Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Культурология » Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум
Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум

Электронная книга - «Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум». Краткое содержание книги:

Кніга арыгінальная і па змесце, і па форме. Яна складаецца з 12 нарысаў, аб’яднаных тэмай усходняга, так званага «жывёльнага», календара. Але цікавіць аўтара не столькі кітайскі менталітэт, колькі сувязь культур, стаўленне славян да адпаведных жывёл-сімвалаў, праз ацэнку якіх лепш пазнаюцца еўрапейскія этнасы. Кожны артыкул кнігі ўяўляе сабою культуралагічнае эсэ, насычанае выключна багатай і малавядомай шырокай публіцы інфармацыяй. Пры тым, што ўсе артыкулы чытаюцца надзвычай лёгка, стылёва яны выглядаюць па-рознаму: у адных больш навуковасці, у другіх — філасафічнасці, трэція прасякнуты лёгкім гумарам. Каштоўнасць працы — у выказаных аўтарам шматлікіх гіпотэзах, цікавых дапушчэннях, што тычацца міфалагічнай спадчыны еўрапейскіх і азіяцкіх народаў, у праведзеным тыпалагічным аналізе, у шырокім прыцягненні фактаў з гісторыі літаратуры і мастацтва. Кніга разлічана на школьнікаў, студэнтаў, выкладчыкаў, на ўсіх, хто цікавіцца міфалогіяй, старажытнай і сучаснай культурай народаў свету.
1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 62
Перейти на страницу:

Некаторыя законы фізікі і біяфізікі, што ляжаць у аснове гэтых працэсаў, якія мы пакуль выкладаем на мове хутчэй міфалагічнай, чым навуковай, ужо адкрыты даследчыкамі. Так, даказана, што самыя эфектыўныя лекары — менавіта сабакі. Прысутнасць сабакі ў доме амаль напалову зніжае небяспеку інфаркту ў гаспадароў. Кошкі — таксама: кладуцца на хворае ў чалавека месца. Але сабакі, у адрозненне ад катоў, лечаць дыстанцыйна, забіраюць адмоўную энергію. Акадэмік РАН А. Скаржынскі многія гады вывучае ўздзеянне сабак на людзей. Ён тлумачыць станоўчы эфект тым, што частотныя параметры біяэнергетычных патэнцыялаў людзей і сабак блізкія паміж сабою. Таму сабакі і лечаць, таму яны і сябры чалавека. Але ці выпрацавалася гэта ў працэсе сумеснага жыцця, ці было напачатку, таму і адбылося збліжэнне? А калі, як мы лічым, напачатку, то чаму так распарадзілася Прырода? Вось дзе галоўная загадка.

Магчыма, наблізіцца да разгадкі ўзаемнага сяброўства чалавека і сабакі дапамогуць міфалогія і фальклор: у іх зашыфраваныя шмат якія рэальныя гістарычныя звесткі.

Аўтары энцыклапедыі «Беларуская міфалогія» прыводзяць такое старажытнае паданне пра сабаку: Бог, стварыўшы чалавека, робіць сабаку вартаўніком апошняга. Але Бог стварыў чалавека без поўсці, голым, таму д’ябал, напусціўшы холаду, змог дабрацца да чалавека і нашкодзіць яму. А вось сабаку Бог падараваў поўсць [7, 443]. Ва Украіне такое ж паданне існуе ў вялікай колькасці варыянтаў. Вобраз сабакі ў міфалогіі незвычайны ўжо тым, што ён фігуруе ў шматлікіх сюжэтах, што распавядаюць менавіта пра стварэнне чалавека. Бог стварыў чалавека і сабаку з аднаго і таго ж матэрыялу. Гэта надзвычай важны момант: міф пацвярджае спрадвечную асаблівую блізкасць чалавека і сабакі, гаворыць пра тое ж, пра што і навука.

Праўда, ва Украіне, як, дарэчы, і на Беларусі, існуюць і дастаткова негатыўныя паданні не столькі пра сабаку, колькі пра яго сувязь з чалавекам. У прыватнасці, ствараючы Еву, Бог узяў з Адама рабро і паклаў сушыцца. Сабака схапіў костку і пачаў грызці. Анёлы ледзь адабралі недагрызенае рабро. Таму зрэдку жанчыну называюць «сабачым недагрызкам» [35, 264].

Тым не менш, ва ўсіх паданнях ды апокрыфах сабака спрадвек — з моманту ўтварэння чалавека — прысутнічае побач з людзьмі. Адначасова міфы фіксуюць асаблівую блізкасць сабакі да Бога (Вышэйшага Свету). Можа, таму рымскі пісьменнік Плутарх лічыў, што сабака ўвасабляе філасофскі пачатак у свеце. У некаторых міфалагічных сістэмах (амерыканскіх індзейцаў, плямёнаў астравоў Мікранезіі) сабака — татэмны продак і дэміург-культурны герой. У прыватнасці, ён з’яўляецца вынаходнікам агню і даруе яго чалавецтву, набываючы функцыі нават больш шырокія, чым тыповы культурны герой — грэчаскі Праметэй, які ўсяго толькі ўкраў божаскі агонь і прынёс людзям.

У скандынаўскага вярхоўнага бога Одзіна два сабакі і два вораны жывуць як дарадчыкі. У сібірскім шаманізме сабака — пасланец духаў лесу, што блізка да тэорыі нашага сучасніка вучонага Т. Эндруса.

Сабака ёсць і на небе — адна з самых яркіх зорак Сірыус. У Старажытным Егіпце з’яўленне Сірыуса на небасхіле папярэднічала штогадоваму разліву Ніла, ад якога залежыў ураджай, і якраз з гэтай падзеі пачынаўся егіпецкі Новы год. Яе чакалі, да яе рыхтаваліся. У свядомасці людзей утварылася сувязь паміж свяшчэннай зоркай, што папярэднічала разліву, і сабакам, што звычайна сваім брэхам папярэджваў пра чыё-небудзь з’яўленне. Магчыма, таму Сірыус (Соціс) назвалі Сабачай зоркай ці, больш дакладна, «Зорным Сабакам». Менавіта з гэтай зоркай егіпцяне звязвалі паходжанне сваёй цывілізацыі — адтуль, як быццам, прыляцелі.

У Кітаі і Японіі сабакі — сімвалы абароны. У зорным задыяку азіятаў сабака, на нашу думку, ахоўвае ўсіх астатніх каляндарных жывёл.

У Персіі сабака таксама быў свяшчэннай істотай. У рэлігійнай кнізе зораастрызму «Авесце» ёсць нават такі выраз: «Розумам сабакі трымаецца свет».

Некаторыя расійскія даследчыкі (напрыклад, В. Калашнікаў), паўтараючы заходніх, гавораць пра магутную цывілізацыю мудрых змеяў-цмокаў (драконаў), якія паступова выміралі (але існавалі ў асобных экземплярах нават у гістарычную эпоху) і былі заменены такімі самымі мудрымі ваўкамі і сабакамі [45, 24]. Безумоўна, гаворка ідзе пра міфалагічных істот, хоць не выключана захаванне дыназаўраў ці, як пісалі летапісы, «каркадзілаў» у глухіх месцах Еўразіі, у тым ліку, паводле сцвярджэння акадэміка Б. Рыбакова, у балотах Палесся. А ў міфалагічнай свядомасці, на нашу думку, захавалася ўяўленне пра пераемнасць цывілізацый, пра нейкую роднаснасць змеяў і ваўкоў. Так, першапродак сербскага народа называўся Змей Агнявы Вук (Воўк). Наш Усяслаў Чарадзей, што лічыўся ваўкалакам, нарадзіўся, паводле падання, ад Агнявога Цмока. Ніхто з даследчыкаў, здаецца, яшчэ не звярнуў увагу на тое, што ў чарадзейных казках сабакі (хорты) вельмі часта суправаджаюць цмокаў, падказваючы апошнім стратэгію дзеянняў. Атрымоўваецца, што прадстаўнікі маладой культуры — сабакі — разумнейшыя за дэградантаў заняпалай, адміраючай цывілізацыі драконаў, хоць у Кітаі драконы і сёння лічацца вышэйшымі істотамі.

1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 62
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)