Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Гляну я ў аконца…
Гляну я ў аконца… - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Гляну я ў аконца…

Электронная книга - «Гляну я ў аконца…». Краткое содержание книги:

«Гляну я ў аконца…» — другі раман з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, славутага польска-беларускага празаіка. Аўтар з уласцівай яму каларытнасцю распавядае пра закрытае і поўнае таямніц зладзейскае асяроддзе Менска пачатку XX стагоддзя.
Дзеянне рамана ахоплівае перыяд з ранняй вясны 1918 да жніўня 1919 года, час краху імперый і ваяўнічага паўставання новых дзяржаў. Той парой у Менску як у вялікім прыфрантавым горадзе з шырокімі магчымасцямі для прафесійных злачынцаў канцэнтраваліся прайдзісветы з самых розных краёў.
Пасля «Яблычка» нас чакае працяг гісторыі «фірмовага» злодзея Аліка Барана, яго падступнай каханкі Паўлінкі і яго таленавітага вучня Яся Нацэвіча, а таксама небяспечныя прыгоды новых герояў. Перад вачыма чытача праходзіць стракаты карагод узломшчыкаў, махляроў, авантурыстаў — жанчын і мужчын, «тузоў» і «пешак» — а таксама разварочваецца цэлы веер метадаў іх працы. Над зладзейскім кланам Менска збіраюцца хмары — гульня ідзе на жыццё і свабоду.
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 75
Перейти на страницу:

Калі госці ўжо сядзелі за сталом і налілі па першым кілішку, дзверы адчыніліся і ў пакой урачыста ўвайшоў Філіп Лысы. Ён быў у вечаровым строі, бліскучы, далікатна пахучы, паголены да ззяння майстар фарсавання. Зладзейскі арыстакрат, хадзячая злачынная знакамітасць.

— Вітаю шаноўнае таварыства! — урачыста і свабодна прамовіў Філіп. — Мілай гаспадыні маё шанаванне і найлепшыя пажаданні ад шчырага сэрца!

Ён пацалаваў Касіну руку, чаго злодзеі ў сваім таварыстве не робяць. Пасля, згодна з этыкетам, прывітаўся з жанчынамі, пасля з прыяцелямі. Жаба пры гэтым злёгку прымружыў вока і зірнуў на Мангола. Абодва згодна ўсміхнуліся. Яны цанілі Філіпа як злодзея, але іх забаўлялі яго ненатуральныя манеры. «Графа рэжа», — казалі яны. Каб Філіп не быў такім салідным злодзеем, яму б з’едліва дапякалі. А так не выпадала, бо ён належаў да іх хеўры і на многіх работах і ў турмах паказаў сябе як салідны калега. Таму ягоны «арыстакратызм» трывалі як дзівацтва.

Кася падарвалася з крэсла, каб саступіць сваё месца Філіпу, але той быў катэгарычна супраць і сеў на канцы стала. Пасля агульных пратэстаў пытанне было вырашана: крэслы ссунулі і даставілі яшчэ адно для Філіпа; паміж Касяй Залатой Трубой і Манголам.

— Ну, будзьма, — прамовіў Жаба, — бо ад гарэлкі кілішкам патыхаць будзе.

І гарэлка шчодра палілася ў кілішкі. Скрыпач Парадак сядзеў разам з гасцямі за сталом і піў, не саступаючы ім. Кацярына Сперда абслугоўвала бяседнікаў, прычым Манголу, свайму колішняму кватаранту (і каханку), прыносіла найлепшыя кавалкі.

Жанчыны пілі гарэлку памяркоўна і крыху манерна, толькі Тоська Сарока старанна падтрымлівала тосты і салідна, але эстэтычна ела. А Філіп Лысы проста адпраўляў святочнае набажэнства. І так спрытна ўпраўляўся ля стала, што ягоны бліскучы пярсцёнак з брыльянтам толькі і мільгаў. Адначасова ён вёў таварыскую размоўку з Касяй і выразна заляцаўся да Ядзі Рудой, што надзвычай забаўляла Янку і Жабу. Але дзяўчына даволі прыхільна спадцішка прыглядалася да Філіпа і нават некалькі разоў усміхнулася, што, урэшце, прывяло старога, чулага да дзявочай прыгажосці злодзея ў экстаз. «Ах, каб толькі не гэтая подлая лысіна!»

Ясю, які сядзеў паміж Моркаўкам і Быком, не было з кім паразмаўляць, таму ён, не губляючы часу, піў і еў і адначасова з цікаўнасцю прыслухоўваўся да размоў. Яго даймала жаданне памяняцца месцам з Быком і сесці поруч з Анкай Афрыканкай.

У той час, калі ў кватэры Кацярыны Сперды адбываўся ўрачысты прыём у гонар Касі Залатой Трубы, Ісай — знакаміты камароўскі хуліган — піў з чатырма прыяцелямі ў скупшчыцы Чорнай Ханы. Мінулай ноччу яны зрэзалі ў балагулы Шлёмы Гоя два складныя дашкі з брычкі і знялі з колаў гумы. Прадалі ўсё гэта скупшчыцы і частаваліся гарэліцай.

Чорная Хана з ахвотай пазбылася б іх і наогул ніякіх інтарэсаў з імі не мела, бо часта з гэтага вынікалі непрыемнасці, але баялася, каб хуліганы не нарабілі ёй вэрхалу, таму хоць і неахвотна, але прымала іх.

Ісай калісьці быў мясніком, але ўвесь час краў мяса, і пасля некалькіх заўваг яго выгналі. Тады ён уступіў у арцель вакзальных насільшчыкаў. Але і там доўга не пратрымаўся: штосьці скраў і трапіў у турму.

Гетман камароўскіх хуліганаў быў высокага росту, плячысты і надзвычайна дужы. Вочы ў яго былі злосныя, маленькія, шпаркія. На вуснах — хітрая ўсмешка. Сябе ён лічыў вельмі разумным. Тым часам быў ён дурны настолькі ж, наколькі дужы. Таксама Ісай лічыў сябе злодзеем, бо і краў, і сядзеў у турме. Але злодзеі яго пазбягалі, бо амаль за кожны крадзеж ён трапляў у вулей. Неяк сталася так, што Ісай трапіўся на нейкім крадзяжы і ў паліцыі, калі яго ўзялі ў абарот, выдаў супольнікаў. Гэта канчаткова дыскрэдытавала яго ў вачах прафесійных злодзеяў. І ніхто з іх не жадаў мець з ім спраў.

На Камароўцы Ісай меў шырокія магчымасці праявіць сябе. Сабраў вакол сябе шмат сябрукоў і гойсаў у іх таварыстве, атручваючы іншым жыццё. Яны абкрадалі гарышчы, прыбудоўкі. Кралі коз, курэй, нават бульбу са склепаў. Акрамя гэтага, яны тэрарызавалі дробных злодзеяў (пераважна паточнікаў) і бралі даніну з іх работы.

Амаль штодзённа Ісай уздымаў дзесьці бойку. Нават і без нагоды. Сябе ён не бярог, таму трапіць пад раздачу не баяўся. Ён паўсюль шукаў звады і скандаліў. Але калі загадзя адчуваў, што прайграе, то прыдзірак пазбягаў. Найлепшых злодзеяў таксама не чапаў, бо ведаў, што такі не дасць сябе зневажаць і, нават калі будзе нашмат слабейшы, адрэагуе нажом, а то і рэвальверам.

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 75
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)