Ціша
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1519-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Ціша». Краткое содержание книги:
Я махаю рукою:
— Чэхаў вунь насіў пенснэ, а таксама маршчыніў лоб, і яго абсалютна несправядліва лічылі занудам, панурым і ганарліўцам.
— Вось, дарэчы! — ажыўляецца аўтар і нахіляецца бліжэй, нібы сабраўся падзяліцца са мною якімсьці непрыстойным сакрэтам. — Добра, што згадалі Чэхава. Я чытаў ваша апошняе, гэта, я вам скажу, сіла. Уражвае. Ёсць мясціны проста чэхаўскага ўзроўню. Працуйце, і праз два гады…
Я раблю хітры ход — хутка дастаю з шуфляды і кладу на стол папку з рукапісам аўтара. Ён замаўкае на паўслове, забываецца на ўсё, акрамя гэтай папкі, і я так і не даведваюся, што ж чакае мяне праз два гады.
— Мо прачыталі? — пытае аўтар і аблізвае губы.
Прачыталі. Артыкул слабенькі. Яго трэба вяртаць. І ўсё ж паводле тэорыі «ворых на рак» мне шкада аўтара.
— Артыкул… добры, — пачынаю я. — Ды што там, выдатны артыкул. Думкі харошыя, тэзісы розныя… Асабліва пра феадальны ўплыў на капіталістычны націск… Але…
Пры гэтым «але» аўтар, які ловіць кожнае слова, уздрыгвае і дакорліва глядзіць на мяне. Потым зноў нізка апускае галаву, быццам падстаўляючы яе пад хуткі бязлістасны абух.
— На вялікі жаль, артыкул для нашага часопіса наўрад ці можа падысці. У вас атрымаўся навуковы артыкул, нават задужа навуковы… Гэта важная праца для навукі, — гавару я абышто, каб адцягнуць трагічную развязку. — Навука ўзбагаціцца, словам… А ў нас часопіс літаратурнамастацкі, папулярны, не спецыфічны…
— Вяртаеце?
— Вяртаем, — не ў сілах больш мучыць чалавека, разам апускаю абух.
І — вось дзіва! Мой абух аказваецца чароўным. Ён не аглушае аўтара, а толькі ператварае яго з мілага, ветлівага чалавека ў грознага бунтара. Аўтар парывіста ўстае, зпад майго носа забірае папку.
— Галоўны ў сябе? — пытае ён ледзяным голасам.
— У сябе.
— Вось няхай галоўны і вырашае! А то будуць тут розныя, маладыя ды раннія… Не, ты спачатку дажыві да маіх гадоў, папішы з маё! А то ўжо ў Чэхавы меціць… Многа вас, такіх «Чэхавых», па дзесяць у кожнай рэдакцыі! І кожны «геній»…
Сабраўшыся дахаты, праходжу калідорам ля кабінета галоўнага рэдактара і чую з прачыненых дзвярэй голас аўтара, зноў ператворанага ў сябе ранейшага — уважнага, ільсцівага:
— Вось вы ўмееце выслухаць, абнадзеіць… А то заяўляе мне: «Я ўжо — Чэхаў, таму вяртаю рукапіс не чытаючы!» У наш час таксама ўсялякае было, але межы ведалі, старэйшых паважалі…
Буду ехаць дамоў — знарок уплішчуся ў самы перапоўнены тралейбус і патапчуся па чужых нагах. Хоць душу адвяду.