Падары нам дрэва
- Автор: Сипаков Иван Данилович
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- ISBN: 985-05-0046-8
- Жанр: Детское фэнтези
Электронная книга - «Падары нам дрэва». Краткое содержание книги:
Зацікавяць чытача таксама прытчы і метафары.
І тут жа, уявіўшы, як адразу падымецца ўсё і ажыве, як немагчыма будзе яму ўратавацца ад жалеза, Радзім перасмыкнуўся: не, вучыць робата, як рабіць акумулятар, ён не будзе — няхай сам дадумаецца.
А вось падключыць робата да разеткі ён абавязаны. Каб ніякім чынам не ўплываць на жыццё папуляцыі. Хадзіў па крузе да яго, няхай ходзіць і пасля яго.
Але як гэта зрабіць? Ён жа такі цяжкі, а да разеткі давядзецца цягнуць.
Падышоў да разеткі, намацаў у цемры шнур, нацягнуў яго — не хапала з паўметра. Вярнуўся да робата, паспрабаваў валачы яго. Але, нават прыўзняўшы крыху ногі, не змог скрануць мерцвяка і з месца. Тады Радзім пачаў каціць яго. І гэта было цяжка, аднак нешта ўсё ж крыху выходзіла — разгайдаўшы робата, Радзіму ўдалося перакуліць яго на другі бок. Адпачыўшы, ён перакаціў жалеза яшчэ раз.
Калі адчуў, што ўжо хопіць каціць, выпрастаўся, выцер з ілба нот даланёю — бачыш, як угрэўся, аж у пот кінула! — і прысеў на робата: ці то міжволі, ці то свядома, каб абразіць у апошні раз жалеза — маўляў, праз хвіліну я буду цябе баяцца, а вось зараз сяджу на табе і што захачу, магу з табою зрабіць.
Радзім падняўся, падышоў да разеткі. Перад тым як уторкнуць у яе штэпсель, пастаяў, падумаў — як усё роўна рабіў нейкую вельмі важную справу, на якую трэба асмеліцца, адважыцца. Затым паспешліва ўторкнуў два пальцы штэпселя і той жа момант хуценька адбегся ад разеткі — У другі бок ад таго месца, дзе ляжаў мярцвяк.
Робат, ажыўшы, падымаўся паволі — удалечыні рыпела жалеза, крахтаў ён сам. Калі ўжо, мусіць, стаў на ногі зусім — у тым баку ўсё заціхла, — Радзім адважыўся загаварыць да яго:
— Ну што, не атрымалася?
— Пакуль не атрымалася, — зусім спакойна згадзіўся з ім робат. — Але дужа не радуйся. Я настойлівы. І ў мяне абавязкова ўсё некалі атрымаецца…
— Калі?
— Магло б і сёння.
— А цяпер калі?
— Не ведаю. Але буду працаваць. І павер мне, я сам дайду да рубільніка. І ўключу яго. Бачыш, колькі я жалеззя паназбіраў? Адбягуся, схаплю што-небудзь — і зноў да разеткі імчуся. Я яшчэ не ведаю, на што яно спатрэбіцца, але няхай будзе… І я прыдумаю, як запасіць энергію, каб быць незалежным ад разеткі. Я ўключу рубільнік!
Забразгатала жалеза, і Радзім зразумеў, што робат ідзе ў яго бок. І хоць ён і так ужо быў далёка ад круга, па якім хадзіў той, усё ж спасцярожліва адышоўся яшчэ далей — каб нельга было дастаць. Робат спыніўся, мусіць, непадалёку — зноў вельмі запахла жалезам і разагрэтым машынным маслам. А можа, гэта ўжо пахла і ад яго самога — набраўся пахаў, як каціў робата і сядзеў на ім.
— Слухай, а навошта ты ўключыў мяне? Ты ж ведаеш, калі я дайду да рубільніка, калі ажыўлю суродзічаў, яны цябе пакараюць як злачынца. А па-простаму — затопчуць. Ты ж іх загубіў.
— Але ж я ажывіў цябе, — перайшоў на «ты» Радзім.
— Ты разлічваеш на маю дапамогу? Аднак тады ўжо я нічога не змагу зрабіць. Мяне проста ніхто не паслухае.
Зноў залязгацела жалеза — мусіць, робат пайшоў па крузе далей.
І раптам нечакана зашуршала ў скафандры, а потым пачуўся Оін голас:
— Радзім, дзе ты дзеўся?
— А я тут дарогу да цябе распытваю, — узрадаваны, што загаварыла Оя, засмяяўся ён.
— У каго?
— У аднаго чалавека.
— У каго, у каго?
— У жалязякі.
— Хто гаворыць? Хто гаворыць? — адразу стаўшы камп'ютэрам, занепакоіўся, пачаў дапытвацца робат. — Хто на сувязі?
— Чуеш, у мяне дапытваюцца, хто ты.
Оя, відаць, нічога не разумела, не ведала, радавацца ёй ці засмучацца, што на гэтым халодным Жалезным Хаосе апрача іх дваіх з'явіўся яшчэ хтосьці трэці.
— Радзім, з кім ты гаворыш? — хвалявалася яна.
— З жывым робатам, — і адчуваючы, што яна ўсё роўна нічога не разумее, не стаў тлумачыць, паабяцаў: — Я табе потым раскажу.
Робат стаяў — жалеза не бразгала — і слухаў, нібыта і ён чуў усё тое, што гаварыла Оя ў скафандр Радзіму.
— Гэта зэмка, — упэўнена, нібы сам сабе, нарэшце сказаў робат. — А я думаў, што нехта з Дурбудзіі…
— Адкуль ты даведаўся, што гэта зэмка?
— Па мове. У Дурбудзіі і Талямаліі не так гавораць. Толькі зэмы так вымаўляюць «г».
Пачуўшы такое, Радзім здзівіўся. І задумаўся: цікава, яны з Ояй гавораць па-беларуску, а робат іх разумее. Ды і з ім Радзім гаворыць па-свойму, той адказвае яму, канечне ж, па-свойму, а ў скафандры ён зноў жа чуе сваю беларускую мову.
— А дзе зэмка цяпер? — нечакана спытаўся робат.