Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Роман, новелла » Дзве душы
Дзве душы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дзве душы

Электронная книга - «Дзве душы». Краткое содержание книги:

Заможны памешчык Абдзіраловіч, аўдавелы пасля трагічнага выпадку, давярае свайго малога Ігналіка карміліцы. А тая, жадаючы лепшай долі свайму дзіцяці, пераменьвае немаўлят. Пасля абодва — Ігнат і Васіль — праходзяць праз рэвалюцыю, Грамадзянскую вайну. Пры гэтым асаблівая аўтарская ўвага скіраваная на светабачанне Ігната Абдзіраловіча, які пакутуе ад раздваення душы — у рэчах, простых на першы погляд, бачыць палярныя бакі і разрываецца паміж процілегласцямі, не ведаючы, да якога берага прыстаць.
Твор зрабіў вялікі ўплыў на беларускую філасофію. У прыватнасці, Ігнат Канчэўскі пры напісанні праграмнага эсэ беларускай філасофіі «Адвечным шляхам» узяў як псеўданім прозвішча галоўнага героя «Дзвюх душ» — Ігнат Абдзіраловіч.
1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 46
Перейти на страницу:

— Не, забыцца, — я не забыўся, але бадай што й вызначыўся…

— А-а-а, ну, ну, цікава! — крыкнуў Карпавіч. Падняў голаў на яго й Васіль; толькі Гарэлік не заўважаў і пускаў а пускаў клубкамі дым.

— Я, бачыце, як беларус, патроху знаходжу сябе ў беларускай нацыянальнай і сацыяльнай свядомасці.

— Не зусім я нешта цямлю, — сказаў з чуць прыкметнай насмешкаю Гаршчок, — але чаму гэта «патроху»?

— А што тут цяміць? — загаманіў Гарэлік. — Таварыш, як відаць самасційнік яшчэ аднэй, здаецца, зусім новай — беларускай фармацыі. Украінскіх то я добра знаю, бо расстрэліваў сваімі рукамі, як быў на паўдзённым фронце…

Усе троху памаўчалі, бо зрабілася быццам прыкра. Тады Карпавіч неўспадзеўкі сказаў:

— О, то й я знаю самасційнікаў, навет беларускіх. Двух гэткіх прывялі ў нашу «чразвычайку» за контррэвалюцыйную прапаганду. Але не йму веры, каб таварыш Абдзіраловіч займаўся тым самым, чым яны.

Карпавіч кульгануў, сеўшы за стол наўпроці яго, і ўстроміў свае вочы ў яго вочы. Абдзіраловіч не заплюскаў і даволі спакойна сказаў:

— А ці не ведаеце, як іх фаміліі? Можа быць, якраз у гэтай справе я і прыйшоў да вас прасіць помачы і рады.

— А-а-а, вун яно што, — ухільна адказаў Гаршчок, — ды, можа, после аб гэтым, а цяпер — не пагрэбуйце: што душа мае, тым і прымае, — запрашаў ён госцяў на вячэру. Як ні адпрашаліся Васіль і Абдзіраловіч, а ткі селі вячэраць. Ахмет, татарын з Несвіжу, быўшы салдат, а цяпер не то дзяншчык, не то кухар, разам са страваю падаў чаркі і бутэльку каньяку. Абдзіраловіч, здаецца, ужо з год як не меў прыгоды не толькі піць, але і бачыць гарэлкі. Гутарка цяпер спачатку не ляпілася, але Гарэлік і Гаршчок націснулі на чаркі і загаманілі весялей.

О, шмат чаго нейзвычайнага пачуў Абдзіраловіч ад іх, калі паўпіваліся і пачалі буруздзіць абы-што. Колькі раз парываўся ўцячы адгэтуль, бо чуў, быццам нешта ліпкае, жудаснае наліпаець на яго, а ў горле сцінаець дыханне, калі яны хвалілісь абодва, адзін перад адным, сваімі паслугамі рэвалюцыі, як забівалі людзей. Ён бачыў, як прыкра было Васілю, як той часам мучыўся, бачыў і сам тож мучыўся, але цікавасць (бо гэта было для яго навіною) змяншала яго мукі. Ен шкадаваў, што трапіў сюды ў гэткі дрэнны час, і губіў надзею дайсці парадку з Карпавічам у сваёй справе і выпрасіць помачы для вызвалення Міколы і яго таварыша вучня. А Карпавіч выслаў Ахмета ў кінематограф ці куды ён хочаць, пазачыняў дзверы і пазавешваў вокны, прынёс яшчэ каньяку і ў збане цеплаватай, летнай кавы дый апанаваў гасцей п'яным гоманам. А памагаў яму, быццам жартуючы, Гарэлік.

— Дрэннае, брат, дрэннае тваё самаазначэнне, — казаў Гаршчок Абдзіраловічу, калі язык у яго зусім плетухаўся. — Дрэннае, брат ты мой, — стукаў ён яго па плячу кулаком, — бо ўсё гэта панскія штучкі, каб пасварыць нас про… проле… лелелета-арыяў. Я ведаю, ты — панскі сын і глядзіш на мяне і смяешся, думаеш: напіўся чалавек, як свінтус, а яшчэ бальшавік. А я, брат ты мой, п'ю не з радасці, а з гора… Гора нам вялікае! Колькі про… проле… лелелета-арыяў загубілі, кроў разлілі, а рэ-во-лю-цы-ю яшчэ не ўратавалі ад паноў усяго свету, не, брат ты мой, во што я табе скажу… Налівай мне яшчэ, Гарэлік! Я хачу выпіць з гэтым бералу… бела-ру-сам. І няхай жыве інцанал… інцына-ра-цынал… ін-тэр-на-цы-я-нал! Няхай жыве!!

— Няхай жыве! — крычэў п'яны Гарэлік. — Крычы, а то расстраляю за контррэвалюцыю, ну!

— Няхай жыве, — казаў Абдзіраловіч, а Васіль церабіў пушанку з кансервамі, каб іх не слухаць, і не слухаў, засмучоны.

— Ну, таварыш, дзёрнем за вашу самасційную мову і… за богам створанае хараство, ці што… Не за хараство вашае мовы, не, бо яна, таварыш, пакуль што мала скобленая і некультурная, а за жывое, богам створанае хараство, за дзевачак, ці што… — так буруздзіў Гарэлік Абдзіраловічу, нібыто надта ўжо п'яны, што й нічога не разумее. Але, націснуўшы на некаторыя словы, быццам будзячы ў свайго субяседніка даўныя і толькі ім вядомыя ўспамінкі, ён так зірнуў у вочы Абдзіраловічу, што той як слова чуў: «Я цябе пазнаў, і ты мяне пазнаў. І не дзіва. Але дзіва, што дзе гэта мы сустрэліся? І што з таго ўсяго будзе? Так?»

І на гэтым ён не застанавіўся, а пачаў пераказваць Абдзіраловічу, чаго кульгаець Карпавіч, — быццам той не ведаў. Ён намаляваў яму абразок, як сам раніў Карпавіча. А Карпавіч замінаў яму п'яным языком:

— Не пераказуй яму, таварыш Гарэлік, не пераказуй, чуеш, ну? Лепей бо за цябе ён ведаець аб тым. Ён жа мой даўны знаёмы, а ты чуў гэта ад мяне толькі, чуеш, ну? Ён сам там быў!

1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 46
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)