Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Сараковачку пакінь, браток. Га?
Баец яшчэ разы два цмыгае і, ступіўшы між целаў на падлогу, цягнецца да выстаўленай з цемры рукі. Мае вочы пачынаюць ужо што-колечы бачыць у гэтым сутонні. Між байцоў я пазнаю на лаўцы ўратаванага намі лётчыка. Ён нерухома ляжыць, бы нежывы, пад сваімі бінтамі і толькі час ад часу стрымана стогне. Але стогнуць многія. Ціхіх стогнаў, крэкту і вохаў тут поўная хата.
— Ану, назад! — зараз жа раздаецца з-за стала каманда Сахно. — Не забывайцеся, да каго прыстаўлены! Баец вяла апраўдваецца:
— Ды не ўцячэ! Я ж усё бачу.
— Дрэнна бачыце!..
У гэты час зусім побач са мной пачынае варушыцца нехта ў паўшубку з настаўленым каўняром. Здаецца, ён дагэтуль драмаў, прыхінуўшыся да сцяны, і цяпер асіпла са сну гаворыць:
— Не турбуйцеся. Я пагляджу.
Затым адкашліваецца і, зусім як немец, нешта скорагаворкай звяртаецца да палоннага. Гэта мяне здзіўляе: глядзі ты, ведае па-нямецку! На фронце такое здараецца не часта. Немец ціха нешта адказвае, і мой сусед абвяшчае:
— Ён гаворыць, што сам здаўся ў палон і назад перабягаць не збіраецца.
— Прыпёрлі, дык здаўся. А наогул я не пытаюся, што ён там гаворыць! — суха абрывае яго Сахно. — I вы лепш памаўчалі б, лейтэнант.
Лейтэнант бяскрыўдна змаўкае, а маю нагу раптам працінае востры нутраны боль. Я незнарок скаланаюся. Каця нязлосна прыкрыквае:
— Ціха, ты! Што брыкаешся, як дзеўка!
— Ого, так ірванула…
— Ладна. Стрываеш. А галава як? Нішто?
— Галава нічога, — кажу я, абы не чапаць раны.
Каця пачынае туга аббінтоўваць ступню, і я зноў пазіраю на лейтэнанта, які пачынае ладзіць сабе закурку. Ён абуджае ў мяне цікавасць. Тое, што ён так складна загаварыў па-нямецку, яго тон і яшчэ нешта амаль незаўважнае ў яго голасе няўлоўна выдае ў ім інтэлігента, відаць, прызванага з запасу. Гэтыя людзі заўжды выклікаюць ва мне нейкую павагу, бо ёсць у іх штосьці цікавае і значнае, чаго часцяком не хапае кадравым. I хоць няёмка мне набівацца цяпер у знаёмства, усё ж я пытаюся:
— Вы не са сто адзінаццатай?
Лейтэнант слініць паперку і не вельмі спрытна склейвае з яе цыгарку. Адразу відаць, што да самакрутак яшчэ не прывык.
— Не. Я з упраўлення арміі. З газеты.
— Што, з рэдакцыі?
— Угадалі. А што вас здзіўляе?
— Ды так, нічога, — адказваю я, хоць сапраўды трошкі здзіўлены такім знаёмствам.
Мне яшчэ не даводзілася сустракаць журналістаў, тым болей на фронце. I я проста не магу ўжо схаваць мае цікаўнасці да гэтага чалавека. А ён, здаецца, абыякавы да ўсяго тут. Засяроджана прыкурвае ад запалкі і смачна зацягваецца. Шчокі яго, калючыя ад чорнага маладога шчаціння, здаюцца глыбока запалымі. Хударлявы, нейкі нават хваравіты твар непрыгожы. Хоць па званню гэты чалавек амаль раўня нам, па ўзросту ён старэй за нас год на пятнаццаць. Я кідаю позірк на Юрку і таксама лаўлю ў ягоных вачах стоены водбліск цікаўнасці. Дзіва што: я памятаю, як некалі Юрка расказваў пра свае даваенныя мары стаць журналістам…
Лейтэнант моўчкі курыць, і размова наша не вяжацца.
— Ну вось і ўсё, — кажа Каця нарэшце, абрываючы бінт. — Беражы рану. А то столькі бруду набілася!..
Яна зазірае на Юрку, але вочы ў таго ўжо заплюшчаны, і дзяўчына сцішана, толькі мне аднаму, паведамляе:
— За ім глядзець трэба. Слабы ён. Каб часам не…
Я ўздыхаю. Здаецца мне, Юркавы вейкі ледзьве ўздрыгваюць у цемры. Мабыць, ён прыкмячае нашую на сабе ўвагу.
— Нічога. Як-небудзь…
— Сястра! Мне во перавязаць трэба! — кліча хтось Кацю.
— Раней мне. Я ўжо даўно чакаю.
— Зараз, зараз, родненькія. Не ўсім адразу.
Каця прабіраецца між людзей далей, а Юрка, прыкметна напружваючыся, каб стрымаць стогн, пытаецца:
— Што, пяхоты ў немцаў багата?
— Знаеш, пяхоты не было, Юрка. Калі б пяхота, нам бы не ўтрымацца. А так з тузін танкаў. Двох падпалілі.
Юрка расплюшчвае пакутніцкія вочы і нерухомым поглядам устаўляецца кудысь у змрочнае невысокае падстолле.
— Ведаеш, дэсант — гэта сіла. Калі давядзецца ўдзельнічаць, трэба як мага… бліжэй пад’ехаць. Галоўнае… не спяшацца саскокваць. Чым бліжэй да іх, тым… лепей. Я ведаю…