Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Паколькі яўных пярэчаньняў з боку Розэнбэрга не было, стварэньне цэнтральнай адміністрацыйнай інстанцыі на Беларусі ў верасьні 1941 г. было вельмі магчыма. Праўда, ліпеньская інструкцыя Розэнбэрга не давала нямецкім цывільным уладам права на прызнаньне літоўскага, беларускага і латыскага ўрадаў,[78] аднак і Кубэ, і генэральныя камісары прыбалтыйскіх краін былі зацікаўлены ў стварэньні такой інстанцыі, зразумела — не нацыянальнага ўраду, але дапаможнага органа. Паколькі Шчорс адмовіўся ад палітычнай дзейнасьці ўва ўмовах цывільнага рэжыму,[79] гэтую кіраўнічую пасаду ў першых днях верасьня Кубэ даручыў Астроўскаму — адзінаму вядомаму беларускаму дзеячу, які ў гэты час выступаў на менскай палітычнай сцэне. Дзеля гэтага Кубэ захаваў адзіную на ўсёй тэрыторыі Остлянду Меншую акруговую ўправу на чале з Астроўскім і даручыў яму кіраўніцтва т. зв. Паралельным бюро (нэбэнбюро), якое было мясцовым адпаведнікам генэральнага камісарыяту, г. зн. найвышэйшай беларускай інстанцыяй.
Фармальны статус Астроўскага і яго нэбэнбюро ня быў зацьверджаны, гэтаксама, як і статус цэнтральных краёвых управаў у іншых генэральных акругах Остлянду. Аднак асабістая падтрымка Кубэ і рэальная неабходнасьць у існаваньні такога органа давалі Астроўскаму надзею на юрыдычнае прызнаньне сваёй інстанцыі. Але ў кастрычніку ўсе яго пляны неспадзявана зруйнаваліся, бо ў Менск прыбыў Ермачэнка, прызначаны на загад Розэнбэрга кіраўніком Беларускай народнай самапомачы (БНС). Увогуле, абедзьве гэтыя арганізацыі маглі б працаваць паралельна, як гэта было ў Прыбалтыцы, аднак наперад было зразумела, што пасьля легалізацыі цэнтральнай управы Астроўскага БНС будзе фактычна ёй падпарадкавана. З гэтым не жадаў пагадзіцца Ермачэнка, які таксама прэтэндаваў на ролю беларускага правадыра. Яго пазыцыя ў гэтым канфлікце была значна больш пэўная: апрача афіцыйнага прызначэньня, ён яшчэ меў доказы супрацоўніцтва Астроўскага з камуністамі і польскімі ўладамі і выкарыстаў гэтыя аргумэнты ў барацьбе супраць свайго суперніка. Пры такіх абставінах Астроўскі страціў давер у Кубэ і, ратуючыся перад магчымымі рэпрэсіямі, выехаў зь Менску ў Смаленск, адкуль ужо ня мог аказваць беспасярэдняга ўплыву на падзеі ў Беларусі.[80] Як пісаў пасьля вайны яго блізкі паплечнік Леанід Галяк,
з таго часу аж да сьмерці Кубэ Астроўскі калі і прыяжджаў у Менск, дык затрымліваўся вельмі нядоўга і паказваўся на вочы толькі некалькім асобам.
Інцыдэнт з Астроўскім пахіснуў надзеі Кубэ на больш актыўны ўдзел беларусаў у супрацоўніцтве, бо Ермачэнка да вайны быў практычна невядомы на заходнебеларускай палітычнай арэне і меў яшчэ слабейшую грамадзкую падтрымку, чым Астроўскі. Сярод тагачасных беларускіх дзеячоў панавала перакананьне, што за плячыма гэтага чалавека стаялі толькі немцы. Ня толькі прызначэньне Розэнбэрга падштурхоўвала іх да такой думкі. Сам Ермачэнка ўсюды стараўся пашырыць перакананьне, што толькі супрацоўніцтва зь Нямеччынай можа забясьпечыць беларускай нацыі лепшую будучыню.
У Кубэ, аднак, не было выбару. 22.10.1941 г. разам зь Ермачэнкам яны выдалі адозву да беларускага насельніцтва, у якой абвяшчалі ўтварэньне БНС і заклікалі людзей засноўваюць яе валасныя камітэты. У адозьве гаварылася, што адзінай мэтай БНС ёсьць дапамога насельніцтву па ахове здароўя і бытавых умоў: апекаваньне бяздомнымі сем’ямі, сіротамі і дзецьмі, чые маткі працуюць. Да БНС перайшла ўся маёмасьць, памяшканьні і супрацоўнікі таварыства беларускага Чырвонага крыжа, якое было створана ў ліпені 1941 г., а потым ліквідавана.
Яшчэ адным прэтэндэнтам на ўладу ў акупаванай Беларусі быў Акінчыц — рашучы праціўнік Шчорса, Астроўскага і Ермачэнкі. Аднак ён па-ранейшаму заставаўся ў Бэрліне, у аддзеле прапаганды ОМі, і толькі раз-пораз прыяжджаў у Беларусь, дзе ўзнавіў былое супрацоўніцтва з астатнімі ўдзельнікамі беларускага нацыянал-сацыялістычнага руху (Казлоўскім і інш.). Гэтая група ўжо ўлетку 1941 г. спрабавала адрадзіць сваю партыйную дзейнасьць, але сутыкнулася зь перашкодай: нямецкія акупацыйныя ўлады забаранялі стварэньне якіх-небудзь палітычных партыяў. Але, ня страціўшы надзеі на посьпех у будучыні, група Акінчыца паспрабавала ўтварыць беларускую моладзевую арганізацыю. У краёвым маштабе гэта ім пакуль што не ўдалося, але прынамсі ў Глыбоцкай акрузе такая арганізацыя была створана і дзейнічала з згоды акруговага камісара, хаця і без афіцыйнага дазволу Кубэ.
78
На думку Вакара, на пачатку цывільнай адміністрацыі на Беларусі не было яшчэ вядома дакладна, які лёс чакае мясцовую цывільную адміністрацыю: ці паўстане над ёю «надбудова» накшталт беларускага нацыянальнага «ўраду», ці будзе яна падпарадкоўвацца беспасярэдне нямецкаму правінцыйнаму начальству.
79
Не зусім ясна, якімі матывамі кіраваўся Шчорс, калі пакінуў Менск і вярнуўся ў Варшаву ў верасьні 1941 г. Паводле інфармацыі СД, Шчорс, Тумаш і іншыя дзеячы «Цэнтру» расчараваліся ў нямецкай палітыцы і асьцерагаліся, што пасьля выхаду зь Менску ранейшых паліцыйных уладаў (Айнзацгрупы «Б») яны ўвогуле страцяць усялякую падтрымку. Аднак нельга выключаць і другой вэрсіі: Шчорс мог гэта зрабіць па дамоўленасьці з Астроўскім, які вёў складаную палітычную гульню і адчуваў, што ў Варшаве яму неабходна мець вернага чалавека.
80
Пасьля вайны Астроўскі называў іншыя прычыны свайго ад’езду зь Менску. Ён пісаў, што абразіўся на Кубэ, калі паліцыя паспрабавала канфіскаваць у яго радыёпрымач, альбо што быў расчараваны палітыкаю Кубэ і ня меў чаго рабіць у Менску.