Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
З людзьмі і сам-насам - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

З людзьмі і сам-насам

Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:

Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі i сам-насам» — своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама — цыклаў лірычных запісаў i мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага пісьменніка — роздум пра час, чалавечыя лёсы, галоўныя праблемы сучаснасці, шчыры клопат пра мір, свабоду, дэмакратыю, родную мову, захапленне красой прыроды i вечнай паэзіяй маленства.
1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 92
Перейти на страницу:

* * *

Столькі пражыць, столькі прачытаць i толькі цяпер «адкрыць» для сябе, што тыя прыбудовачкі, відаць, каля кожнага беларускага гумна (калісьці!), куды ссыпалася мякіна, называліся ў нас палоўнямі — ад мякіны, паловы. Няхай сабе i з украінскай мовы ды песні, што тут сама весела выйшла з памяці:

Жито, мати, жито, жито не полова. Як дівчіну не кохаты, коли чорноброва?..

* * *

«Дзярэчынскі дыярыюш» Міхася Скоблы, цікавы гістарычны нарыс пра гарадок, у якім мне не давялося пабываць, нямала пачуўшы пра яго ад Мацея Канановіча, бацькі якога з тых маляўнічых мясцін. Добрае веданне прадмета спалучаецца з жывасцю падачы.

А яшчэ ў зборніку артыкулы ды эсэ, у якіх таксама свой голас, сваё бачанне сапраўднага i не надта сапраўднага ў нашай літаратуры.

* * *

У апошнім ліпеньскім нумары «Литературной газеты» Леанід Жухавіцкі, сам сур'ёзны, наколькі магу меркаваць па яго выступленнях у друку, з пашанай піша пра Роберта Раждзественскага, з яго шчырай незадаволенасцю самім сабою, тым, што ім зроблена.

«В одном из его блокнотов осталась характернейшая запись:

«Буддийский ад.

Самая страшная казнь, самое жуткое наказание: человеку много раз подряд прокручивают его собственную жизнь, бесконечно повторяя страницы упущенных возможностей».

Написано так, словно это жуткое наказание он пережил еще при жизни».

У нейкай меры гэта знаёма i мне.

* * *

«Исповедь» Аўрэлія Аўгусціна.

Лінейка ў школе — тады ўжо, у другой палавіне IV стагоддзя,— як педагагічная прылада выхавання. Абтрэсванне з сябрукамі чужое грушы. А такое i выпісаць можна: «Я барахтался и кричал, выражая немногочисленными знаками, какими мог и насколько мог, нечто подобное моим желаниям — но знаки эти не выражали моих желаний. И когда меня не слушались, не понимали меня или чтобы не повредить мне, то я сердился, что старшие не подчиняются мне и свободные не слушаются как рабы, и мстил за себя плачем». Гэта — пра адчуванні немаўляці. I такое, i іншае, з матчынымі грудзьмі, з тою лінейкай, з тымі чужымі грушамі — усё так хораша, жыццёва гаворыць пра талент гэтага афрыканскага рымляніна, пра сілу i жывапіс лацінскай мовы, што вось i дагэтуль не мёртвая, калі яе добра падаць перакладам i каментаром. I аўтараў пафас, малітвенны асабліва спачатку, можна цярпець з разумением — дзеля галоўнага ў кнізе.

* * *

Да Аўрэлія Аўгусціна, прачытаўшы кнігу Аляксандра Меня «Сын человеческий», некалькі дзён успаміналася, як ён высока выказаўся пра «Жизнь Иисуса» Рэнана, i думалася, як мне ў раннім юнацтве ўсётакі шанцавала — найчасцей выпадкова — на добрыя кнігі. I гэта я чытаў, няхай сабе i трохі зарана на грунтоўнае разумение, на ўсю глыбіню. Нядаўна трымаў у руках «Пол и характер» Вайнінгера, таксама ж тады прачытаны, але жадання перачытваць не адчуў. А Рэнана перачытаў бы.

* * *

I нявыспаны сёння, i чытанне не пайшло, i работы мая гаспадыня не дала, сказаўшы: «У лес пайдзі. Потым будзеш успамінаць». I я пайшоў. Не так у лес, як па пясчанай дарозе, трохі над Нёмнам, з лугам абапал, а потым i лесам, успомніўшы адзін, даўні ўжо, адвячорак, калі я даўгавата пасядзеў на высакаватым сонечным беразе, развітваючыся з ракой перад ад'ездам у горад.

Збочыў з дарогі лясной на лугавую. I тут убачыў чалавечую спіну, прыгорбленую над нейкай работай. Чалавек пачуў маю хаду, азірнуўся, i я пазнаў яго. Паздароўкаўшыся, сказаў:

— А я падумаў — рыбак. Але ж i Нёмна каля вас няма.

— Ды не, я кароўку пасу.

— I кошык пляту, як заўсёды,— дадаў я ў тон яму.

Я ўжо яго заставаў такім чынам неаднойчы, у

розных месцах, з каровай на повадзе, або i так, свабодна, ды з новым кошыкам, то пачатым толькі, то ўжо i з ладнай густой зелянінай лазінак уплеценых на белых рабрынах асновы.

Не ўваходзячы ў большую гутарку, я пайшоў лугам далей. Памалу, залажыўшы рукі назад, счапіўшы ix правай жменяй за левую запясць. Не па дарозе ішоў, а па зялёным, мяккім цаліку някошанай ды не спасвенай травы, паміж высокай сцяною лесу i наднёманскім кустоўем. I цішыня такая, i сонечна без спякоты, i ленасна ў патолі, i не ў лішнім роздуме...

I тут у адну маю далонь, павернутую навонкі малою місачкай, ткнулася штосьці цёпла i сыра казытлівае, i я — нібы спалохаўшыся — вёртка азірнуўся. Трэба ж так! — знаёмая чорная карова, якой не відно было за кустамі, зусім нячутна па маёй старэчай глухаватасці дагнала мяне і, відаць, па прывычцы хацела штосьці ласае лізнуць ды чмякнуць з маёй далоні-місачкі...

1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 92
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)