Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
- Автор: Минскевич Сергей
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:
— А сам ты не баішся чорнага джына Штайната? — спытала Алеолла.
— Не, не баюся. Толькі ў катаў чорны джын не можа забраць сякеру, таму што гэта не толькі зброя, але і іх прылада працы. Чорнай працы, якую і чорны джын робіць...
— Дык ты ўсё-такі кат? — падняў свае страшныя бровы Ром Ончар.
— Так, — глуха адказаў Бедалдай.
— І як шмат людзей ты забіў? — гнеўна спытаў Ром Ончар.
Ваявода хацеў схапіць ката за плечы, прыўзняць ды так скалануць, каб дух з яго выляцеў. Бедалдай ледзь паспеў адступіць у глыб свайго пакоя.
— Ніводнага. — прамовіў кат. — Адзін выгляд сякеры прыводзіць у жах людзей, якія задумалі штосьці нядобрае.
— Значыць, ты кат людскіх думак? — зацікаўлена вымавіў маг Ніціч. — Адсякаеш не дрэнныя галовы, а тое дрэннае, што ёсць у галовах?
— Можна і так сказаць.
— Але ён жа ў любы момант можа стаць сапраўдным катам! — грозна праракатаў Ром Ончар.
— Бедалдай мяне ахоўвае! І нават абараніў ад злыдняў! — умяшалася Алеолла.
Дзяўчына стала паміж Бедалдаем і Ромам Ончарам.
— Дык магу я забраць сваю сякеру? — настойліва і без аніякай боязі спытаў кат.
— Сякера зроблена з высакаякаснай сталі. А знаходзіцца ў замку з металічнымі рэчамі вельмі небяспечна, — папярэдзіў яго маг Ніціч, — таму раю пакінуць сякеру там, дзе яна цяпер знаходзіцца. На балконе. Ром, пабудзь у калідоры. Хадзем, Алеолла, я пакажу вам, дзе будзеце жыць.
Яны пакінулі Бедалдая ў сваім пакоі. Ром Ончар выйшаў у галерэю, а маг і будучая яснапанна прайшлі ў калідор, які вёў у суседнюю пячорку. Гэты пакой быў дакладна такім жа, як і ў Бедалдая. На стале таксама ляжалі косці для гульні, і выразаная табліца з правіламі «чароўнай пірамідкі». Маг Ніціч запаліў камін і звярнуўся да Алеоллы:
— Акрамя касцей для гульні, у вашым пакоі ёсць скрутак. Гэта кніга па геаграфіі. Вывучайце Зямлю.
— А якое чараўніцтва адбудзецца, калі атрымаецца гэтая «пірамідка» шэсць разоў запар? — пацікавілася Алеолла.
— А вы паспрабуйце пагуляць, тады і зразумееце.
— Вам што, шкада сказаць? — з какетлівай крыўдаю прамовіла Алеолла.
— Я думаю, што калі чалавеку цікава нешта спазнаць, то яму варта паспрабаваць зрабіць гэта самому.
— А каб самому праверыць, якое будзе чараўніцтва, мне трэба згубіць пройму часу. А часу, нават самай маленькай проймачкі, у мяне няма.
— Як гэта ў вас няма часу? Мы вас прывялі сюды, каб вы як след адпачылі з дарогі, — здзівіўся маг Ніціч.
— Але я не магу адпачываць з дарогі, таму што мая дарога не завершана. Мне трэба тэрмінова вяртацца да маіх сяброў!
— А навошта ж вы, будучая яснапанначка, столькі часу ішлі за мной па падземных галерэях?
— Я пайшла таму, што вы паабяцалі расказаць нам пра замак.
— Дык я вам ужо ўсё распавёў.
— Не, вы — хітры чалавек, вы не распавялі, як гэта ўсё адбываецца. Як і адкуль рыцары ўзлятаюць. Навошта яны кудысьці ляцяць. Думаю, калі я ў наступны раз «зачаплюся» за вашыя магічныя струмені, вы абавязкова раскажаце. А цяпер прашу адправіць мяне і Бедалдая назад да маіх сяброў.
— Як? Ісці цяпер назад. І ляцець на сякеры па паветры? — усклікнуў маг Ніціч.
— Ну, вядома ж, так!
— Цяпер гэта зрабіць немагчыма!
— Адпраўце мяне з Бедалдаем!
— Не. Вы з гэтым вашым Бедалдаем проста разаб’ецеся. Ні вы, ні ён лятаць не ўмееце. І, галоўнае, не ўмееце прызямляцца.
— Тады мы пойдзем назад праз лес.
— Гэта немагчыма. Лес дрымучы і непраходны... Там столькі дзікіх звяроў! І яшчэ, як бы вы ні хацелі ісці ад замка, вы ўсё роўна заўсёды будзеце вяртацца назад да яго. Такая ўжо тут уласцівасць прасторы. Нічога не паробіш. Мая вам парада — адпачніце, а заўтра паразмаўляем.
Маг Ніціч хутка выйшаў з пакоя ў галерэю, павярнуў за бліжэйшы кут. Алеолла хацела за ім пабегчы, але разгубілася, ды і ў падзямеллі было надта цёмна. Яна села на тапчан перад камінам.
Знік у цемры калідораў і камандзір віцязяў Ром Ончар.
XIX
ЧАЛАВЕК ЛАБІРЫНТА
Алеолла легла на тапчан, узяла скрутак і паглядзела на карту заморскіх земляў. На ёй былі выяўлены горы, рэкі, лясы, жывёлы, якія жывуць у тых краінах, замкі, гарады, караблі на моры. Дзяўчына пазнала паўвостраў Дарвіт і бухту з горадам Гняздо Рыб, горад Палац Садоў, гару, на якой размяшчаўся знаёмы ёй Пячорны Горад. «Вось пераможам Паляндру, — падумала Алеолла, — і рванём з Арцінам куды-небудзь у далёкія краіны. І Міамурмарора з сабою возьмем. І мастака Дроздзіча». Яна ўяўляла, што яе сябры ўжо ідуць па малочным следзе. Каб кот ды не знайшоў малако? Алеолла ведала, што гэтага проста быць не можа! Яна думала і пра Бедалдая. «А як жа ён там? Сумуе альбо ўжо спіць?». Ёй было не па сабе. Аднаму ў падзямеллі знаходзіцца вельмі прыкра. Алеолла паглядзела на кубікі для гульні — шаравата-металічныя, з белымі кропкамі. Полымя газавага каміна гулліва адлюстроўвалася на іх паверхні. «Вось цяпер выпадзе “піраміда” — і адбудзецца чараўніцтва — вернуцца ўсё родныя з палону Паляндры і будзе ўсё добра», — падумала Алеолла.