Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Вёска. Нічые. Рэвізія - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вёска. Нічые. Рэвізія

Электронная книга - «Вёска. Нічые. Рэвізія». Краткое содержание книги:

Аповесці Нічые, Вёска і раман Рэвізія, што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 198
Перейти на страницу:

Якое ж было яго здзіўленне і радасць, калі неўзабаве, дні праз два пасля выпадку ў бібліятэцы з Ірэнаю, да яго ў госці, у вёску, прыбыў уласнай персонаю Алесь Рамановіч!

Перад яго прыездам, у гэтыя два дні, было наступнае: пасля той ночы з Ірэнаю Васкевіч прачнуўся раніцаю ў бібліятэцы — ён спаў на састаўленых крэслах. Ірэна сышла ўночы. Ён падскочыў і сеў, успомніўшы усё, загадзя паціраючы лоб і скроні, чакаючы знаёмага прыступу пахмельнага болю. Але нічога не балела, не хацелася нават вады, цела здавалася лёгкім, галава была яснай... І вось гэта якраз і было горш за ўсё. Не цела, а душа балела.

Ён азірнуўся на сябе, як жыў у гэты апошні час. Працу запусціў, п’янстваваў, свядома ці несвядома «зводзіў у блуд» дзяўчынку-школьніцу... Мучыў сваю душу і цела, думаючы, што гэта ён робіць некаму назло. І каму ён гэтым рабіў горш? Акрамя самога сябе?

Дакаціўся да ручкі — у прамым і пераносным значэнні... П’яны, з п’янай дзеўкаю, у бібліятэцы, ледзь не на вачах ва ўсіх, — а гэта ж вёска, ад каго тут, як маці кажа, схаваешся?!

Падтасоўкі вечныя ў планах, справаздачах — няўжо гэта ніколі не выплыве?!

У той дзень Васкевіч не пайшоў дадому, так галодны і прасядзеў у бібліятэцы да вечара: прыбраў, памыў падлогу, зрабіў вопіс новых кніг, якія, нераспакаваныя, ужо з месяц валяліся пад «кафедрай», расставіў іх, падшыў газеты, часопісы... Цяга да ачышчэння была моцная, прытрымліваючыся якой ён змог бы не проста існаваць — а жыць. Ён запісаў у свой сшытак па пунктах, каб лягчэй разабрацца:

1. «Я не люблю пьяных, но знаю нюдей, которые, выпив, становятся интересными, приобретают несвойственные им, трезвым, остроумие, красоту мысли, ловкость и богатство слов. Тогда я готов благословлять вино».

«А гэта ж пра мяне, Васкевіча! Які я бываю нацягнуты, скаваны з Наташаю, сам з сабою, з людзьмі, калі цвярозы! І як пачынаю ўсё любіць, калі п’яны! Можа, нармальнае становішча чалавека якраз і павінна быць — лёгкае ап’яненне, эйфарыя? І ці было б у мяне тое з Ірэн, цвярозага?..

Але Божа мой, — як уяўлю сябе на месцы таго «остроумного, интересного» чалавека раніцаю пасля тыдня ўжывання Ручкавай самагонкі!.. Не, з гэтым нешта трэба думаць.

2. Лена — Наташа — Ірэн. Лены ва мне ўжо няма. Ірэн... вось што мне, аказваецца, трэба было, а не дзіця Наташа. Не, Наташу люблю — душу яе, вочы, форму школьную на ёй; люблю, калі яна сядзіць тут і калі на развітанне першая лезе цалавацца... Люблю за тое, што людзі нібыта больш цэняць і паважаюць мяне, бачачы, што яна за мной бегае... Але кофтачка яе сястрынская, але матчыны словы: «Ты знаеш, з якой яна сям’і?», але яе самой словы: «Чаму ты не спрабуеш са мной?..»

Падумаеш пра гэта — і ўся любоў некуды знікае...

3. Я, Антон Васкевіч, студэнт-недавучка, «авечка заблудная» на дарозе паміж дзвюма вёскамі... Думаў многа, піў многа, чытаў многа, у адзіноце быў многа, пазнаёміўся з новымі людзьмі, закахаў у сябе дзяўчыну, пераспаў з б... І што? Нічога. Перастаў зусім разбіраць, што добра, што кепска, перастаў ведаць, для чаго жыву. Сам сябе перастаў пазнаваць.

4. І самае важнае — ВЁСКА. Чаго я тут, хто я тут? Некалі зімою гаварыў матцы: «Я пастрадаў за тое, што люблю вас, вашу мову, звычкі...», казаў і сам верыў, бо яшчэ Менск з галавы не выветрыўся. Добра любіць на адлегласці, едучы ў метро, п’ючы ў інтэрнаце віно ці седзячы на лекцыі ў будыніне ў цэнтры Менска... А тут?

Ды ці любяць яны самі сябе, гэтую мову сваю, звычкі?! Самыя тыповыя іхнія пра сябе выказванні: «Язык ні польскі, ні конскі», «Гаруем-гаруем невядома на якога чорта, так прапала жызь — цьфу!» Пішу цяпер, а па «Сокалу» перадаюць інтэрв’ю з нейкай бабкай з-пад Лельчыц:

— Так добрэ жывом!.. Адно, што ета гласнасьць, ды яшчэ Чарнобыль нас папутаў... А так — жыві не хачу! — і без ніякага пераходу, на ўвесь дынамік:

— Пасеялі дзеўкі лён!

Пасеялі бабы лён!..

Вось так і ўсё жыццё, на адных інстынктах. Або нядаўна чытаў у кнізе, як вясковы дзядзька касіў і штораз спыняўся на паўзамаху, задзіраў галаву, любуючыся жураўліным клінам, ці прыслухоўваўся да птушынага спеву, ці разглядаў абрысы лесу ў ранішняй сонечнай смузе, ці прысядаў на коленцы і браў у далоні якуюсь незвычайнага хараства кветку... Ах, якая ж гэта няпраўда, які фальш! Адкуль гэты тып вясковага рамантыка, якіх я, колькі жыву, ні ў воднай вёсцы не бачыў? Са школьнай праграмы? «Хорь и Калиныч»... «Землю попашет, попишет стихи»... Дык рускі мужык ёсць рускі, ён яшчэ не такое можа, у яго сена будзе гніць пад дажджом, і конь стаяць няпоены, і дзеці галодныя сядзець па лаўках, а ён тыдзень будзе ў карчме «отплясывать», і рваць на грудзях кашулю, і крычаць пра «грусть-тоску лютую, небывалую!»... Герасім, утапіўшы Му-Му, плакаў ад гора, а наш добранькі Пульс, у якога сучка кожны год шчэніцца, папіхае сляпых сабачанят у панчоху і кідае ў рэчку, яшчэ і дрынам з берага прытопіць.

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 198
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)