Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры студыёзуса Вырвіча
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
1 ... 41 42 43 44 45 46 47 48 49 ... 124
Перейти на страницу:

І калі б Пранціш выпадкова не зірнуў за вакно, знуджаны байкамі Амерыканца, бяду заўважылі б толькі, калі стукнецца ў вароты. З боку далёкага лесу набліжаліся-мітусіліся агні.

Млынар сутаргава ўздыхнуў, як жаўнер, якому папала пад сэрца страла, і ён усвядоміў, што памірае.

— Гамон… — прашаптаў Яўхім непаслухмянымі вуснамі і зажагнаўся, зашаптаў малітву. Ягоная дачка проста глядзела на агеньчыкі вялізнымі безнадзейнымі вачыма, і Пранцішу падавалася ў прыцемку, што нараст на яе шчацэ варушыцца, як жывая п’яўка. Агні набліжаліся, пачуліся аддаленыя выкрыкі… На двары нарэшце забрахаў сабака.

— Гэта што за гіцалі? — сурова запытаў Агалінскі, углядаючыся ў цемру. — Разбойнікі?

— Частка лясных, частка з вёскі…— прамармытаў млынар. — Гразіліся колькі дзён, калі пошасць у вёсцы не скончыцца — Саклету заб’юць. А нам куды падзецца — не схаваешся, адсочаць… А дачушка толькі зёлкамі лячыла…

— Што за пошасць? — строга ўдакладніў Лёднік.

— Сверб, ваша мосць.

Нападнікаў, мяркуючы па паходнях, сабралася дзесяткі са два… А калі Пранціш, тое-сёе скеміўшы, кінуўся да другога вакна, выявілася, што і з таго боку набліжаецца тузін…

Цяпер было зразумелым і адсутнасць наведнікаў на млыне, і тое, што разбегліся ўсе млынаровы памагатыя…

— Ды я зараз гэтых бунтаўнікоў, як хмызы, пакладу! — бушаваў Амерыканец. — Нас шасцёра, калі слуг палічыць, пораху хапае — зараз я ім учыню бунт! Яўхім, кліч майго фурмана! Зброю даставай, якая ёсць! Перастраляю гадаў!

Агалінскі з шабляй у адной руцэ, з пісталетам у другой кінуўся на двор, за ім у восеньскую зорную ноч — зоры ажно гронкамі звісалі, — вылецелі Пранціш і Лёднік. Прафесар утрымаў Агалінскага, які ўжо быў гатовы страляць ва ўсё, што рухаецца:

— Ваша мосць, гэта не проста халопы, якія разбягуцца ад стрэлу. Гэта людзі, спалоханыя да таго, што перасталі баяцца смерці. Яны ўзброеныя віламі і косамі, супраць якіх нашыя шаблі — як трэскі… Дазвольце я напачатку з імі перагавару. Мне даводзілася падчас пошасцяў сустракацца з натоўпамі паляўнічых на ведзьмаў.

Пан Гервасій грэбліва страсянуў з сябе руку доктара, як быццам гэта быў гідкі павук.

— Без тваёй парады абыдуся, баязлівец!

— А гэта не парада, вашамосць. Гэта адзінае разумнае выйсце, — рэзка заявіў Лёднік і, не чакаючы выбуху гневу ад суразмоўцы, выйшаў за браму і гукнуў назад:

— Зачыняйце і не высоўвайцеся! Не страляць, пакуль не дам знаку!

Бубнеў спалоханыя малітвы Хвелька, яму дапамагаў млынар… Пранціш прыпаў да шчыліны між дошкамі, цэлячыся са стрэльбы ў прыхадняў: доктар стаяў, скрыжаваўшы на грудзях рукі, падманліва спакойны. Людзі з паходнямі, узброеныя хто чым, спыніліся перад ім. Наперадзе быў худы высокі мужык з запалымі светлымі вачыма, якія гарэлі фанатычным агнём.

— Аддайце нам вядзьмарку!

— Вы ведаеце, што нападаеце на самога пана Гервасія Агалінскага, які спыніўся ў гэтым доме? — спакойна спытаўся Лёднік, і Агалінскі пацвердзіў сваю прысутнасць градам выкшталцоных праклёнаў, сярод якіх самым прыстойным было «дзеці карослівай сучкі».

— Супраць яснавяльможнага пана нічога не рабіцьму, — высокі мужык, нібы ў пацвярджэнне слоў стукнуў у зямлю сваймі віламі, што смешным чынам прыпадабнялася мажардомскаму стуканню жазлом у паркет на знак пачатку балю. — Але мы не хочам, каб вашыя мосці тую вядзьмарку звезлі, і нашы людзі ад ейных сурокаў змарнелі. Пан Агалінскі наш гаспадар і суддзя — вось няхай тут жа і асудзіць пачвару! А мы прысуд выканаем!

Натоўп за ягонай спінай загуў… Некалькі чалавек, як і правадыр, відавочна адрозніваліся ад звычайных змарнелых халопаў — замест сярмягаў вывернутыя поўсцю наверх кажухі, за паясамі — шаблі. Лясныя людзі… З гэтымі дамовіцца цяжка.

— Чаму вы вырашылі, што Саклета вінаватая ў пошасці?

— А хто яшчэ? — выгукнуў адзін з мужыкоў, узброены звычайнай сякеркай. — Яна чараўніцтвам з дзяцінства жыве! Сам бачыў, як чорнага ката пад кола млына кідала! А як дала зёлак маёй жонцы, дык тая праз тыдзень плямамі чырвонымі пайшла. А тады і я, і ўся вёска!

Мужык тыцнуў пальцам сабе ў твар, дзе сапраўды красавалася раздрапаная да крыві пляма.

— Вядзьмачка яна! Хоча, каб усе былі такімі страхотнымі, як сама. Бачыў пан, што да аблічча яе чырвоны змей прысмактаўся? Усе ведаюць — Яўхім ейную матку цяжарнай узяў, ад Вадзяніка яна!

1 ... 41 42 43 44 45 46 47 48 49 ... 124
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)