У капцюрох ГПУ
- Автор: Олехнович Франтишек
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-01311-1
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «У капцюрох ГПУ». Краткое содержание книги:
— Мае порткi ня маюць нiводнага гузiка!
— Гэтая кашуля зацесная для мяне! Ня лезе… Давай другую!
— Бяры, што даюць, i пайшоў вон!
На вастрожнай плошчы сустракаюцца нейкiя дзьве жанчыны. Твары падмазаныя, вусны памаляваныя кармiнам. Адна мае на нагах выкрыўленыя вастрожныя боты, другая — латаныя зiмовыя валенкi, якiх яшчэ не пасьпела здаць у капцёрку.
— Ах, якi ў вас, панiчка, харошы бушлацiк! Як добра ляжыць на вас! Якiм парадкам ён гэтак добра падагнаны?
— Перароблены.
— Самi перараблялi? сваймi рукамi?
— Не. Маю краўчыху. Мая суседка, сьпiць на суседнiх нарах.
— А! Трэба будзе зь ёю пазнаёмiцца. Цi шмат бярэ?
— Не, ня дорага. Я дакляравала ёй чвэртку кiлё цукру, як будзе пасылка ад мужа.
— О, гэта запраўды ня дорага. Даражэнькая! Пазнаём мяне зь ёю.
Дзьве падмазаныя жанчыны ў шэрых вастрожных вопратках вядуць гутарку, як быццам дзьве сьвецкiя дамы, якiя раяцца, якой краўчысе даць шыць веснавы касьцюм…
Праходзiць мiма нехта ў даўгой шынэлi.
— Гэта што за гутаркi! Чаму не на рабоце? Хто звольнiў?
«Дамы», нiчога не адказваючы, бягуць да працы: адна — бульбу перабiраць у лягернай кухнi, другая — у прачкарню.
Рэлiгiйныя справы
Да 1928 г. на Салоўках былi два памешчаньнi, дзе раз на тыдзень дазвалялi адпраўляць набажэнствы: у вадным праваслаўным сьвяшчэньнiкам, у другiм — каталiцкiм ксяндзом. Гэты быццам-бы касьцёльчык каталiцкi прадстаўляў невялiкую будынiну ў лесе, у вадлежнасьцi аднаго кiлёмэтра ад цэнтралi лягеру — Крамля, i ня мог зьмясьцiць усiх, хто жадаў памалiцца.
Старыя-ж салавецкiя цэрквы былi пераробленыя на вязьнiцы. Замiж дакляраваных школаў[16] — салавецкiя вастрожныя кашары, у якiх жыцьцё вучыла нас вялiкае праўды, што бальшавiкi ўмеюць абяшчэсьцiць усё сьвятое, Нават самае слова «таварыш», якое заклiкае да брацтва i навязвае сардэчнасьць памiж людзьмi аднае iдэi, аднае працы, аднае долi, — i яно будзiць сяньня ў кажнага, хто не заражаны камунiзмам, прыкрае пачуцьцё агiды. Так гэтае прыгожае слова апаганена, збэшчана вуснамi бальшавiкоў.
У 1928 г. набажэнствы былi забароненыя. Мала таго. Усiх каталiцкiх ксяндзоў i праваслаўных сьвяшчэньнiкаў перавялi ў 14-ю карную роту: i гэтага мала. У iх зрабiлi рэвiзiю i адабралi малiтоўнiкi, сьвятыя абразкi, крыжы. Раней папоў i ксяндзоў прызначалi на лягчэйшыя работы: за старажоў, кiраўнiкоў вастрожнае гаспадаркi, — наагул, на такiя становiшчы, дзе патрэбны людзi сумленныя, якiм сьмела можна даверыць лягерную маемасьць.
Цяпер, сканцэнтраваўшы iх у карнай роце, выслалi на абток Анзэр, дзе пасадзiлi ў фiлii «Галгофа». Назоў добра адпавядаў iхнай долi. Анзэрская «Галгофа» была для iх запраўднай Галгофай. Тутака прымушалi iх працаваць непасiльна, адначасна зьмяншаючы паёк. Тут зьдзеквалiся над iмi i наругалiся на ўсе лады.
Толькi ў 1932 г. камандыроўка «Галгофа» была зьлiквiдавана, i ксяндзоў з папамi парасьцярушвалi па iншых аддзелах лягеру.
На Салоўках сярод палiтычных вязьняў (контррэвалюцыянэраў) быў надта вялiкi працэнт людзей рэлiгiйных.
Крымiнальны элемэнт — зладзеi, душагубы, бандыты, прастытуткi — блiзу ўсе былi бязбожнiкi. Iхная гутарка ўсьцяж перасыпаецца асаблiвай маскоўскай лаянкай, у якой зневажаецца памяць маткi. Кажучы, быццам гэтая лаянка сягае часоў татарскае няволi i была ўжываная наезьнiкамi. Тады яна мела, прынамсi, нейкi сэнс, бо калi й не адпавядала запраўднасьцi, дык мела на мэце зьняважыць нявольнiка. Цяпер гэтая агiдная лаянка мае гэткi агульны й асаблiвы характар, што часта два прыяцелi, доўга ня бачыўшыся, лаюцца пры спатканьнi ад радасьцi. Бо ўся справа ў тоне. Калi лаюцца з пагрозай, тонам зачэпным — дык гэта знявага. Калi-ж тон прыязны ды яшчэ зь мiлай усьмешкай, лаянка гэтая можа быць выяўленьнем радасьцi, i зьдзiўленьня, i захапленьня.
Рэвалюцыя перарабiла гэтую лаянку на агiдную абразу Бога. Нават форма яе вельмi хутка прышчапiлася й блiзу ня зыходзе з вуснаў савецкага зброду[17]. У гэткiм асяродзьдзi, сярод бязбожнiцкiх выкрыкаў, шапочуць свае малiтвы тыя, хто верыць у Бога.
Узгадаваньне
Савецкiя вастрогi шмат аддаюць увагi на «ўзгадаваньне» вязьня. Бо мэтай трыманьня ў вастрозе мае быць ня кара, але паправа.
Галоўную ўвагу аддаюць на «ўзгадаваньне» сацыяльна блiзкiх — гэта значыць — злодзеяў, душагубаў, бандытаў i да г. п. крымiнальных злачынцаў. Бо яны быццам зьяўляюцца ахвярамi старога капiталiстычнага ладу, а новы сацыялiстычны лад стаўляе сабе за заданьне лiквiдацыю сумнае спадчыны мiнулых часоў.
Дзеля «ўзгадаваньня» служаць: 1) лекцыi «палiтграматы» — нiбы свайго роду савецкага катахiзму; 2) узгадавальныя ўплывы; 3) сьценгазэты; 4) «красные уголки» (чырвоныя куткi) i 5) кiно, клюбы, розныя лекцыi, тэатральныя паказы i да г. п.
16
…«Церкви переделаем на школы»… — Ленин.
17
Гэта было напiсана пасьля майго павароту з катаргi. Цяпер, у 1941 г., пабачыўшы бальшавiкоў у Вiльнi, я заўважыў з гэтага боку прогрэс. «Матерщину» даводзiлася чуць надта рэдка. Ф. А.