Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Замежная фантастыка
Замежная фантастыка - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Замежная фантастыка

Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:

У зборніку публікуюцца творы сучасных пісьменнікаў-фантастаў розных краін у жанры мастацкага апавядання і раман П'ера Буля «Планета малпаў».
1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 150
Перейти на страницу:

Я павольна абыходжу аддзяленне, спыняюся перад кожнаю клеткаю. Размаўляю з палоннымі — ласкава і цярпліва. Яны ўжо прывыклі патроху да гукаў мовы. Выдае на тое, што яны мяне слухаюць. Спачатку я размаўляю з імі некалькі хвілін, потым прамаўляю асобныя кароткія словы, паўтараю іх шмат разоў, спадзеючыся хоць нешта пачуць у адказ. Вось палонны з цяжкасцю вымаўляе адзін склад, але больш ад яго сёння нічога дамагчыся не ўдаецца. Ён хутка не вытрымлівае напружання і падае на салому, нібыта пасля надзвычай цяжкае працы. Я ўздыхаю і пераходжу да наступнага. Нарэшце дабіраюся да клеткі, у якой марнее самотная Нова. Ва ўсякім разе, мне, чалавеку Зямлі, здаецца, што яна павінна быць самотная, і я намагаюся адшукаць гэтае пачуццё на яе дзівосна прыгожым і невыразным твары. Зіра не падсяліла да яе другога мужчыну, і я ёй за гэта ўдзячны.

Я часта думаю пра Нову. Мне цяжка забыцца на праведзеныя з ёю гадзіны. Але ні разу яшчэ пасля свайго вызвалення я не ўваходзіў да яе ў клетку: стрымлівае пачуццё чалавечае годнасці. Хіба ж яна не жывёліна? Я бываю цяпер у вышэйшых навуковых колах, і падобная сувязь проста немагчымая. Згадваючы нашую нядаўнюю блізкасць, я чырванею. З тае пары, як я змяніў лагер, я нават забараніў сабе быць з ёй больш зычлівым, чым з астатнімі яе сародзічамі.

І ўсё ж такі я вымушаны прызнаць, што яна ўяўляе сабою першакласны экземпляр тутэйшай чалавечай пароды, і гэта радуе мяне. Я дамагаюся з ёю большых поспехаў, чым з астатнімі. Пры маім набліжэнні яна падыходзіць да кратаў, і твар у яе скажаецца грымасаю, у нечым падобнаю на ўсмешку. Перш чым я паспяваю загаварыць, яна спрабуе вымавіць чатыры-пяць вывучаных ёю складоў. І стараецца зрабіць гэта як мага лепш. Ці азначае гэта, што яна ад прыроды больш здольная за астатніх? Або папярэдні кантакт са мною развіў яе і зрабіў падатлівай на мае ўрокі? Апошняе меркаванне падабаецца мне больш, бо лашчыць трохі маё самалюбства.

Я прамаўляю яе імя, потым сваё, указваючы пальцам то на яе, то на сябе. Яна паўтарае мой жэст. Але раптам я бачу, як твар у яе ўмомант скажаецца злосным выскалам, і ў тое ж самае імгненне чую ў сябе за спінаю ціхі смех.

Гэта Зіра незласліва жартуе з маіх намаганняў, а яе прысутнасць заўсёды раз'юшвае Нову. Разам з Зіраю прыйшоў Карнэлій. Яго дужа займаюць мае спробы, і ён часта наведвае мяне, каб пацікавіцца вынікамі. Але сёння ён з'явіўся з іншаю мэтаю. Выгляд у яго вельмі ўсхваляваны.

— Уліс, а вам не хацелася б зрабіць са мною невялікае падарожжа?

— Падарожжа?

— Гэта досыць далёка, амаль на другім канцы планеты. Археолагі знайшлі там рэшткі старажытных збудаванняў, надзвычай цікавыя, калі верыць іх справаздачам. Але раскопкамі кіруе арангутан, і спадзявацца, што ён здолее зрабіць са знаходак слушныя высновы, не прыходзіцца. Яны сутыкнуліся з загадкаю, якая мяне хвалюе: раскрыццё гэтай таямніцы можа адыграць рашучую ролю ў маіх даследаваннях. Акадэмія пасылае мяне туды ў камандзіроўку, і я мяркую, што вашая прысутнасць будзе там дужа карысная.

Пакуль што я не разумею, у чым я мог бы яму дапамагчы, але згаджаюся з радасцю, бо мне даўно ўжо хацелася ўбачыць іншыя вобласці Сароры. Карнэлій запрашае мяне да сябе ў кабінет пагутарыць сур'ёзна.

Такі паварот справы адразу ж захапляе мяне: не прыйдзецца працягваць абход. А мне трэба было наведаць яшчэ аднаго палоннага — прафесара Антэля. Ён усё яшчэ ў ранейшым стане, што робіць немагчымым яго вызваленне. Аднак па маёй просьбе Антэля змясцілі ў асобнай і досыць утульнай палаце. Наведваць яго — мой цяжкі абавязак. Ён не паддаецца ніякім угаворам і паводзіць сябе як сама сапраўдная жывёліна.

Раздзел II

Мы адправіліся ў дарогу праз тыдзень. Зіра паляцела з намі, але праз некалькі дзён яна павінна была вярнуцца назад, каб у адсутнасць Карнэлія займацца інстытуцкімі справамі. А сам Карнэлій разлічваў затрымацца на месцы раскопак нашмат больш, калі толькі знаходкі і праўда будуць цікавыя, як ён спадзяецца.

Нам далі спецыяльны самалёт, падобны на нашы першыя рэактыўныя самалёты, але нашмат больш камфартабельны, з асобным маленькім герметычным салонам, дзе можна спакойна размаўляць. Я быў шчаслівы, што адправіўся ў падарожжа. І ўжо гэтак прызвычаіўся да малпаў, што зусім не спалохаўся, калі ўбачыў за штурвалам лайнера шымпанзэ. Значна болей мяне цікавілі пейзажы ўнізе і пекнае відовішча ўсходу Бетэльгейзе. Мы ляцелі на вышыні прыкладна дзесяці тысяч метраў. Паветра было надзіва празрыстае, і гіганцкая зорка ўзнімалася над гарызонтам, як нашае сонца, калі глядзіш на яго ў акулярах. Зіра вачэй не магла адвесці ад гэтае прыгажосці.

1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)