Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Дрыгва - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дрыгва

Электронная книга - «Дрыгва». Краткое содержание книги:

В 1933 году была напечатана повесть Якуба Коласа Дрыгва (Трясина), посвященная партизанской борьбе на Полесье во время гражданской войны. Повесть очень быстро стала одной из самых любимых книг белорусского читателя, особенно молодежи.
1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 90
Перейти на страницу:

Сабраўся Саўка ў дарогу, напусціў на сябе ваяўнічы выгляд і мнагазначна прайшоўся перад вокнамі войтавай хаты і яго прыяцеляў: няхай ведаюць, што ён выконвае свае абавязкі. I войт убачыў яго з двара і таксама мнагазначна кіўнуў яму галавою.

Саўка ідзе ў Вепры — з Вепраў пачне ён сваю работу. Сустракаючы сяго-таго з сваіх знаёмых, ён асцярожна заводзіць гутарку аб гэтай бядзе, што на людзей насунулася, аб тым, як цяжка жыць пад польскай акупацыяй.

— Куды, Саўка, ідзеш? — запытаюць яго.

Саўка нахмурыць бровы і грозна адказвае:

— Чалавеку цяпер адна дарога — у лес!

I скажа такім трнам, што ўсім становіцца ясна, чаго трэба чалавеку ў лес ісці.

— Охо-хо! — уздыхне толькі Саўкаў слухач.

I нічога дзіўнага няма: зусім слушна гаворыць Саўка, і яго словы разумеюць як заклік да паўстання. Людзі спачуваюць яму, а некаторыя нават папярэджваюць, каб ён асцерагаўся, бо можна лёгка папасціся. Саўка і сапраўды думае, што трэба асцерагацца.

Строга акрэсленага плана ў Саўкі няма. Ён накідаў толькі самыя агульныя абрысы яго, а рэшта — Саўка проста пакладаецца на шчаслівы выпадак. Вось чаму яго дзейнасць болей падпарадкуецца натхненню, чым папярэдняй прадуманасці, і калі Саўка выходзіў ужо з сяла, трымаючы кірунак на Вепры, і ў поле яго зроку трапіла хата дзеда Талаша, то ён рашыў не мінаць яе: ану ж, натрапіць на след старога паўстанца. Па істоце Саўка нічога не мае супраць дзеда Талаша і тых людзей, за якімі ўзяўся ён сачыць, ён глядзіць на іх як на сродкі да жыцця. Ён гатоў нават і спачуваць ім, але што ты зробіш, калі так збегліся акалічнасці?

Максім тупаў на двары. Тая бяда, што навалілася на дзедаву хату і яго сям'ю, здавалася, абмінула Максіма і не налажыла на яго свайго адбітка. Прынамсі, на Максімавым твары не заўважалася нічога такога, што сведчыла б аб згрызотах і трывогах душы. Але і не вечна ж заставацца твару адным і тым жа, а ў Максіма, быць можа, былі прычыны праясніць свой твар.

Максім трохі здзівіўся, убачыўшы на двары Саўку: такі рэдкі быў ён тут госць. Але Саўка як ні ў чым не бывала падышоў да Максіма, прывітаўся.

— Асірацеў ты, брат Максім, — пачаў гутарку Саўка.

— Выходзіць, што асірацеў.

Максім быў захоплен знянацку і не знайшоў болей трапнага адказу.

Саўка ж трымаўся ўзятага тону. Ён дакорліва патрос галавой.

— Вось, брат, часы насталі! Ні ў чым пэўнасці няма, і сам сабе не можаш быць гаспадаром. Я проста не ўрымшчуся. Месца сабе не знаходжу.

— А табе што?

Максім падумаў, што Саўку палякі пакрыўдзілі.

— Ну, як-та што? Ты ж думаеш, баліць толькі таму, каго за жабры ўзялі? Баліць і таму, хто змушан глядзець на ўсё гэта. Ведаеш жа, што робіцца. Не мне гаварыць табе пра гэта.

— Ну дык што? — і Максім недаверліва паглядзеў на Саўку.

— А тое, што сядзець не трэба ціха.

— А чаго ж ты сядзіш? — папікнуў Саўку Максім.

— Вось жа і не ўседзелася мне. Людзі ідуць у лес, і я іду туды.

Максім падазрона ўжо глянуў Саўку ў вочы.

— Ты, брат Максім, не ведаеш Саўку, але ты скора пачуеш пра яго, — развейваў Саўка Максімава падазрэнне.

— Ты гаворыш так, што цябе і зразумець трудна, — заўважыў Максім. У яго голасе ўсё ж адчувалася недавер'е да Саўкі. Гэта адчуў і Саўка.

— Ты хочаш сказаць — трудна паверыць? — запытаў Саўка і, не чакаючы адказу, дадаў:

— Скажу проста — іду, брат, партызаніць, з добрымі людзьмі скампанавацца хачу. Ды толькі ты — маўчок, ні гу-гу.

Максім пазіраў на Саўку шырока раскрытымі вачыма, а Саўка гаварыў далей:

— Табе я скажу, а другому не скажу, бо твой бацька герой. Чым я горшы за твайго бацьку? Чаму ён павінен партызанам быць, а я дома сядзець?

Максім затрывожыўся.

— Бацьку не даюць дома сядзець: яго ловяць, і ён мусіць хавацца, бо ў астрозе сядзець нікому ахвоты няма.

— Як за добрую справу, то і ў астрозе не шкада пасядзець. Але ты скажы — мне ты можаш сказаць праўду, — куды мне падацца, каб пабачыць твайго бацьку? А калі не яго, то Мартына Рыля ці каго-небудзь з іх?

1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)