Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
Пасьля вайны
Пасьля выгнаньня фашыстоўскіх акупантаў у выніку Беларускай апэрацыі чатырох франтоў у чэрвені ― ліпені 1944 г. тэрыторыя Беларускай ССР скарацілася: Сталін безь ніякага юрыдычнага акту перадаў Беласточчыну ў падпарадкаваньне Польскаму камітэту нацыянальнага вызваленьня, альтэрнатыўнаму польскаму ўраду пад кантролем камуністаў і Масквы, улада якога ўсталёўвалася на польскіх тэрыторыях, занятых Чырвонай арміяй. Гэтым разам частка беларускіх земляў была перададзеная Польшчы. У каторы раз тэрыторыяй Беларусі вольна распараджаліся чужыя гаспадары.
Некалькі дзесяцігодзьдзяў БССР у геапалітычным пляне выконвала для СССР тую ж самую ролю, якая была вызначана ёй царскім урадам Расеі. Яна заставалася пляцдармам для ўварваньня ў Эўропу (праўда, пляцдармам другога рубяжу пасьля ГДР і Польшчы) ды перадпольлем для абароны Масквы й цэнтральных раёнаў Расеі. Толькі пасьля другой сусьветнай вайны беларускі рубеж абароны стаўся ядравым. На гэтай тэрыторыі павінны былі запускацца ядравыя ракеты ў бок праціўнікаў СССР або, наадварот, праціўнікі СССР мелі зьнішчаць разьмешчаныя тут савецкія ракеты разам з усім, што ёсьць на гэтай зямлі. Нават і пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларусі й ліквідацыі СССР нашая тэрыторыя і яе насельніцтва застаюцца закладнікамі ядравай стратэгіі расейскіх генэралаў, якія не жадаюць пераносіць рубеж абароны на Смаленшчыну. Таму на сувэрэнітэт і нэўтралітэт Беларусі з боку расейскіх шавіністычных колаў і вайсковага кіраўніцтва вядуцца палітычныя прапагандавыя наступы. Дзеля гэтага ў Беларусі актывізуюцца здрадніцкія сілы, калябаранцкія элемэнты, дзеля гэтага не выводзяцца расейскія войскі, прапануюцца вайскова-палітычныя саюзы, фэдэрацыя ці хаця б канфэдэрацыя з Расеяй або нават рэанімаваньне Савецкага Саюзу. Па-ранейшаму Беларусь і яе народ застаюцца мішэньню першага ўдару ў выпадку ядравага канфлікту. Такім чынам, лёс Беларусі па-ранейшаму шмат у чым залежыць ад тых, хто знаходзіцца ў Крамлі.
Беларуска-літоўскія дачыненьні: 1918–1922 гг
Беларуска-літоўскія дачыненьні ў пэрыяд першай сусьветнай вайны, лютаўскай рэвалюцыі i кастрычніцкага перавароту 1917 г. у Расеі былі адным з чыньнікаў ў нацыянальна-вызваленчым руху абодвух народаў. Яны зыходзілі зь іхнага супольнага гістарычнага лёсу. Беларусьі i літоўцы некалькі стагодзьдзяў мелі агульную дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае, Рускае i Жамойцкае, яны разам падымаліся на паўстаньні 1794, 1831 i 1863 гг. супраць царскай Расеі. У адзіным рэчышчы i ў тых самых умовах ішоў i нацыянальна-вызвольны дэмакратычны рух у другой палове XIX — пачатку XX ст.
Падчас германскага наступу ўвосень 1915 г. i адступленьня расейскай арміі Літва й заходняя частка Беларусі апынуліся пад нямецкай акупацыяй. Лінія фронту ўсталявалася да лютага 1918 г. у кірунку ад Дзьвінска (Даўгаўпілса) да Браслава, на Паставы, ля возера Нарач, да Смаргоняў, на захад ад Валожына, Міра, Гарадзеі, Ляхавічаў, Ганцавічаў, Лагішына i на ўсход ад Пінска.
У 1915 г. у літоўскіх правых колах разглядалася ідэя стварэньня Вялікага Княства Літоўскага зь літоўскіх i беларускіх земляў. Аднак гэтую ідэю не падтрымалі літоўскія дэмакратычныя арганізацыі, якія ўжо ў 1916 г. дамагаліся ўтварэньня самастойнай i незалежнай Літоўскай дзяржавы.
У верасьні 1917 г. з дазволу нямецкага ўраду i галоўнага камандаваньня літоўская канфэрэнцыя ў Вільні стварыла нацыянальную раду (Тарыбу) на чале з А. Сьмятонам. Канфэрэнцыя выказалася за ўтварэньне незалежнай Літоўскай дзяржавы. 16 лютага 1918 г. Тарыба абвясьціла Літву незалежнай.
Разам з тым i беларускія нацыянальныя дзеячы ў нямецкай зоне акупацыі ішлі на стварэньне незалежнай Беларускай дзяржавы. Так, Вацлаў Ластоўскі, які застаўся ў Вільні, у канцы 1915 г. заняў незалежніцкія пазыцыі.
Тым ня менш 19 сьнежня 1915 г. у Вільні прадстаўнікі беларускіх, літоўскіх, польскіх i габрэйскіх арганізацыяў апублікавалі Ўнівэрсал Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. У ім абвяшчалася ідэя ўтварэньня канфэдэратыўнай дзяржавы, якая мела складацца зь дзьвюх аўтаномных адзінак — беларускай i літоўскай. Да пачатку 1918 г. ідэя беларускай-літоўскай дзяржавы пераважала ў асяродзьдзі беларускіх арганізацыяў у зоне нямецкай акупацыі.
Пазьней, на пачатку 1918 г., В. Ластоўскі утварыў арганізацыю «Сувязь незалежнасьці i нёпадзельнасьці Беларусі», якая выпрацавала галоўныя кірункі стварэньня незалежнай Беларусі. У гэтую арганізацыю ўваходзілі пераважна прадстаўнікі каталіцкага сьвятарства, а таксама князь М. Сьвятаполк-Мірскі. Праз «Сувязь незалежнасьці» былі ўсталяваныя кантакты зь нямецкай каталіцкай партыяй цэнтру. Няцяжка заўважыць, што Вацлаў Ластоўскі i ягоная арганізацыя выкарыстоўвалі ўсё магчымае, каб дасягнуць незалежнасьці Беларусі. Ластоўскі рашуча выступаў супраць спробаў утварыць дзяржаву разам з Польшчай ці Літвой.
Адначасова, 25–27 студзеня 1918 г., на Беларускай канфэрэнцыі ў Вільні была абраная Віленская Беларуская Рада (старшыня Антон Луцкевіч), якая замяніла Беларускі Народны Камітэт у Вільні. Канфэрэнцыя выказалася за ідэю стварэньня фэдэратыўнага Літоўска-Беларускага гаспадарства. Але ў сувязі з абвешчаньнем 16 лютага 1918 г. незалежнасьці Літоўскай рэспублікі Віленская Беларуская Рада стала на цалкам незалежніцкія пазыцыі.
Такім чынам, у зоне нямецкй акупацыі ў лютым 1918 г. ужо выразна выявіліся моцныя тэндэнцыі да стварэньня незалежнага Беларускага гаспадарства. На большай частцы тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Расеі, гэтыя тэндэнцыі выяўляліся таксама, але не ў такой ступені, як у беларусаў Віленшчыны, што, дарэчы, паказаў Усебеларускі зьезд у Менску ў сьнежні 1917 г., дзе даваліся ў знакі аўтанамісцкія настроі.
Надалей, пасьля падпісаньня 3 сакавіка 1918 г. Нямеччынай i ейнымі саюзьнікамі ды Савецкай Расеяй Берасьцейскага міру, калі тэрыторыю Беларусі падзялілі, у Менску 9 сакавіка 1918 г. была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. 18 сакавіка 1918 г. дзевяць сяброў Віленскай Беларускай Рады былі кааптаваныя ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, i 23 сакавіка яны прыехалі ў Менск. На гістарычным паседжаньні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 г. Антон Луцкевіч прапанаваў Народнаму Сакратарыяту абвесьціць незалежнасьць БНР. Уранку 25 сакавіка Рада БНР прыняла 3-ю ўстаўную грамату, якая абвесьціла незалежнасьць краіны.
У красавіку 1918 г. Віленская Беларуская Рада адхіліла прапанову Літоўскай Тарыбы дэлегаваць у ейны склад прадстаўнікоў «беларускае нацыянальнае меншасьці». Яна зыходзіла пры гэтым з 3-й Устаўнай граматы Рады БНР пра тэрыторыю беларускай часткі Віленшчыны й Горадзеншчыны, на якія прэтэндавала Тарыба.
У звароце ўраду БНР да ўраду Аўстра-Вугоршчыны аб прызнаньні Беларусі як «самастойнай рэспублікі, якая канчаткова аддзялілася ад Расеі», пра гэта гаварылася: «На Захадзе мы стаім за абарону ўсёй тэрыторыі Беларусі там, дзе чуецца беларуская мова, з горадам Вільняй — нашай старажытнай сталіцай, а адтуль на ўсход да Дынабурга. Пры гэтым мы лічым неабходным нагадаць, што Вільня была ня толькі нашай сталіцай, але ваяўнічым цэнтрам i цэнтрам беларускага руху». Але Германія i Аўстра-Вугоршчына не прызналі БНР, спасылаючыся на ўмовы Берасьцейскае мірнае ўгоды i разглядаючы большую частку тэрыторыі Беларусі як расейскую, за выняткам Беласточчыны, Горадзеншчыны й Віленшчыны, ад якіх адмовілася Савецкая Расея, а таксама ня лічачы беларускім Палесьсе, бо яно было ўключана ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі.