Дарога ў сто год
- Автор: Цвірка Кастусь
- Год: 1974
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Дарога ў сто год». Краткое содержание книги:
Паэт так марыў аб уласным кутку на зямлі, што нават пісьмо да рэдактара газеты «Віленскі веснік» А. Адынца з просьбай змясціць аб'яву аб куплі зямлі напісаў у форме верша. У ім Сыракомля гаворыць, што памешчыкі вясной мараць аб набыцці новых капіталаў, мараць сваім золатам закабаліць як мага болей людзей. Яму ж, паэту, не трэба многа грошай, да якіх ён адносіцца «з пагардай», не трэба вялікіх надзелаў. Ён шчыра прызнаецца:
Між тым, працягвае паэт, пан патрабуе хутчэйшай выплаты за арэнду, бо інакш зусім выганіць з яе, a ляснічы пагражае, што «на камінак дрэва не дасць мне». Таму Сыракомля просіць сябра-рэдактара, каб ён змясціў у сваёй газеце аб'яву пра тое, што адзін сціплы паэт «хоча купіць зямлі з чатыры валокі»,
Нягледзячы на гэта, усё ж газета не дапамагла Сыракомлю.
Аднойчы паэт, завітаўшы да сваіх сяброў у Мінск, пачуў аб продажы ў яго ваколіцах зямлі. Ён праз колькі часу сеў у вазок i рашуча пакаціў да прадаўца.
Прадаўцом аказаўся памешчык Юльян Гарайн, таксама літаратар. Цікава расказвае пра ўсё гэта сам Гарайн, які яшчэ да гэтага добра ведаў па друку Уладзіслава Сыракомлю як паэта, друкаваўся разам з ім у віленскіх выданнях, захапляўся яго вершамі, але вось асабіста з ім не быў знаёмы.
У пакой, піша Гарайн, увайшоў «малы чалавечак, нядбала апрануты, прыгнуты», але «з разумным выразам твару». «Досыць нязграбна пакланіўшыся, папытаў нясмелым, прыцішаным, ды ўсё ж сімпатычным голасам:
— Ці не вы будзеце Юльян Гарайн?
— Але, я. З кім маю гонар...
— Мяне зваць — Людвік Кандратовіч... Я чуў ад нашага, можна сказаць, агульнага прыяцеля, пана Жыські, што вы ў аколіцах Мінска прадаеце невялікі фальварачак. А я маю намер купіць якраз у гэтых мясцінах колькі валок зямлі».
Гарайн запрасіў яго сесці. Выкарыстоўваючы парады пранырлівага i хітрага гандляра Жыські, які падахвоціўся памагчы яму ў гэтай справе, Гарайн пачаў па ўсе лады расхвальваць свой фальварак Рабушкі, хоць замест прыбыткаў ён даваў яму адны толькі страты. У Рабушках, даводзіў прадавец, можна пабудаваць добрую карчму, пасадзіць туды паваротлівага чалавека, i ўжо адно гэта дало б двайны прыбытак уладальніку фальварка. Бо там куплялі б гарэлку не толькі мясцовыя сяляне, але i жыхары суседніх вёсак. Сыракомля адразу ж насцярожыўся:
— Дык, значыць, там у вас ёсць падданыя? — Жыська мне пра тое нічога не казаў.
Пачуўшы, што ў Гарайна ёсць там чатыры хаты з адзінаццаццю душ сялян, Сыракомля ўстаў i ўзяў шапку:
— Вольмі шкадую, што патурбаваў вас. Я хачу купіць фальварак без падданых. Сам з сям'ёю хацеў бы абрабляць зямлю. Бывайце здаровы!
Але размова на гэтым не скончылася. Сыракомля быў запэўнены, што падданыя сяляне з Рабушак выедуць пад Слуцк — яны даўно мараць пасяліцца на слуцкіх чарназёмах. Пасля гэтага паэт згадзіўся паехаць з Гарайнам на агледзіны фальварка.
I вось зграбны панскі вазок нясе абодвух у бок Заслаўя. Памалу распачынаецца гаворка. Пасля некалькіх роспытаў пра гаспадарчыя вартасці той мясцовасці Сыракомля нечакана папытаў:
— A ці ёсць там салаўі?
Пытанне здзівіла Гарайна. Ён пачаў больш пільна прыглядацца да свайго субяседніка, гадаючы, што ж гэта за чалавек. Гарайна цікавіла адно: як бы з найбольшай выгадай збыць свой няўдалы фальварак, i ён ізноў загаварыў пра яго даброты: