Слова сапраўднага лад
- Автор: Сямёнава Ала
- Год: 1986
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Слова сапраўднага лад». Краткое содержание книги:
Чалавечай жа натуры спрадвеку ўласціва імкненне бачыць высокае неба і адчуваць прысутнасць законаў, маральных таксама... І прагне чалавек ачышчэння, прасвятлення, славутага катарсіса. Перамогі справядлівасці, калі не ў развязванні сюжэтных калізій, дык у сцвярджэнні гармоніі светапарадку.
Тэатры кожны сезон чакаюць новых п'ес — перш за ўсё пра сучаснасць. Гэта аксіёма. Разам з класікай — яны складаюць аснову рэпертуару. Іх чакаюць і гледачы — прэм'ер сучасных п'ес. Чытаюць новае слова драматургаў. Сярод якіх апошнім часам з'явіўся Аляксей Дудараў. І за некалькі год у не беднай на выявы жанру беларускай драматургіі заняў трывалае месца. Ашаламляльна хутка, за нейкія пяць год, зрабіўся адным з самых папулярных драматургаў Савецкага Саюза. Драматургам, якога ставяць такія рэжысёры, як Р. Таўстаногаў. Драматургам, за спектаклі па п'есах якога на апошнім фестывалі «Прыбалтыйская вясна» трыумфальна атрымліваюць ледзь не ўсе прызы. Чалавекам, што становіцца ўладальнікам спецыяльнага прызу гэтага фестывалю за стварэнне п'ес «Парог», «Вечар», «Радавыя». Які атрымаў прыз за сцэнарый «Белыя росы» і — урэшце — Дзяржаўную прэмію СССР за п'есу «Радавыя».
Адразу хачу зазначыць, сцэнічныя інтэрпрэтацыі п'ес А. Дударава — не тэма сённяшняй гаворкі, размова — пра пісьменніка Дударава. А п'есы яго — факт літаратурны. Адметны факт. З'ява.
Да таго, як пісаць п'есы, як адзначалася вышэй, Аляксей Дудараў выйшаў да чытача з прозай. І ў 1979 годзе была апублікавана яго кніга «Святая птушка», у 1981-м — рускае выданне кнігі. Выданне, што было заўважана і саюзнай прэсай (была, прынамсі, рэцэнзія ў «Литературном обозрении»), што не так часта здараецца з першай кнігай. Рэцэнзент з Данецка, нехта С. Мядоўнікаў, што ўвогуле мае звычку весці гаворку пра беларускую літаратуру «з вучоным выглядам знатака» і ментара, там таксама трымаецца прынятай манеры. Ён велічна кідае, што «першыя крокі ў літаратуры можна лічыць удалымі, і зараз перад А. Дударавым устае сур'ёзная задача далейшага самавызначэння». Данецкі крытык міласціва не абыходзіць маладога празаіка і заўвагамі — эскізнасць, прыблізнасць, слабая матываванасць учынкаў герояў, занадта настойлівая прыхільнасць да вясковай тэматыкі. Наконт недастатковай дэтэрмінаванасці нейкіх сюжэтных ходаў аўтар рэцэнзіі, мабыць, мае рацыю. Але... Мне таксама надарылася рэцэнзаваць той зборнік, тэкст прыведзены вышэй, і мушу сказаць — не з сённяшнім рэверансам славутаму ўжо аўтару, а па тым сваім уражанні (яно засведчана тэкстуальна і пацверджана тут) — мне яго проза не падалася эскізнай і не ўявілася эстэтычнай крамолай прыхільнасць, традыцыйная, беларуская, да вясковай тэматыкі. Хаця відавочна праглядвалася перавага характарнасці («Святая птушка», «Кола», «Мульцік») над лірыка-рамантычнымі спробамі пяра («Макароў вір», «Зоркі над горадам»). І была відаць адметная рыса таленту Аляксея Дударава — выразнасць аўтарскай пазіцыі, уменне паказаць характар праз учынак, часам нават здарэнне, без дыдактыкі і просталінейнасці. І — выдатныя моўныя характарыстыкі персанажаў.
Аднак хацелася б вярнуцца да гэтага — выразная пазіцыя аўтара. Яго, Дударава, веры ў нязбытныя чалавечыя каштоўнасці — справядлівасць, дабрату, разуменне. Сацыяльна акрэсленыя каштоўнасці. Здатнасць не туляцца па закутках усведамлення, не спакушацца паўпраблемамі, мініпраблемкамі. Галоўныя высновы быцця, сэнс жыцця, абсурднасць нікчэмнага існавання — так схематычна можна акрэсліць творчы яго кірунак. Гучыць, можа, дэкларацыйна. Але паспрабуем канкрэтызаваць. А. Дудараў прыйшоў у драматургію з добрым усведамленнем асноўных уласцівасцей жанру — сцісласць і адабранасць падзей, асобая вобразная арганізаванасць, узбуйненасць катэгорыі часу, маральная напружанасць, выверанасць моўнай структуры. Хаця — дылетантаў сёння небагата «на тэатры». Што, як, чаму — не аднаму яму вядома. І ўсё ж такі — феерверкавы ўзлёт. Аўтара нацыянальнага. Згадаем, якім няпростым і расцягнутым у часе быў шлях да вядучых тэатральных сцэн краіны хаця б такіх выдатных драматургаў, як А. Вампілаў і А. Макаёнак.