Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 268
Перейти на страницу:

— Эх шкада, піўка не заказалі! Духата такая.

Ён паварочваецца да залы і кліча афіцыянтку:

— Дзевушка! Дзевушка! На хвілінку…

Але «дзевушка» не чуе або не хоча пачуць і ідзе сабе між сталоў на кухню. Тады ён устае.

— Ты пасядзі. Я закажу ўсё ж…

За сталом я астаюся адзін.

23

У хаце зусім цёмна (ці, можа, мне так здаецца) і вельмі людна. Так людна, што секунду некалькі я не ведаю, куды ступіць ад парога. I я стаю, узіраючыся праз паўзмрок у невыразныя плямы твараў, бінтоў, людскіх постацей на лаўках і на падлозе. У нос востра шыбае перакісам вадароду. Гэта абнадзейвае — значыць, медык тут ёсць, будзе на каго паспадзявацца.

— Во яшчэ адзін зашчытнічак! — з лёгкім гумарком гукае нехта ад сцяны. — Ну, як там: турнулі нямецкіх захопнікаў?

Я не маю ахвоты ні да якой размовы. Тым больш з такім вось дасціпнікам. Але па нейкіх ягоных гуллівых нотках адчуваю, што тут ёсць жанчына, і прыглядаюся ў паўзмрок, ці не Каця?

— Адбіліся, — кажу я.

Ад чорнай круглай грубкі, ля якой поркаюцца байцы, на мой голас павяртаецца нехта ў паўшубку. Сапраўды з-пад шапкі ўскідваюцца знаёмыя вочы Каці.

— А, младшой! А тут дружок ужо зусім нос павесіў. Думалі, хана табе.

Каця ўстае, і тады я бачу ў доле на разасланых шынялях Юрку. Ён ляжыць на спіне, без гімнасцёркі, па грудзях туга спавіты бінтамі, і ледзьве прыкметна спрабуе ўсміхнуцца мне куточкамі сваіх вуснаў.

На некага наступіўшы, не зважаючы на лаянку, я падаюся да сябра і нязграбна апускаюся ля яго на калена.

— Юра! Юр… Ну, як табе? Лягчэй? Га, Юрка?

Я ўзіраюся ў яго шэры, без адзінай крывінкі твар з вострым, нейкім не Юркавым носам. Без адказу адчуваю, справа яго дрэнь. Блага Юрку! I нават яшчэ як блага!

— Так, нічога… Лягчэй… — шэпча вуснамі Юрка.

У яго зацененых вачах на секунду загараецца радасць, якая, аднак, зараз жа і гасне. Я ўсё гэта бачу. Я разумею… і я хачу яго падбадзёрыць:

— Знаеш, адбіліся! Танкі падышлі. А то былі б нам канцы. Цяпер мы цябе ў шпіталь. У першую чаргу, — кажу я, верачы, што адпраўлю яго. Цяпер я ўжо дамагуся. Але тут побач нехта недаверліва сапе:

— Глядзі, адправіш! На самалёце хіба?

— Чаму на самалёце? — няўцямна пытаюся я, і раптам гэтая рэпліка мяне насцярожвае. Я павяртаю голаў — пад сцяной ля самых дзвярэй з вінтоўкаю між каленяў сядзіць ды смокча цыгарку нейкі баец. I побач (глядзі ты: зноў тут як тут!) дрэмле мой немец.

— Чаму самалётам? — падазраючы нядобрае, пытаюся я. — Машынай, падводай адправім. Бачыце, цяжкапаранены?!

— Гм!.. Мы-то бачым. А вось ты…

— А што? Што я не бачу?

Я ўжо гатовы ўзарвацца, бо стрыманасці мне не хапае, не трываюць нервы. Што тут яшчэ здарылася?

— Трапілі, во што. Між молатам і кавадлам…

— Ну ты там! — строга раздаецца з кута ад стала знаёмы голас. — Пракрашчай разгаворчыкі!

Ну, вядома, тут і капітан Сахно… У цёмным куце. Яго адсюль амаль не відаць, — ён жа, мусіць, бачыць усіх. I нешта ён тут дужа па-начальніцку прыкрыквае — мусіць, старшы па званню. Як ад болю, сцяўшыся ад нядобрага прадчування, я пазіраю то на яго, то на байца ля парога. Але той змаўкае і толькі падміргвае мне адным вокам:

— Паняў?

Так, зразумеў. Ведама ж, няхітрая справа зноў трапіць пад удар, калі ў тыле чорт ведае што. Чаго тут чакаць, апроч як удару, акружэння, разгрому. Але ж ёсць і нашыя танкі. Гэта ім не сорак першы год. Не, мабыць, панікаваць яшчэ рана. Яшчэ пабачым, хто трапіць на кавадла…

— Ладна, годзе вешаць насы, — кажа Каця, прабіраючыся ад дзвярэй. Яна нясе кацялок з гарачай вадой. З-пад вечка густа ідзе пара. — На во, напаі гарачым. Ды сагрэць яго трэба. Ану, славяне, у каго кажух лішні? — гукае яна да параненых. — Тут цяжолага сагрэць трэба.

— Бяры мой, — чуецца ў цемры. — Усё роўна не ўсцягну. Толькі во рукаў адарваны.

— Ладна, давай.

Нехта з забінтаваным плячом падае ёй паўшубак. Каця клапотна ўхутвае ім Юрку. Затым я, разліўшы трохі вады, паю сябра. Яго сцятыя зубы ціха лязгаюць па алюмініевым краі кацялка. Напіўшыся, Юрка часта ды трудна дыхае.

— О так… Цяпер лепей…

— Ну і добра, — кажа Каця. — Сагрэйся і засні. Сон лечыць лепш за прафесара.

— Ладна. Дзякуй… — шэпча Юрка, і ягоныя пасінелыя вейкі знямогла заплюшчваюцца. Каця павяртаецца да мяне:

— А як твая нага, младшой? Ану, пакажы. — Яна рашуча і бесцырымонна лапае маю бедалагу-нагу і сварыцца: — Гэта называецца перавязка! Паглядзі, што тут у цябе робіцца!..

Я і сам ведаю, што там робіцца. Бінты мае раскіслі ад снегу, спаўзлі, разматляліся. Усё там скрываўленае і мокрае. Хваравіта-чуйная да цвёрдых Каціных рук, нага, мусіць, яшчэ і памарожана. Пальцы, здаецца, зусім ужо анямелі. Каб не перажываць залішне, я, сцяўшы зубы, адварочваюся. Насупраць пад сцяной сядзіць «мой» немец. Трымаецца ён ціха, нават баязліва, з пакорай на твары. На ягоных плячах усё той жа шынялёк, на галаве казыркастая шапка. Рукамі ён ашчапервае калені і быццам дрэмле. Ягоны канваір ля парога, зарослы шчаціннем дзядзька, дакурвае цыгарку, і нехта са змроку просіць:

1 ... 50 51 52 53 54 55 56 57 58 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)