Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Вёска. Нічые. Рэвізія - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вёска. Нічые. Рэвізія

Электронная книга - «Вёска. Нічые. Рэвізія». Краткое содержание книги:

Аповесці Нічые, Вёска і раман Рэвізія, што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
1 ... 49 50 51 52 53 54 55 56 57 ... 198
Перейти на страницу:

— А что это вы мне прислали? — яна працягнула Антону раскрыты канверт, адкуль выглядаў ражок яго ліста... рэктару. — Мне это вовсе не нужно. Это в Минск нужно, — пацяшаючыся, усё дабівала яго харошанькая дырэктарка.

Трэба ж — ён умудрыўся пераблытаць адрасы на канвертах! Во здзівяцца ў Мінску, атрымаўшы пісьмо з табліцаю, колькі чалавек у жніўні месяцы збіраецца наведаць нейкую Двароўскую бібліятэку, якія іх чакаюць кніжныя выстаўкі і іншыя культурныя мерапрыемствы...

Васкевічу, аднак, зусім не было смешна. Ён яшчэ больш уверыўся — не лёс яму вырвацца адсюль. Ён паспрабаваў, паварушыўся — і нічога не атрымалася. Значыць, не лёс.

Пасля хваробы матка ўжо не адганяла сына ад работы, і Васкевіч пачаў хадзіць у бібліятэку праз дзень, праз два. Дзядзька Мікола за тое, што Антон памагаў яму касіць, выпісаў ім у лясніцтве бясплатна машыну дроў, сам парэзаў іх бензапілою, і цяпер Антон днямі калоў за хатай роўныя, нятоўстыя сасновыя і альховыя круглякі.

Аднойчы, гадзін у дванаццаць дня Антон насіў з пожні ў хлеў, на ток, снапкі аўса, і пачуў, як маці на двары гучна гаворыць з кімсьці. Потым пазвала яго. Ён разуўся, вытрусіў з кедаў пацяруху і басанож, разораю пайшоў на двор. З малінніка з трэскам вылез кот-сібірак і пайшоў следам.

— Ты мо галодны, сынку? — ласкава сустрэла яго маці, і яго аж кальнула ў сэрца — зноў нехта памёр!

— Ідзі супчыку паеж, ды паглядзі целявізар... Бо Маня казала, чула па радзьве, што ў Маскве — цэлая буча!

Васкевіч кінуўся ў хату, уключыў тэлевізар, радыё. Радыё маўчала, па тэлевізары якраз перадавалі аб’яву, што Прэзідэнт хворы і ўлада пераходзіць да ГКЧП. Васкевіч слухаў і нічога не разумеў. Стомленыя рукі і ногі нылі, цела свярбела ад пацярухі — якая «буча», пры чым тут што... Наліў супу, паеў перад тэлевізарам. «Як гэта адаб’ецца на мне? — думаў, слухаючы. — Ай, чорт — ды ніяк! Што з мяне можна ўзяць? Ну, выгнаць яшчэ і з бібліятэкі. А можа, наадварот, разбяруцца, узновяць у інстытуце, і прабачэння папросяць? А рэктара з дэканшай турнуць? Во было б здорава».

Увайшла маці:

— Ну, што ты тут выслухаў?

— Нічога, я нічога ў гэтым не разбіраюся.

— А мо, слава Богу, і лепей нешта будзе... Як тая Маня кажа. Раней, пры камуністах, усё было: і гарэлка, і цукеркі такія падушачкі... А то зрабілі. Яны ж перш хацелі толькі перастройку, а зрабілі гласнасць! А мо цябе вернуць, дасць Бог, у інстытут, — разважала сама з сабою маці.

Антон не хлусіў ёй, ён праўда не разбіраўся, што робіцца. Дый тэлевізар раптам заміргаў, а потым і зусім засняжыў чыстым экранам.

Той дзень быў самы звычайны, летні, спякотны, і таксама, як і заўсёды, вяскоўцы рабілі сваю летнюю работу. Але проста ў паветры адчувалася напружанасць — бы ў чаканні вялікай, небывалай навальніцы пасля душнай спёкі. Раніцай другога дня Васкевіч адразу з ложка кінуўся да тэлевізара, уключыў. Слухаў — «к сожалению, пролилась кровь», «человеческие жертвы» — і адчуваў, як з кожным словам дыктара ў сэрца запаўзае не проста трывога, а страх, жах. Перад вачыма паўстала жудасная мясарубка, танкі крышаць, давяць гусеніцамі сотні, тысячы людзей на Краснай плошчы, у цэнтры Масквы... Успомнілася, як у арміі расказваў адзін хлопец пра свайго бацьку-танкіста, які «подавлял мятеж» у Венгрыі: «Ручкі дзіцячыя з гусеніц выкалупвалі!»

«Гэта грамадзянская вайна! — думаў Васкевіч. — Несумненна. І гэта народ Талстога, Дастаеўскага, Чэхава! Вечна нешта дзеляць, вечная крыважэрнасць — дзікія, дурныя маскалі, прасці Госпадзі!»

Антон пайшоў у Двароўку і ў бібліятэцы да самага вечара слухаў «Сокал».

Раніцай трэцяга дня маці вярнулася з магазіна радасная, узбуджаная:

— Закруцілі бучу ды толькі людзей пабілі, што б на іх!..

— А хто закруціў? — зацікаўлена спытаў Антон.

— Камунякі! — урачыста, смела, упэўнена адказала маці.

У Васкевіча вылезлі на лоб вочы. Ну, калі ўжо яго маці такое кажа... Цікава, каго ж яна цяпер лічыць вінаватым у яго выгнанні?

На працягу колькіх дзён пасля путча, праглядаючы газеты, слухаючы «Сокал», Васкевіч не змог утрымацца, каб зноў не дастаць свой сшытачак (а з кім яшчэ ён мог пагаварыць, як не з папераю?):

«Мае вяскоўцы любяць моцных, пераможцаў. Паўсюль адчуваецца злоба, пагарда да «камуністых», якія ўсё ў свой час заварылі, завалілі і вось, гэтым путчам, так бяздарна давялі ўсё да канца. «Поделом» вам, не прайгравайце! Пераможаных не любяць...

А зрэшты, мне то што? Хай яны там хоць перашалеюць усе.

Самае цікавае: учора, 24 жніўня, прыязджаю ў горад. Бібліятэка знутры замкнутая, на дзвярах цыдулка: «Мы на гражданской панихиде». Уся сярэдзіна ва мне затрымцела — што такое?! Хто памёр?! Госпадзі, толькі б не Валянціна Мікалаеўна!.. Сеў каля ганка на лавачцы, настроены прасядзець тут хоць да вечара, а дачакацца кагосьці і даведацца, што здарылася. Але тут мяне ўбачылі з бібліятэкі, пастукалі ў шыбіну. Адчыніла дзверы загадчыца чытальнай залі. Я ўстрывожана спытаў, што за паніхіда — як на духу, ні пра што не здагадваючыся.

1 ... 49 50 51 52 53 54 55 56 57 ... 198
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)