Дарога ў сто год
- Автор: Цвірка Кастусь
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Дарога ў сто год». Краткое содержание книги:
Пабыў я ў Барэйкаўшчыне i яе ваколіцах некалькі дзён. Гутарачы з людзьмі, слухаючы ix гаворку, я лавіў сябе на думцы, што некаторыя характэрныя для гэтай мясцовасці словы i выразы я ўжо недзе чуў. Толькі потым успомніў: дык гэта ж у Францішка Багушэвіча — «папарскага салаўя». Віленшчына, Ашмяншчына — яго радзіма. Былы фальварак Свіраны, дзе нарадзіўся беларускі паэт, аказваецца, зусім блізка адсюль. Пра гэта мне сказаў былы загадчык Барэйкаўшчынскай пачатковай школы Мікалай Васільевіч Сабалеўскі, добры знаўца беларускай літаратуры, якую ён чытае ў арыгінале.
Дарэчы, пра школы. I ў Рукойнах (ці па-афіцыйнаму Рукайняй), цэнтры сельсавета (за паўтара кіламетра ад Барэйкаўшчыны), i ў іншых вакольных вёсках — школы польскія. Адкрыты яны па жаданню насельніцтва. Як расказаў мне дырэктар Рукайняйскай сярэдняй школы Леанід Ільіч Палонскі, у школе вучні вывучаюць некалькі моў: рускую, польскую, літоўскую i нямецкую. Апрача таго, усе яны нядрэнна ведаюць таксама беларускую. Так што ў гэтых адносінах школьнікі атрымліваюць даволі шырокую адукацыю, што дазваляе ім пасля заканчэння школы арыентавацца ў самай разнастайнай літаратуры.
Я добра пазнаёміўся з адным вучнем Рукайняйскай школы —сямікласнікам Янушам, сынам старшыні сельсавета Эдуарда Аляксандравіча Багуцкага, у якога я начаваў. З Янушам я разам спаў на сене ў адрыне. Перад тым як заснуць, мы доўга размаўлялі. Януш быў вельмі гаваркі. Ён расказваў мне шмат чаго пра школу, пра свае гульні, вучобу. Даведаўшыся, што я з Мінска, ён пачаў дэкламаваць па памяці «Дзеда i бабу» Кандрата Крапівы, «Святога Яна» Якуба Коласа. Праўда, не ведаў, хто напісаў гэтыя творы. Пахваліўся ён i сваімі поспехамі ў літоўскай мове. Ён нават можа ўжо чытаць трохі па-літоўску. Раней яе зусім не разумеў, як i наогул мясцовыя жыхары. Януш расказаў мне пра выпадак, які быў тут пасля вайны. Прыехала з Вільнюса аўталаўка. Адзін хлопчык пайшоў туды купіць цукру. A лавачнік яму i кажа: «Мажукам цукру нера». Гэта азначала — дзецям цукар не прадаецца. Хлопчык перадаў готыя словы бацьку, прозвішча якога якраз было — Мажук. «Нехта, мусіць, набрахаў на мяне: Мажуку, бач, ужо i цукру не дае»,— сказаў бацька i пайшоў выясняць прычыну.
Я аб'ехаў i абхадзіў многія вёскі i вёсачкі Рукайняйскага сельсавета. Запомніў такія з ix, як Крыжоўка (з 1 студзеня 1971 года яна, як i іншыя вёскі, атрымала новую назву — Крышкяліс), Ашмянка (Ашмянеле), Баравыя (Шылінай), Задворцы (Ужудварыс), Навасады (Науяседжай), Падчарпае (Паеджай), Міхайлаўка (Мікалішкес), Зацішша (Рамітэ). Цяпер я меў, хай не поўнае, але ўсё ж нагляднае ўяўленне пра гэты край, пра тую новую зямлю, якая ў апошнія гады паэта жывіла яго звонкую музу.
Знаёмячыся з людзьмі, сярод продкаў якіх жыў Ул. Сыракомля, я лепш разумеў многія творы паэта, лепш разумеў яго самога. Больш зразумелымі рабіліся мне i строфы верша Янкі Купалы «Вясковы лірнік», напісанага тут амаль 50 гадоў назад, калі адзначалася 50-я гадавіна з дня смерці Сыракомлі. Янка Купала, які таксама хадзіў па мясцінах вясковага лірніка, быў у Барэйкаўшчыне i Рукойнах, так пісаў у сваім вершы: