Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Нягледзячы на цяжкасьці з кадрамі і памяшканьнямі (частка школьных будынкаў была занята войскамі), а таксама на недахоп падручнікаў, колькасьць пачатковых школаў на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь хутка ўзрастала і пад канец 1941/42 навучальнага году дасягнула 3485. У іх навучалася 346 тыс. вучняў і працавала 9716 настаўнікаў. Гэтыя колькасныя паказчыкі, здаецца, ня вельмі адрозьніваліся ад даваенных лічбаў за 1940/41 г. на адпаведнай тэрыторыі Беларусі.[74] Трэба дадаць, што распрацаваная Кубэ сяміклясная сыстэма навучальня перавышала патрабаваньні інструкцыяў ОМі, выдадзеных, праўда, крыху пазьней. Для акупаваных савецкіх земляў (апрача Прыбалтыкі) там прадугледжвалася адкрыцьцё толькі чатырохклясных пачатковых школаў. Затое праект Кубэ саступаў сыстэме школьніцтва ў Прыбалтыцы, дзе працавалі таксама сярэднія школы і некаторыя вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Наступнай даклярацыяй Кубэ была адозва «Да жыхароў Беларусі», абвешчаная ў Менску 22.9.1941 г. Перамога Нямеччыны патэтычна абвяшчалася ў ёй адбытым фактам, дэкляраваліся адбудова ваенных разбурэньняў, дабрабыт і забясьпечаная будучнасьць беларускага народу ў рамках новага эўрапейскага парадку, акупацыйная цывільная адміністрацыя называлася прыяцелем гэтага народу, ахоўнікам справядлівага парадку і выпрабаваным будаўніком усеагульнага дабрабыту. Далей адозва заклікала:
Беларусы!
Першы раз у вашай гісторыі перамога Нямеччыны дае вам магчымасьць забеясьпечаньня вашаму народу свабоднага разьвіцьця і сьветлай будучыні без расійска-азіяцка-бальшавіцкага ўціску і чужанацыянальнага панаваньня. Я спадзяюся, што кожны з вас зразумее, што яго інтарэсы сьцісла зьвязаны з інтарэсамі Германіі і што вы будзеце вернымі пасьлядоўцамі і памочнікамі нямецкага кіраўніцтва.
Адозва Кубэ адыходзіла далей ад пашыраных у прапагандзе Вэрмахту зацёртых фраз пра «вызваленьне ад бальшавізму» і імкнулася разгарнуць перад беларускім народам дадатную пэрспэктыву, якая адкрывалася для яго з усталяваньнем нямецкай акупацыі. Апрача чыстай прапаганды, у адозьве Кубэ, найвышэйшага прадстаўніка нямецкай улады на Беларусі, былі выказаны дэклярацыі свабоднага разьвіцьця краю без староньняга панаваньня і агульнасьці нямецка-беларускіх інтарэсаў. Варта падкрэсьліць, што гэтыя заявы закраналі такія пытаньні нямецкай палітыкі, пра якія маўчаў афіцыйны Бэрлін. Можна таму меркаваць, што яны рабіліся бяз санкцыяў Розэнбэрга, і, нягледзячы на асьцярожнасьць фармулёвак, былі рэдкім зьявішчам на акупаванай тэрыторыі СССР.
Тым ня менш запэўненьні Кубэ ў прыязнасьці, справядлівасьці і адзінстве інтарэсаў рэзка супярэчылі рэчаіснасьці: незалежныя ад яго ўлады часьці Вэрмахту і СС чынілі забойствы, рабункі і бессэнсоўныя разбурэньні ўжо пасьля ўвядзеньня цывільнага рэжыму. Гэта перакрэсьлівала ўсе пэрспэктывы палітыкі, скіраванай на здабыцьцё сымпатыяў мясцовага насельніцтва. Разыходжаньне ў поглядах на задачы акупацыі выявілася адразу ж пасьля прыезду Кубэ ў Менск. Узьніклі спрэчкі вакол кіраваньня гаспадаркай, рабункаў, зьнішчэньня твораў мастацтва і ліквідацыі габрэйскага насельніцтва. Тры прыведзеныя ніжэй дакумэнты — два зь іх выкарыстоўваліся як доказы на Нюрнбэрскім працэсе — сьведчаць пра ўмяшальніцтва Кубэ ў гэтыя справы і ёсьць важным матэрыялам для агульнай ацэнкі яго палітыкі на Беларусі, а таксама стаўленьня да СС.
Дакумэнт 1: Ліст Кубэ да Лёзэ ад 3.10.1941 г.
У дадатак перасылаю табе для прыняцьця далейшых захадаў зьняты паводле майго даручэньня плякат ад 6.9.1941 (тэкст плякату: «Зрэквізавана» за подпісам HSSPF Пруцмана. — Ю. Т.). Не паведаміўшы мне, СС пасьпешліва праводзіць рэквізыцыі на Беларусі. Асаблівую важнасьць мае рашэньне міністэрства або райхскамісара наконт базаў СС. Калі гэтыя базы будуць абсталёўвацца так, як прадугледжвае СС, дык хутка яна стане гаспадаром усіх непашкоджаных і зручна разьмешчаных частак гораду, а цывільная адміністрацыя акажацца госьцем фармаваньня, якое выкарыстоўвае любыя магчымасьці, каб крочыць уласным шляхам. Будаваць плян гораду ў такой сытуацыі цывільнае кіраўніцтва проста ня зможа. Настойліва прашу прадухіліць гэтыя непрыемныя акалічнасьці. Увогуле, справы і дзейнасьць паліцыі павінны быць так адрэгуляваны, каб цывільная адміністрацыя мела выключнае права выдаваць ёй распараджэньні. Брыгадэнфюрэр СС Цэнэр, які дзеля ўзмацненьня свайго прэстыжу стаў генэрал-маёрам паліцыі, сьцьвярджае пры кожнай нагодзе, што мае спэцыяльныя інструкцыі райхсфюрэра СС, якіх, аднак, мне не паказвае. Так працаваць немагчыма.
74
У параўнаньні з БССР 1940/41 г. (у сучасных межах) на долю Генэральнай акругі пад цывільнай адміністрацыяй прыпадала 26 % ад яе тэрыторыі, 26 % — насельніцтва, 27 % — ад агульнай колькасьці школаў, 22,5 % — ад агульнай лічбы вучняў.