Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі
Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі

Электронная книга - «Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі». Краткое содержание книги:

Жыцьцё полацкай акругі 1941–1944 гг. ва ўспамінах расейскага нацыяналіста-калябаранта.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 30
Перейти на страницу:

У цэнтры эканамічнай зацікаўленасьці народу была зямля і вольны гандаль; зямля, безумоўна, найперш. Калі мясцовыя сяляне, мабілізаваныя бальшавікамі перад самым прыходам немцаў, праходзілі ўжо ў якасьці ваеннапалонных па вуліцах гораду ды сустракалі вачыма знаёмых ды сваякоў, яны, зусім забыўшыся пра свой уласны цяжкі стан, на ўвесь голас крычалі: «Што вы тут стаіцё бяз справы? Хутчэй бяжыце дамоў, дзяліце зямлю! А мы пакуль што будзем разам зь немцамі дабіваць Сталіна!»

Упэўненасьць у тым, што калгасы будуць ліквідаваныя зараз жа, а ваеннапалонным дадуць магчымасьць узяць удзел у вызваленьні Расеі ад бальшавікоў, была на першых часах усеагульнай і бязьмежнай. Інакш найбліжэйшай будучыні ніхто й не ўяўляў. Усе чакалі мабілізацыі мужчынскага насельніцтва ў войска (бальшавікі не пасьпелі мабілізаваць усіх); сотні заяваў аб прыёме добраахвотнікаў пасылаліся ў ортскамэндатуру, якая яшчэ не пасьпела агледзецца на месцы.

Франтавыя часткі немцаў былі добра забясьпечаныя ўсім неабходным; яны, як зазвычай, не рабавалі і ня крыўдзілі мясцовага насельніцтва. Гэта спрыяла самаму добраму ўражаньню. Давер да немцаў падвышаўся і тымі акалічнасьцямі, што спачатку яны ахвотна выпускалі на волю ваеннапалонных: мясцовых — дахаты, а прыбышоў — калі нейкая мясцовая сям’я ці самотная жанчына згаджалася ўзяць палоннага «ў прымы».

На немцаў у той час яшчэ амаль ніхто не пазіраў як на ворагаў: відавочным ворагам быў толькі Сталін, партыйцы ды камсамольцы, якія спалілі горад.

Аднак добры настрой трымаўся нядоўга. Адборныя вайсковыя нямецкія часткі пайшлі далей, пачалося «спакойнае» новае жыцьцё, настрой у людзей больш ня лепшаў, а, наадварот, пачаў горшаць. Немцы ня спраўдзілі ніводнай мары, ніводнага законнага спадзяваньня мясцовага насельніцтва: яны ўвесь час займаліся такімі рэчамі, якіх аніяк немагчыма было зразумець нармальнаму чалавеку. І ўжо адно тое, што зразумець іх было немагчыма, прымусіла людзей насьцярожыцца ды западозрыць нешта нядобрае.

Пачалося ўсё з «пакліканьня бальшавікоў на царства», як казаў адзін зь мясцовых сьвятароў. Затым, пры дапамозе тых самых бальшавікоў, што занялі ўсе кіраўнічыя пасады ў гарадзкой паліцыі, пачаліся страшэнныя рэпрэсіі ў дачыненьні да габрэйскага насельніцтва. Затым немцы не дазволілі сялянам падзяліць зямлю й фактычна захавалі калгасную сыстэму. Затым немцы адмовіліся дапусьціць народ хоць у нейкай ступені да вызваленьня сваёй уласнай краіны ад бальшавікоў. Затым яны чамусьці перасталі вызваляць палонных, а замест гэтага пачалі зьнішчаць іх гэтаксама, як і габрэяў. Затым у акупацыйнай зоне, як паказьнік найвышэйшага палітычнага глупства, былі ўведзены публічныя сьмяротныя пакараньні. Пералічваць астатняе, відаць, ня варта, бо ўсё іншае, нават надзвычай важкае, губляе сваю значнасьць побач з адзначаным вышэй. Да пералічанага трэба дадаць некаторыя тлумачэньні. Камуністы завалодалі адміністрацыйнымі ўстановамі без асаблівых цяжкасьцяў. Зусім згодна з прымаўкай: «Безь мяне мяне ажанілі». Як толькі немцы прыйшлі да ўлады, яны адразу выдалі распараджэньне, згодна зь якім усе былыя савецкія службоўцы ды рабочыя мусілі вярнуцца на працу. Такім простым чынам уся партыйная эліта аўтаматычна апынулася пры ўладзе. Пры гэтым ортскамэндант нават афіцыйна заявіў, што згодна зь нямецкім пунктам гледжаньня палітычныя меркаваньні — асабістая справа кожнага і ніякія заявы пра былую прыналежнасьць да палітычнай партыі немцамі разглядацца ня будуць. У прыватнай размове ён, аднак, выказваў трошкі іншае меркаваньне. Ён казаў: «Нам патрэбныя людзі, якія маюць досьвед кіраваньня народнымі масамі. У Расеі такімі людзьмі зьяўляюцца толькі камуністы. Мы ведаем, што гэта беспрынцыповы элемэнт: для іх ня мае значэньня, каму служыць, — служылі Сталіну, будуць служыць і нам». Сутнасьці справы гэта не мяняла.

Але калі прыход да ўлады камуністаў быў фактам пасіўным зь іх боку, гэта зусім не азначала, што, апынуўшыся наверсе, яны не захочуць ці ня змогуць арганізоўвацца далей згодна са сваімі прынцыпамі, а будуць аддана і добрасумленна служыць немцам. Насамрэч выходзіла якраз наадварот. Мы ўбачым далей, якія наступствы гэта мела для немцаў, для саміх партыйцаў і для шматпакутнага цывільнага насельніцтва.

Іншае, што было надзвычай цяжка зразумець з боку немцаў, была незразумелая ў сваёй жорсткасьці і бессэнсоўнасьці масавая расправа з габрэямі. Франтавыя часткі ня выказалі да габрэяў ні асаблівай цікаўнасьці, ні асаблівай варожасьці. Яны нават кармілі іх разам зь іншымі «цывілістамі» са сваіх паходных кухняў у першыя дні пасьля заняцьця гораду. І раптам, праз тры ці чатыры тыдні пасьля гэтага, як пярун зь яснага неба, зьявіўся загад аб стварэньні гета! І гэты загад, і ўсё тое, што адбылося пазьней, выклікала цэлую хвалю глыбокага непаразуменьня і нават адкрытага пратэсту з боку ўсіх колаў насельніцтва.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 30
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)