Рускія народныя казкі
- Автор: Афанасьев Александр Николаевич, Нечаев Александр Николаевич
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- Переводчик: Алесь Іванавіч Якімовіч
- Жанр: Сказки народов мира
Электронная книга - «Рускія народныя казкі». Краткое содержание книги:
чарадзейныя і бытавыя казкі, казкі пра жывёл.
Баба-яга ўзяла жабку-скакуху, паляцела дадому. Надаіла малака ў гаршчок, пасадзіла туды жабу і ранічкай пабудзіла Андрэя.
— Ну, зяць дарагі, адзявайся, вазьмі гаршчок з сырадоем, у малацэ — жаба, ды садзіся на майго каня, ён цябе завязе да вогненнай ракі. Там каня кінь і даставай з гаршка жабу, яна табе скажа.
Андрэй адзеўся, узяў гаршчок, сеў на каня бабы-ягі Доўга ці не — конь дамчаў яго да вогненнай ракі. Цераз яе ні звер не пераскочыць, ні птушка не пераляціць.
Андрэй злез з каня, жаба яму кажа:
— Дастань мяне, добры малойца, з гаршка, трэба нам цераз раку перабрацца.
Андрэй дастаў жабу з гаршка і пусціў на зямлю.
— Ну, добры малойца, цяпер садзіся мне на спіну.
— Што ты, бабуся, ты ж гэткая маленькая, я ж цябе задушу!
— Не бойся, не задушыш. Садзіся ды трымайся мацней.
Андрэй сеў на жабу-скакуху. Пачала яна надзімацца. Надзімалася, надзімалася — зрабілася быццам капа сена.
— Ці моцна трымаешся?
— Моцна, бабуся.
Зноў пачала жаба надзімацца — зрабілася яшчэ большай, нібы стог сена.
— Ці моцна трымаешся?
— Моцна, бабуся.
Зноў яна надзімалася, надзімалася — зрабілася вышэйшай за цёмны лес, ды як скочыць—і пераскочыла цераз вогненную раку; перанесла Андрэя на той бераг і зрабілася зноў маленькай.
— Ідзі, добры малойца, па гэтай сцяжынцы. Убачыш будыніну, хату—не хату, хлеў — не хлеў, заходзь туды і станавіся за печчу. Там знойдзеш тое — не ведаю, што такое.
Андрэй пайшоў па сцяжынцы, бачыць: старая хата — не хата, тынам абгароджана, без акон, без ганка. Ён туды зайшоў і схаваўся за печчу.
Вось праз нейкі час застукала, загрукала па лесе, і заходзіць у хату мужычок, сам з кокаць, барада з локаць, ды як крыкне:
— Гэй, сват Навум, есці хачу!
Толькі крыкнуў, ні адсюль ні адтуль з'явіўся стол накрыты, на ім піва бочачка ды бык засмажаны. Мужычок, сам з кокаць, барада з локаць, сеў каля быка, дастаў нож востры, пачаў мяса наразаць, у часнок мачаць, есці ды пахвальваць. Ацерабіў быка да апошняй костачкі, выпіў цэлую бочачку піва.
— Гэй, сват Навум, прыбяры аб’едкі!
I раптам стол прапаў, як і не было: ні касцей, ні бочачкі.
Андрэй дачакаўся, калі пойдзе мужычок, сам з кокаць, барада з локаць, выйшаў з-за печы, набраўся смеласці і паклікаў:
— Сват Навум, пакармі мяне!
Толькі паклікаў, ні адсюль ні адтуль з'явіўся стол, на ім розныя стравы, закускі і заедкі, віно і мёд.
Андрэй сеў за стол і кажа:
— Сват Навум, садзіся, браце, са мною, будзем есці-піць разам.
Адказвае яму нябачны голас:
— Дзякуй табе, добры чалавек! Столькі гадоў я тут служу, гарэлай скарынкі не бачыў, а ты мяне за стол пасадзіў.
Глядзіць Андрэй і дзівіцца: нікога не відаць, а
стравы са стала нібыта хто мяцёлкай змятае, віно і мёд самі ў чарку наліваюцца — чарка скок, скок ды скок! Андрэй просіць:
— Сват Навум, пакажыся мне.
— Не, мяне ніхто не можа бачыць: я тое — не ведаю, што такое.
— Сват Навум, хочаш у мяне служыць?
— Чаму не хацець! Ты, бачу я, чалавек добры.
Вось паелі яны, Андрэй і кажа:
— Ну, прыбірай усё ды пойдзем са мною.
Выйшаў Андрэй з хаткі, азірнуўся:
— Сват Навум, ты тут?
— Тут. Не бойся, я ад цябе не адстану.
Дайшоў Андрэй да вогненнай ракі, там яго жаба чакае:
— Добры малойца, знайшоў тое — не ведаю, што такое?
— Знайшоў, бабуся.
— Садзіся на мяне.
Андрэй зноў сеў на яе, жаба пачала надзімацца; надзьмулася, скокнула і перанесла яго цераз вогненную раку.
Тут ён жабе-квакусе падзякаваў і пайшоў дарогай-пуцявінай у сваё царства. Ідзе, ідзе, азірнецца:
— Сват Навум, ты тут?
— Тут. Не бойся, я ад цябе не адстану.
Ішоў, ішоў Андрэй, дарога далёкая — прытаміліся яго шустрыя ногі, абвялі яго белыя рукі.
— Эх,— кажа,— да чаго ж я змарыўся!
А сват Навум яму:
— Чаму ж ты мне даўно не сказаў? Я ж бы цябе як бачыш на месца даставіў.
Падхапіў Андрэя магутны віхор і панёс — горы і лясы, гарады і вёскі так унізе і мільгаюць. Ляціць Андрэй над глыбокім морам, і зрабілася яму страшна:
— Сват Навум, перадыхнуць бы!
Вецер адразу паслабеў, і Андрэй пачаў апускацца на мора. Глядзіць — дзе шумелі адны сінія хвалі, з'явіўся астравок, на астраўку стаіць палац з залатым дахам, навокал сад цудоўны...
Сват Навум кажа Андрэю!
— Адпачывай, еш, пі ды на мора паглядвай. Будуць плыць міма тры купецкія караблі. Ты купцоў запрасі ды пачастуй як след — у іх ёсць тры дзівосныя рэчы, Ты мяне памяняй на гэтыя рэчы — не бойся, я да цябе назад вярнуся.