Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Гляну я ў аконца…
Гляну я ў аконца… - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Гляну я ў аконца…

Электронная книга - «Гляну я ў аконца…». Краткое содержание книги:

«Гляну я ў аконца…» — другі раман з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Аўтар з уласцівай яму каларытнасцю распавядае пра закрытае і поўнае таямніц зладзейскае асяроддзе Менска пачатку XX стагоддзя.
Дзеянне рамана ахоплівае перыяд з ранняй вясны 1918 да жніўня 1919 года, час краху імперый і ваяўнічага паўставання новых дзяржаў. Той парой у Менску як у вялікім прыфрантавым горадзе з шырокімі магчымасцямі для прафесійных злачынцаў канцэнтраваліся прайдзісветы з самых розных краёў.
Пасля «Яблычка» нас чакае працяг гісторыі «фірмовага» злодзея Аліка Барана, яго падступнай каханкі Паўлінкі і яго таленавітага вучня Яся Нацэвіча, а таксама небяспечныя прыгоды новых герояў. Перад вачыма чытача праходзіць стракаты карагод узломшчыкаў, махляроў, авантурыстаў — жанчын і мужчын, «тузоў» і «пешак» — а таксама разварочваецца цэлы веер метадаў іх працы. Над зладзейскім кланам Менска збіраюцца хмары — гульня ідзе на жыццё і свабоду.
1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 75
Перейти на страницу:

— Жыве трэці інтэрнацыянал!

Усе здзіўлена глядзелі на яго. І не ўсе зразумелі, пра што вядзецца. А Залаты Зуб сур’ёзна заявіў:

— Не трэба пужацца, прашу вас. Звычайна ён спакойны. Гэта яму гарэлка ў мозгі ўдарыла. Пачатак белай гарачкі.

— Чырвонай… — кінуў Жаба.

Але Чэсік Свабода не сумяўся ад такой рэакцыі на свой тост і пачаў тлумачыць:

— Мы як люмпен-пралетарыі…

— Цьху! Глядзі, не падавіся гэтым выразам, — сказаў Мангол.

— …павінны з асаблівай удзячнасцю ставіцца да Леніна і Троцкага… Яны дадуць нам магчымасць…

Янка Залаты Зуб устаў і, пераймаючы Чэсікаў пафас, пачаў яшчэ гучней працягваць ягоную прамову:

— ….жэрці сечку, сядзець у турме, замест адзення насіць транспаранты і штандары!

Тост Свабоды быў адхілены.

Тым часам Пятрок Парадак настройваў сваю скрыпку. Пасля заняў месца ля дзвярэй, дзе быў вольны кут. Пакуль не пачнуцца танцы — а бяседа зацягнулася, — ён вырашыў зайграць гасцям проста так. Пачаў з марша. Граў ён зухавата, ахвотна, з прыемнасцю. Размова перапынілася, пасля стала зусім ціха.

Калі Парадак скончыў марш, дзверы з імпэтам адчыніліся і ў пакой, цяжка ступаючы, увайшоў Ісай. Ён перашкодзіў Парадку граць… Музыка сціхла. Прыхадзень стаяў і вылупленымі вачыма аглядаў таварыства. Некаторых ён ведаў. Але не разлічваў убачыць так добра апранутых гасцей. Гэта яго збянтэжыла. Таму ён стаяў і маўчаў, водзячы вачыма па прысутных.

— Дзверы зачыні! — кінула яму Кася, якая пазнала хулігана і была непрыемна здзіўлена ягоным з’яўленнем.

— А ў яго дома не было дзвярэй, — адгукнуўся Янка Залаты Зуб. — Карова з’ела, бо саламяныя былі.

Хтосьці пырснуў смехам. Гэта быццам абудзіла Ісая. Ён зрабіў яшчэ крок наперад і тыцнуў пальцам у кірунку Ядзі.

— Ядзька, ідзі дамоў!

— Бо што? — здзівілася дзяўчына.

— Маці кліча!

— Маці мне дазволіла!.. Гэта не твая справа!

— Ідзі, бо горш будзе! — бліснуў вачыма Ісай.

— Не пайду я! Ідзі адсюль!

Тады адгукнуўся Філіп Лысы:

— Паненка паўнагадовая і ведае, што робіць… То чаго вам ад яе трэба? Я вас пытаю!

— Я хачу адвесці яе дамоў, бо я ейны сваяк.

Ісай узяўся кулакамі ў бокі і з’едліва сказаў:

— А скажыце вы мне, мой дарагі пане Філіпе, дзе ж гэта вы валасы згубілі? Нават пры святле не бачна.

На вуснах прысутных з’явілася колькі ўсмешак. Ніхто не прымаў скандал усур’ёз. Не ўсе нават зразумелі, у чым справа. Ісаева шпілька Філіпа раззлавала, але, удаючы спакой, ён сказаў:

— Валасы то і ў малпы ёсць. Трэба мець добрае выхаванне.

— Што гэта за фікус? — гучна спытаў Жаба, мераючы вачыма Ісая як нейкі рэдкі экзэмпляр.

Тады Кася, быццам шылам параненая, падарвалася са свайго месца і, падскочыўшы да Ісая, паказала яму пальцам на дзверы:

— Пайшоў прэч адсюль!

Ісай крыва ўсміхнуўся.

— А не пайду. Хай Ядзька са мной ідзе.

— А вось і пойдзеш!

Тады з-за стала, нізка нахіляючы галаву, падняўся Пецька Бык.

Ісай павярнуўся да яго:

— Ты б хоць шапкай морду закрыў. Такі брыдкі, што на ваніты цягне.

Янка Залаты Зуб і Мангол быццам з цікаўнасці падышлі да Ісая. Адчувалі, што збіраецца на скандал. Ісай пачаў адступаць да дзвярэй.

— Ядзька, хадзем дадому, бо горш будзе!

Адступаючы, Ісай натыкнуўся на Парадка. Той адпіхнуў яго рукой і паклаў скрыпку. Пасля ўзяў з падаконня бутэльку гарэлкі і выцяў ёю Ісая па галаве. Пляшка разляцелася на кавалкі, засыпаючы шклом падлогу. Ісай адступіў. Гэты ўдар яму аніяк не пашкодзіў, толькі твар стаў мокры. Здзіўлены, ён павярнуўся да Парадка.

— Нашто ж вы мяне пляшкай цюкнулі?

— А што мне, кулаком цябе цюкаць? Мая рука для скрыпкі, а не для тваёй хамскай морды.

Але насуперак сваім словам Парадак маланкавым ударам ляснуў Ісая ў сківіцу. Хуліган захістаўся. Хацеў ударыць Парадка, але той спрытна ўхіліўся. Тады збоку з’явіўся Мангол. Схапіў у паветры занесеную для ўдару Ісаеву руку і жалезным хватам узломшчыка закруціў яе за спіну. Пасля павёў Ісая да выхаду. Там Пецька Бык схапіў яго ззаду за каўнер і вывеў з сенцаў на ганак, дзе яго скінулі з прыступак.

Ісай падняўся з зямлі і хутка выйшаў на вуліцу. Пецька Бык выйшаў за ім. Было зусім светла, таму пры святле месяца ён бачыў, як Ісай таропка сыходзіць. Тады Бык вярнуўся ў кватэру.

— Што гэта за гарлапан? — спытаў Жаба. — Злодзей ці фраер?

— Такі сабе люй[30], — сказаў Філіп. — У коней сняданкі крадзе.

вернуться

30

Люй — хам.

1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 75
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)