваць незалежнасьць. Беларуская Народная Рэспубліка з-за вонкавых абставінаў не змагла адстаяць сваю незалежнасьць. У барацьбе за захаваньне дзяржаўнасьці i Беларусь, i Літва заключалі саюзныя пагадненьні. Аднак гэты саюз не прынёс Беларусі якіх-небудзь рэальных палітычных вынікаў.
1612 год у гісторыі Расіі
…і яго тлумачэнне расійскімі палітыкамі і гісторыкамі
…сапраўдную гісторыю таго часу мы ні
ад расійскіх гісторыкаў і кінематаграфістаў,
ні тым больш ад палітыкаў не пачуем
і праўдзівых твораў не пабачым…
У апошнія гады ў Расіі ўлада і палітычныя дзеячы ўсё больш звяртаюцца да гістарычных падзей далёкага мінулага, каб падмацаваць свае пазіцыі і апраўдаць сваю па-ранейшаму імперскую палітыку.
Адной з такіх тэм з’яўляюцца гістарычныя падзеі, звязаныя з перыядам Смуты ў Маскоўскім царстве на пачатку XVII стагоддзя са зменай ва ўладзе цароў і самазванцаў і ўсеагульнага рабавання Расіі самімі расейцамі (маскоўцамі).
Паколькі савецкія гісторыкі абапіраліся на класавую барацьбу народа супраць эксплуататараў «працоўнага народа» (тады гэта сяляне), то тэрмін Смута не ўжывалі, а бачылі маторам падзей масавы народны рух, і перш за ўсё сялянскую вайну пад кіраўніцтвам Івана Балотнікава. Умяшанне ў падзеі ў Расіі ў гэты час Рэчы Паспалітай (вайна 1609–1618 гг.) разглядалася савецкімі і разглядаецца расійскімі гісторыкамі як польская або польска-літоўская інтэрвенцыя. Гэтыя ж гісторыкі называлі і называюць захоп маскоўскімі войскамі беларускіх і ўкраінскіх земляў з іх пункту гледжання «вызваленнем брацкіх народаў» (альбо інакш адзінага рускага народу) ад чужаземных захопнікаў.