Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 147
Перейти на страницу:

— Вы хто такі? — першым ачомаўся Альшанскі.

— А ці не ўсё адно?

— А нашто вы гэта робіце?

— А будзе харошая ілюстрацыя на тэму: «Правілы і нормы сацыялістычнага супольнага жыцця ў Альшанскім наваколлі».

І я шчоўкнуў яшчэ і мур з юнакамі на ім.

— Гэй! Гэта яшчэ нашто? — крыкнуў здалёк старшыня Альшанскі.

— Я Антон Косміч. Прыехаў даследаваць Альшанскі замак і касцёл. Маю адносіны да арганізацыі па ахове помнікаў, між іншым, і гэтага вось вашага замка. Застаў прыемную карціну разбурэння. І «запечатлел». Да ведама сучаснікаў і на памяць нашчадкам. Удзячным нашчадкам.

Дзеці вакол Шаблыкі зарагаталі. І гэты смех вывеў старшыню з цярпення:

— Выньце плёнку.

— І не падумаю.

Ён кінуўся да мяне з грацыяй і спрытам бегемота. За ім Ганчаронак і Высоцкі. За імі Змагіцель і Шаблыка.

— Падумалі б вы, Нічыпар Сяргеевіч, што гэта адна з прыкрас краю, — паказаў старшыні на замак Шаблыка.

— Ты мне радзіму за мой кошт не ратуй, — кінуў яму старшыня.

Да мяне падступілі Ганчаронак з Высоцкім:

— Ты… ты адкуль… — вось-вось узялі б загрудкі. У гэты момант чалавек у мучным пыле, з кепкай казырком назад і з поўным картэжам беспародных сабак наблізіўся да нас, прайшоў між нас, як разжараны нож праз брус масла, стаў і ўтаропіў дзікаватыя ўважлівыя вочы ў нашы абліччы. Разглядаў, лунатычна хілячы галаву то на адно плячо, то на другое, і вочы былі нерухомыя, і я заўважыў, як усе нібы звялі, апусцілі рукі і адсунуліся. Чалавек паглядзеў, пакруціў адмоўна галавою і адышоў крокі на чатыры.

— Н-не а. А? А-а-не! — ціха сказаў ён.

Спрэчка зноў была пачала разгарацца.

— Не смейце больш рабіць гэтага, — сказаў я.

— Хто гэта тут такі яшчэ? — падлез Ганчаронак.

— Змоўч, а то я табе.

— А вы не крычыце на мяне, як нейкі афрыканскі папуас, — налязаў ён.

— Новагвінейскі бушмен, — паправіў я.

Чым бы гэта ўсё скончылася — невядома. Але ў гэты момант ад мура даляцеў крык двух дзесяткаў галасоў. Туды спяшаліся дзеці, і мы таксама кінуліся туды.

На зямлі ляжаў, нязручна падкруціўшы левую руку, юнак год семнаццаці. Адзін з тых, што толькі-толькі былі наверсе і там дзяўблі ламамі. Гэты чарнявы юнак адзін з тых «кладзенцаў-гракоў», як іх справядліва называюць.

— Што з табой, Бронік? — з непрыхаванай трывогай спытаў Шаблыка.

— Разбіўся? — гэта старшыня.

— Здаецца, не, — юнак сеў, моршчачыся і падтрымліваючы правай левую руку.

— Вывіх, — сказаў Ганчаронак. — Пацягніце за руку.

— Не. — Шаблыка абмацваў хлопцаву руку. — Пералом. Хутчэй у бальніцу.

Ведаю, я рабіў жорстка, не па-чалавечы, але трэба было стрымаць тую малпу, якая вырашыла рабіць такое з замкам, ды яшчэ і з рызыкай. Ну а каб не рука, а шыя. І таму я шчоўкнуў і гэтую сцэну.

— Ну і вось, — ледзь не заплакаў Высоцкі, паказваючы на тое месца, дзе, відаць, хлопец пераламаў руку і дзе пінжак быў прадзёрты. — Во і пінжак раздзёр.

— Падумаеш, адзін пінжак, — з пагардай адказаў мужны Бронік. — Мне гэта ўсё адно як Радзівілу, калі б у яго ў адным з маёнткаў парсючок здох.

— Малі, хлопча, бога аб здароўі, бо маліць аб розуме табе позна, — сказаў я.

Старшыня, Ганчаронак і Высоцкі відавочна сабраліся пакінуць поле бою. Але кінуць яго без слова азначала прызнаць сябе пераможанымі.

Таму Альшанскі спытаў:

— Гэта вы хаця дзеля чаго здымалі?

— Бачыце, не так даўно быў «Фіціль» пра аднаго такога, — я сказаў гэта, хаця і ведаў, што кажу пустую пагрозу. — Магчыма, здымкі ў будучым і прыдадуцца.

— Выньце плёнку, — сказаў Ганчаронак.

— Вы, здаецца, не ахова, а гэта не нумарны завод, — адрэзаў я. — Выму. У цёмным пакоі з праявіцелем.

Чаму так — не ведаю. Але ніколі не бачыў я чалавека, які б так усхваляваўся.

— Вы…

— Адставіць, — сказаў старшыня. — Сапраўды, пагарачыліся. Што нам, клінам сышоўся для загона гэты замак? Дый чаму тут, сапраўды, гарэць? Словам, будзе загон. Гэй, спускайцеся адтуль! — паглядзеў на дзяцей, што сачылі за сцэнай, і прыбавіў спецыяльна для мяне: — А з вамі пагаворым…

— Так, — падхапіў Ганчаронак, — з вамі, што тут без году тыдзень, а падкопваецца пад аўтарытэт кіраўнікоў, мы яшчэ пагаворым.

— Ахвотна. Тым больш што найболей падкопваюць аўтарытэт кіраўнікоў такія, як вы.

Альшанскі, відаць, хацеў быў вылаяцца, але махнуў рукой.

Яны пайшлі, і тут нечакана загаласіў ім услед чалавек ў кепцы задам наперад:

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)