Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка
Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка

Электронная книга - «Усмешка жалобнай каралевы, альбо тайна магнітнага замка». Краткое содержание книги:

Перад вамі - аповесць легендарных часоў. Аповесць - таму што гэта цікавая, захапляльная гісторыя. Легендарных часоў - бо ў ёй распавядаецца пра падзеі, якія адбываліся ў легендарным мінулым нашага свету, у паўміфічных краінах, праз якія пралягалі шляхі-дарогі адважных герояў. Гэта фэнтэзі з квэстам і экшн, з легендамі і экзотыкай. Героі трапляюць у драматычныя, камічныя і часам у вельмі небяспечныя сітуацыі. Ім давядзецца разгадаць мноства таямніц і пераадолець неверагодныя выпрабаванні. 
1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 73
Перейти на страницу:

— А я чуў, — пачаў кот Міамурмарор, — што да нейкага навальнічнага замка гадоў сто таму адпраўлялася вялізнае войска з Залатога Горада. Шапталіся, што гэтае непераможнае дагэтуль войска бясследна знікла.

Скала, ля падножжа якой стаялі сябры, падавалася непрыступнай. Але ж толькі не для ката. Арцін і мастак Дроздзіч адразу ж прыступілі да працы — яны скруцілі з лыка вяроўку. Доўгую-доўгую.

І рабілі наступным чынам: кот Міамурмарор узбіраўся на скалу, надзейна абвязваў вяроўкай які-небудзь выступ альбо цяжкі валун, а потым па гэтай вяроўцы караскаліся мастак Дроздзіч і Арцін.

Неўзабаве яны падняліся да ўзроўню замка. Перад імі былі высокія змрочныя муры — цалкам стромыя — яны прыгняталі сваімі гіганцкімі памерамі. Але больш бянтэжыла іншае — пад мурамі замка ляжалі груды чалавечых костак і чарапоў. Чыстых, белых і бліскучых. Іх даўно абскублі дзікія птушкі, абмылі воды дажджоў, адпаліравалі градзіны і паднятыя ветрам пясчынкі. Сям-там сярод чалавечых парэшткаў трапяталі кавалачкі амаль сатлелай вопраткі. Па ўсіх мурах замка — вышэй, ніжэй — былі панавешаныя, нібы «прылепленыя» суперклеем, воінскія даспехі: жалезныя шаломы, налакотнікі, панцыры, кальчугі. У некаторых з іх можна было заўважыць чалавечыя шкілеты. Побач з даспехамі на мурах «вісела» зброя: шчыты, мячы, наканечнікі стрэл і дзід.

Калісьці даўно невядомая сіла магутным прыцягненнем прыкавала да муроў замка ваяроў, што спрабавалі ўзяць яго ў аблогу. Некаторыя з іх так і не змаглі вызваліцца ад сваіх жа латаў і навечна засталіся ў іх.

Арцін адчуў, як за яго спінай нешта заварушылася. Ён з жахам азірнуўся. Раптам з калчана ў паветра вырвалася страла і паляцела да замка, стукнулася аб замкавы мур і «прыляпілася» да яго наканечнікам.

Арцін мацней перацягнуў калчан аборкай, каб астатнія стрэлы самі па сабе не павыляталі. Але тут жа з похваў, якія былі зроблены з дрэва, пачаў «выпаўзаць» меч. Арцін з сілай засунуў яго назад у похвы, а дзяржальна абматаў аборкай.

— Што за неведзь! — вылаяўся ён.

— Сцены зроблены з магічнага жалеза, — згадзіўся мастак Дроздзіч. — Яно прыцягвае іншае жалеза.

— Ты б, Арцін, схаваў пакуль сваю зброю пад валуном. Далей з ёй усё роўна не пройдзеш, — параіў кот Міамурмарор.

— Так-так, а то паляціць да мёртвых ваяроў — не дастанеш потым, — дадаў мастак Дроздзіч.

— А як жа, па-вашаму, я ваяваць буду?

— Ну, можа быць, драўляным дручком, — параіў кот Міамурмарор.

Арціну было не надта прыемна расставацца са сваёй зброяй, але з кожным крокам яна рабілася ўсё цяжэйшай. І юнаку, хочаш не хочаш, давялося скарыстацца парадай сяброў. Арцін схаваў меч і похвы пад валуном, паклаў і прыціснуў валуном стрэлы.

— Калісьці нашыя продкі не ведалі жалеза. Ды і цяпер у далёкіх паўночна-ўсходніх лясах ёсць плямёны, у якіх няма ні мячоў, ні шабляў. Усю сваю зброю яны робяць з каменя і костак рыб ды жывёл, — сказаў Арцін. — Я — будучы віцязь — не магу без зброі.

На скале ён знайшоў добры кавалак крэменя, раскалоў яго іншым крэменем, такім чынам каб былі завостраныя краі. Затым змайстраваў каменную сякеру — завостраны кавалак каменя прывязаў крыж-накрыж да кія.

— А я як быў без зброі, так і застануся, — самазадаволена прамовіў кот Міамурмарор, — мне і маіх кіпцюроў досыць.

— І ў мяне ёсць мой парасон, — прамовіў мастак Дроздзіч.

Прыяцелі абышлі замак вакол, але ні брамы, ні лаза, ні нават шчыліны не ўгледзелі...

XVII

СУСТРЭЧА З ЛУСКАВАТЫМІ

Насамрэч Алеолла не праколвала бурдзюк. Яна яго проста перакуліла і паслабіла вяроўку, якой ён быў перавязаны. Малако стала прасочвацца, і кроплі ляцелі ўніз.

Яна разам з Бедалдаем, набраўшы хуткасць, імчаліся па паветры ў невядомым кірунку. Здавалася, што яны знянацку ператварыліся ў вецер, які ляціць уздоўж зямлі, бо рэзкі, шчыльны вецер бесперапынна свістаў у іх у вушах і бязлітасна трапаў валасамі.

Алеолла нават не спрабавала вырывацца з жалезных абдымкаў Бедалдая. Па-першае, яна баялася, што, калі вырвецца, проста зваліцца на зямлю і разаб’ецца, а па-другое, яна выдатна разумела, што кат не збіраецца рабіць ёй аніякай шкоды.

Ні Бедалдай, ні Алеолла да канца не зразумелі, што адбылося — чаму раптам незразумелая сіла падхапіла Бедалдая і панесла ў невядомым кірунку. Можа, такая ж сіла падхапіла і яе сяброў? Алеолла ўзіралася ўдалеч, ці не ляцяць за ёй Арцін, мастак Дроздзіч і кот Міамурмарор. Яна нават пашкадавала, што яны не разам — а было б цікава паглядзець, як ляцеў бы, распушыўшы агніста-апельсінавы хвост, кот Міамурмарор, які быў бы ў яго выраз на пысцы. Але, на жаль, за імі ніхто не ляцеў — толькі ўдалечыні віднеліся невядомыя цёмныя цені.

1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 73
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)