Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
— Не, згуляю потым, — прамовіла яна ўслых, — трэба наведаць Бедалдая.
Алеолла выйшла са свайго пакоя — у калідоры нікога не было. Яна пайшла
па цёмнай галерэі. Раней ёй уяўлялася, што пакой Бедалдая дзесьці блізка, зусім побач, але па нейкай прычыне пакоя побач не аказалася. З кожным крокам Алеолла апускалася ва ўсё больш апраметную цемру. Часам ёй станавілася вельмі страшна, але яна ўсё ж ішла далей. З глыбіні пячоры даносіўся бесперапынны гул — гэта глыбока ў нетрах гары шумеў вадаспад. Ад сцен цягнула вільгаццю, пахла неабжытай пустэчай. Раптам на процілеглай сцяне праз глыбока-шэрую цямрэчу праступіла чорная размытая пляма. Алеолла спынілася і прымусіла сябе прыгледзецца ўважлівей.
— Што гэта за стварэнне падзямелля? — у дзяўчыны задрыжала сэрца.
Прывід не варушыўся і не расплываўся. Алеолла набралася мужнасці і паціху
падышла бліжэй.
— Сажа... Гэта сажа.
У нішы знаходзілася пагаслая нафтавая паходня, а над ёй — чорная пляма сажы. Яна здалёк нагадвала чорнае полымя альбо чорную здань.
— Вось і добра! — сказала Алеолла. — З паходняй я змагу прайсці далей.
Дзяўчына выцягнула яе з нішы, вярнулася да сябе ў пакой і падпаліла — паходня
весела разгарэлася і ціха затрашчала.
Цяпер ісці па падземнай галерэі было ўжо не так страшна. Хоць з-за дрыготкай паходні за спінай Алеоллы мудрагелістымі васьміногамі варушыліся і распаўзаліся па сценах мігатлівыя цені.
Алеолла асцярожна прасоўвалася наперад, пакідала сажай на сценах плямы-адмеціны, — а раптам заблудзіцца! Яна хацела як мага хутчэй знайсці Бедалдая. Удвух будзе значна лягчэй, не так боязна.
Удалечыні дзяўчына заўважыла святло — гэта быў пячорны пакой з уваходам, завешаным дываном — гэтак жа, як і ў яе.
— Нарэшце знайшла, — падумала Алеолла і дадала кроку. Наблізіўшыся, яна зазірнула ў пакой.
— Бедалдай! — паклікала дзяўчына.
У глыбіні пакоя за сталом сядзеў чалавек. Ён кідаў «косці» і ўважліва глядзеў на лічбы, якія выпалі. Святло ад газавага каміна цьмяна асвятляла пакой, таму чалавеку даводзілася нахіляцца наперад, каб лепш разгледзець кубікі.
— Бедалдай! — Алеолла паклала руку яму на плячо.
Чалавек павольна павярнуў галаву.
Першае, што заўважыла Алеолла, былі яго пустыя, бялявыя вочы ў чорных вачніцах. А затым яна ўбачыла аблічча — худое, сухое, з мноствам зморшчын, быццам гэта не скура, а моцна пакамечаная і пажоўклая ад часу папера.
Кашчавая рука пацягнулася да дзявочай далоні, якая ляжала ў яго на плячы. Дакрананне гэтай рукі было пякуча-халоднае і агіднае.
— Не перашкаджай! — папрасіў чалавек.
— Бедалдай — гэта ты? Што яны з табой зрабілі? Што адбылося?
— Засталася «адзінка». Апошняя «адзінка». Шостая «адзінка»! — хрыпеў ён.
Чалавек-здань узяў кубік.
— Бедалдай! Гэта ты?
Алеолла адскочыла.
Кубік выпаў з дрыготкіх рук старога і пакаціўся па падлозе.
— А-а, — натужана, хрыпла закрычаў ён, сагнуўся, апусціўся на калені і папоўз за кубікам.
— Бедалдай. Альбо хто вы. Адкажыце мне!
Алеолле было вельмі страшна пачуць, што гэта Бедалдай, і што з ім нешта за гэты час адбылося.
— А-а! — хрыплым перарывістым голасам закрычаў з падлогі чалавек. — А-а. «Шэсць». Не трэба мне «шэсць»!
Ён зваліўся, падціснуўшы пад сябе ногі і рукі.
— Маё царства! Маё царства!
— Вы хто? — настойліва запытала Алеолла.
Чалавек ляжаў на падлозе, а яго павекі пачалі павольна апускацца.
— Вы паміраеце? — Алеолла кінулася да яго, штурханула.
— Царства! Мерамірскае царства! Мерамірскае царства ўва мне памірае!
— Не памірайце! Скажыце, хто вы!
Стары на падлозе хрыпеў.
— Хто вы?.. — як мага гучней крыкнула Алеолла.
— Я. Цар Ранеон.— Я не чула пра такога! — Алеолле стала лягчэй, галоўнае — гэта не Бедалдай.
— Апошняя «адзінка»! Прэч! Пайшла прэч адсюль. — стары ўжо сіпла шаптаў. — Пайшла прэч. Апошняя «адзінка»...
— Выбачайце, вы каго праганяеце — «адзінку» альбо мяне? — як мага больш ветліва спытала Алеолла.
— «Адзінка». Прэч! Нічога. Нічога. Я цяпер... Я цяпер. Толькі адпачну. У мяне яшчэ ёсць час. Пайшла прэч, нягодніца! «Адзінка».