Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Многія перавагі, якія беларусы атрымлівалі з рук Кубэ, так і не былі выкарыстаны. Вінавацілі яны ў гэтым ня так уласную слабасьць, колькі кіраўнікоў цывільнай адміністрацыі, якія нібыта занадта лібэральнічалі з палякамі. Беларуска-польскія канфлікты таму не заціхалі. Як і раней, у паліцыйных рапартах за верасень 1941 г. паведамлялася пра даносы на беларускіх службоўцаў, якіх абвінавачвалі ў камунізьме. Але цяпер паліцыя больш пільна разглядала такія справы, і калі даносы былі беспадстаўныя, іх аўтараў прыцягвалі да адказнасьці.[77] Таму здараліся такія выпадкі ўсё радзей. Затое часьцей пачалі зьяўляцца антыпольскія даносы ад беларускіх дзеячоў. Яны такім шляхам спрабавалі весьці барацьбу з засільлем палякаў. Адзін з гэтых дзеячоў, Іван Касяк, пісаў пасьля вайны:
Беларусы бараніліся супроць польскай акцыі вынішчэньня тымі сродкамі, якія былі даступныя.
Такія даносы яны пісалі ня толькі на палякаў, што займалі пасады ў адміністрацыі, але і на каталіцкіх ксяндзоў, якіх лічылі за пашыральнікаў «польскай веры» і палянізацыі, ворагаў інтарэсаў праваслаўя. І тут не абышлося без удзелу праваслаўных сьвятароў. Пра гэта сьведчыць наступны данос аднаго зь іх, дасланы ў верасьні 1941 г. у нямецкую паліцыю:
Рыма-каталіцкае духавенства праводзіць вялікую прапаганду для аднаўленьня незалежнай польскай дзяржавы. Яно імкнецца згуртаваць насельніцтва і плянуе пасьля адыходу нямецкіх войскаў стварыць партызанскія атрады для вызваленьня акупаваных земляў ад ворагаў польскасьці, у тым выпадку — ад немцаў. Правадырамі гэтага руху ёсьць рыма-каталіцкія ксяндзы з касьцёлаў у Ашмянах, Гальшанах, Гранасеках (Granosiekach), Барунах, Сеноргоях (напэўна, Смургонях. — Ю. Т.), Крэве, Драбах, Солах, Жупранах і г. д.
Па гэтых даносах у лістападзе 1941 г. было расстраляна некалькі польскіх ксяндзоў, у т. л. Генрык Глябовіч, які распачаў на Меншчыне місіянэрскую дзейнасьць на загад Рамуальда Ялбжыкоўскага, архібіскупа віленскага. Аднак амаль адначасова ў Менску былі арыштаваны і забіты таксама і беларускія каталіцкія ксяндзы — Станіслаў Глякоўскі і Дзяніс Малец, бо ў СД ляжаў данос, паводле якога ксяндзоў-беларусаў касьцельныя ўлады выкарыстоўвалі для «дзейнасьці на карысьць Польшчы». Ініцыятарамі гэтых злачынстваў былі беларускія праваслаўныя дзеячы, якія сьцерагліся росту каталіцкага ўплыву на Беларусі, прычым незалежна ад таго, польскі ён будзе ці беларускі. Пра гэта яскрава сьведчыць забойства кс. Глякоўскага, да вайны вядомага беларускага дзеяча ў Вільні, які выдаў пад канец 1941 г. у Менску беларускамоўны падручнік катэхізісу. Той самы лёс ледзьве не напаткаў ксяндза Зянона Ігнатавічуса, літоўца, якога мясцовая беларуская паліцыя прыняла за «польскага ксяндза», — толькі мундзір капэляна раскватараваных на Беларусі літоўскіх атрадаў выратаваў яго ад арышту.
Таму на першым этапе сваёй дзейнасьці на Беларусі Кубэ даводзілася лявіяваць, паміж дэкляраванай беларусізацыяй і існымі рэаліямі. Праўда, ён пагадзіўся з фактычным становішчам у мясцовай адміністрацыі, але бачыў, якая там пануе варажнеча. Такім чынам, абапірацца на яе ў ажыцьцяўленьні сваёй беларускай палітыкі Кубэ ня мог. Да таго ж паўставала праблема з надбудовай гэтага апарату — стварэньнем цэнтральнай адміністрацыйнай інстанцыі. Паводле свайго характару яна, натуральна, павінна была стаць беларускай, але як забясьпечыць яе спраўнае функцыянаваньне ў спалучэньні зь пераважна небеларускім мясцовым апаратам? Вырашэньне гэтай супярэчнасьці Кубэ бачыў у паступовай беларусізацыі ніжэйшых ступеняў кіраўніцтва, але для гэтага трэба было падрыхтаваць адпаведныя кадры. Такі пункт гледжаньня падзяляла і ОМі. Пра гэта сьведчыць выказваньне Мэндэ, блізкага супрацоўніка Розэнбэрга:
Найпершы прынцып нямецкага праўленьня ў Остляндзе — мясцовая адміністрацыя пад нямецкім кіраўніцтвам… На Беларусі адміністрацыя заўсёды знаходзілася ў чужых руках. Новае тут трэба пачынаць з нуля, а гэта, натуральна, патрабуе часу. Таму нямецкай адміністрацыі даводзіцца займацца і такімі заданьнямі, якія яна б з ахвотаю даручыла мясцовым сілам.
77
Так, напрыклад, у Наваградку адзін паляк у верасьні 1941 г. данёс, што беларускі бурмістар гэтага гораду — камуніст. Сьледзтва высьветліла, што абвінавачваньне было падманнае, і даносчыка расстралялі.