Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
Беларуска-літоўскія дачыненьні зьмяніліся ўвосень 1918 г. У верасьні 1918 г. А. Луцкевіч узначаліў урад БНР. Неўзабаве немцы пачалі вельмі нясьпешна выводзіць свае войскі зь некаторых усходніх паветаў Беларусі, атрымаўшы ад ураду РСФСР вялікую кантрыбуцыю золатам i таварамі. Над Беларусяй i Літвой навісла пагроза захопу чырвонымі расейскімі войскамі. З захаду паўставала небясьпека польскага ўмяшаньня. У лістападзе 1918 г. віленская Беларуская Рада на даручэньне А. Луцкевіча вяла перамовы зь Літоўскаю Тарыбаю.
Яны праходзілі 15, 20, 21, 23, 26 i 27 лістапада 1918 г. Пры літоўскім урадзе паўстала Міністэрства Беларускіх Справаў. 27 лістапада 1918 г. у склад Тарыбы ўвайшло 6 сяброў Віленскае Беларускае Рады: В. Ластоўскі, I. Луцкевіч, Я. Станкевіч, кс. В. Талочка, К. Фалькевіч i Д. Сямашка, а зь 1 сьнежня Язэп Варонка прыняў пасаду міністра беларускіх справаў у літоўскім урадзе. Потым яго замяніў Д. Сямашка, які спачатку быў уключаны ў склад літоўскай дэлегацыі на Вэрсальскай мірнай канфэрэнцыі.
Паводле пагадненьня паміж Тарыбай i Віленскай Беларускай Радай беларускім прадстаўнікам адводзілася 25 працэнтаў месцаў у Тарыбе (Сойме). Літоўскі ўрад абавязваўся асыгнаваць на арганізацыю беларускай тэрыторыі сумы прапарцыйна лічэбнасьці насельніцтва i велічыні тэрыторыі. Літоўскі ўрад браўся таксама абараняць цэласьць заходніх беларускіх земляў улучна зь Беластокам i Бельскам. Беларуская тэрыторыя ў Літоўскай дзяржаве павінна была скласьці аўтаномную адзінку зь беларускаю моваю як афіцыйнаю. Прызначэньне ўрадавых асобаў на беларускую тэрыторыю мела адбывацца толькі зь ведама i за згодаю «Беларускага Сакратарыяту» (г, зн. беларускіх дэлегатаў у Тарыбе).
Уступаючы ў склад Тарыбы, беларускія дэлегаты 27 лістапада злажылі дэклярацыю, у якой абапіраліся на пастанову Беларускай канфэрэнцыі 25–27 студзеня 1918 г. аб ідэі ўтварэньня фэдэратыўнае Літоўска-Беларускае дзяржавы. У дэклярацыі гаварылася: «Беларуская Рада верыць, што два народы, злучаныя гістарычна i эканамічна, падаўшы адзін аднаму руку, патрапяць здабыць сабе вольнае i незалежнае жыцьцё, ідучы дарогай дэмакратычнага будаўніцтва агульнае Дзяржавы».
Ужо 3 сьнежня 1918 г., незадоўга да прыходу чырвоных войскаў у Менск, урад Беларускае Народнае Рэспублікі пераехаў зь Менска ў Вільню. Была зробленая спроба наладзіць шчыльнае беларуска-літоўскае палітычнае й вайсковае супрацоўніцтва. З-за пагрозы захопу бальшавікамі Вільні ўрад БНР на чале з Антонам Луцкевічам у канцы сьнежня 1918 г. выехаў у Горадню. Пакінуў Вільню i літоўскі ўрад, які пераехаў у Коўна. Міністэрства Беларускіх Справаў 2 студзеня 1919 г. пераехала ў Горадню. Ужо адтуль яно санкцыянавала прызначэньне літоўскіх урадавых камісараў у Беласток, Саколку, Белавежу, Бельск, Горадню, Дзятлава, Крынкі, Планты й Ліду, якія лічыліся беларускімі мясцовасьцямі. Аднак літоўскі ўрад бязь ведама міністра беларускіх справаў прызначыў сваіх камісараў у Ваўкавыск i Ашмяны. Міністэрства Беларускіх Справаў, між іншым, мела кантакты зь нямецкімі ўладамі i з амэрыканскай місіяй у Літве.
Асноўным пытаньнем, якім займалася Міністэрства Беларускіх Справаў, было стварэньне беларускіх узброеных сілаў. Дзеля гэтага ў міністэрстве арганізавалі вайсковы сакратарыят. Урад Літвы вельмі разьлічваў на беларускае войска, бо сілы самой Літвы былі нязначныя. Літоўскі афіцэр М. Вялікіс 24 сьнежня 1918 г, так ахарактарызаваў становішча ўсёй тагачаснай літоўскай арміі: «Першы полк — каля 30 афіцэраў i каля 200 салдатаў (…)» У другім пяхотным палку было ўсяго некалькі афіцэраў i некалькі салдатаў».
Вайсковым сілам Літвы вельмі бракавала афіцэраў. Таму ўсімі вайсковымі справамі Літвы спачатку займаўся запрошаны зь Менска беларускі генэрал К. Кандратовіч, які займаў пасаду віцэ-міністра абароны (міністрам абароны быў сам прэм'ер А. Вальдэмарас). Адначасова Кандратовіч лічыўся «галоўным камандзерам беларускага войска». Прызначэньне афіцэраў у беларускія вайсковыя часткі рабіў літоўскі ўрад, але з санкцыі Міністэрства Беларускіх Справаў. У наступным урадзе М. Сьляжавічуса міністрам абароны стаўся М. Вялікіс, якому падпарадкоўваліся беларускія вайсковыя адзінкі. Беларускія афіцэры адначасова лічыліся «беларускімі афіцэрамі літоўскай арміі».
Сярод ix былі i беларусы, i расейцы. Усе — афіцэры былой расейскай арміі, якія прайшлі сусьветную вайну.
Вайсковыя ступені ў беларускім войску былі аднолькавыя са ступенямі ў літоўскай арміі. Старэйшыя афіцэры: палкоўнікі, палкоўнікі-лейтэнанты (г. зн. падпалкоўнікі), маёры; малодшыя афіцэры: капітаны, старэйшыя лейтэнанты, лейтэнанты (або падпаручнікі); падафіцэрскі склад: старэйшыя падафіцэры (узводныя) i малодшыя падафіцэры (аддзяленныя); шараговы склад: стралкі (або салдаты). Генэралы ў беларускім войску ў Літве не служылі, за выняткам Кандратовіча, які неўзабаве пайшоў у адстаўку.
Арганізацыя беларускага войска праводзілася пераважна ў Горадні ад пачатку студзеня да канца красавіка 1919 г., калі там знаходзілася Міністэрства Беларускіх Справаў. Тут найперш быў зарганізаваны штаб — Беларуская Камэндатура, потым беларускі полк пяхоты й эскадрон кавалерыі.
Тымчасам 23 красавіка 1919 г. польскім войскам удалося адарваць Вільню ў бальшавікоў. Калі 28 красавіка 1919 г. нямецкія войскі перадалі i Горадню палякам, Міністэрства Беларускіх Справаў i некаторыя афіцэры й салдаты беларускага войска пасьпелі вырвацца ў Коўна. З Горадні ў поўным складзе выйшлі кавалерыйскі эскадрон i 5-я рота Беларускага пяхотнага палка. 1 чэрвеня 1919 г. 1-ы Беларускі полк у Горадні быў раззброены палякамі.
Адначасова з арганізацыяй беларускіх вайсковых аддзелаў у Горадні асобныя беларускія вайсковыя групы тварыліся i ў Коўне, дзе існавала Беларускае Вайсковае Бюро. З гэтых групаў пазьней, у 1919 г., быў створаны Беларускі пяхотны батальён у складзе літоўскай арміі. Камандаваў ім маёр Аляксандар Ружанец-Ружанцоў (Алесь Смаленец). Асобнаю адзінкаю заставаўся беларускі кавалерыйскі эскадрон, які ў канцы красавіка 1919 г. вырваўся з Горадні. Гэтыя беларускія вайсковыя адзінкі прымалі ўдзел у баёх супраць польскіх войскаў у раёне Ляйпунаў i на паўночным фронце ля Дзьвінска (Даўгаўпілса).
У гэты ж час, у жніўні 1919 г., Міністэрства Беларускіх Справаў (у Коўне) выйшла на міжнародную арэну. Міністар Язэп Варонка праз урад Літвы перадаў урадам Англіі, Францыі, ЗША ды ішых дзяржаваў Антанты ноту пратэсту супраць перадачы Аўгустоўскага павету палякам. У ёй пералічаліся беларускія паветы, захопленыя палякамі: Берасьцейскі, Бельскі, Пружанскі, Белавескі, Кобрынскі, Беластоцкі, Слонімскі, Сакольскі, Ваўкавыскі, Горадзенскі, Лідзкі, Віленскі, Ашмянскі, Дзятлаўскі, Наваградзкі.
Гэтыя патрабаваньні прыблізна адпавядалі тэрытарыяльным патрабаваньням, якія выставіла дэлегацыя літоўскага ўраду на чале зь міністрам замежных справаў Ю. Шаўлісам (у складзе дэлегацыі былі літоўскі палкоўнік М. Вялікіс i беларускі палкоўнік К. Езавітаў), якая выяжджала ў красавіку 1919 г. у Варшаву. Дэлегацыя патрабавала прызнаньня дзяржаўнай мяжы Літвы ў межах Ковенскай, Віленскай, Сувальскай, Горадзенскай губэрняў i часткі Менскай. На перамовінах з польскім бокам палкоўнік К. Езавітаў пратэставаў супраць «пляну ўтварэньня Літоўска-Беларускай рэспублікі ў межах 1772 г.», аб'яднанай з Польшчаю. Перамовіны былі марныя. Ужо ў чэрвені 1919 г. літоўскі ўрад патрабаваў мяжы толькі па лініі Друя — возера Нарач — Дзярэўна — рака Нёман — Горадня з акругай. Пытаньні пра тэрыторыі на поўдзень ад гэтай лініі пакідаліся да ўрэгуляваньня на мірнай канфэрэнцыі. Літоўскі ўрад згаджаўся на выкарыстаньне польскімі войскамі гэтае спрэчнае тэрыторыі для барацьбы «супраць бальшавікоў». Урэшце на прапанову краінаў Антанты была ўсталяваная дэмаркацыйная лінія паміж літоўскімі i польскімі войскамі («лінія Фоша»).
Палепшыліся беларуска-літоўскія дачыненьні на пачатку 1920 г. Тады пасьля канфлікту з польскімі акупацыйнымі ўладамі 13 сьнежня 1919 г. бальшыня сяброў Рады БНР выбрала новы Прэзыдыюм Рады Беларускае Народнае Рэспублікі на чале з П. Крэчэўскім i новы ўрад БHP на чале з В. Ластоўскім. Польскія ўлады не прызналі гэтую Раду, арыштавалі В. Ластоўскага ды іншых кіраўнікоў. Ластоўскага пратрымалі ў астрозе паўтара месяца. В. Ластоўскі i ягоныя міністры ў лютым пераехалі ў Коўна, туды ж перабралася і Рада БHP.