Віленскія камунары [calibre 3.42.0]
- Автор: Горецкий Максим Иванович
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Віленскія камунары [calibre 3.42.0]». Краткое содержание книги:
Нямала і я туды кніжачак прыцягнуў. Бо калі рускія выйшлі, яны кінулі ў горадзе ўсё ў поўным бязладдзі. Дык рабочыя, ходзячы на работу, калі бачылі, што валяецца рэч без гаспадара, цягнулі яе на Варонюю.
Хто прынёс стульчык, хто столік, а мне і яшчэ некаторым таварышам ручыла на кнігі. І так, патрошку-патрошку, сабралася ў нас на Вароняй свая бібліятэка ў некалькі тысяч тамоў. Інтэлігенцыя наша потым яшчэ знедкуль нейкія кнігі туды далучыла. Чытаць было што.
* * *
Арганізавалі лекцыі. Чыталі іх Эйдукевіч, Кейрыс, доктар Банькоўскі, таварыш Сахоцкі (тады пэпээсавец), беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч-Кейрыс, што была больш усім вядома пад сваім літаратурным прозвішчам — Цётка, і іншыя.
Як цяпер я добра разумею, у лекцыях быў палітычны разнабой. А тады я гэты разнабой не столькі разумеў, колькі адчуваў. Але адчуваў усё ж даволі добра, што, напрыклад, Эйдукевіч найбліжэй падыходзіць да рабочых, Кейрыс (лідэр літоўскае сацыял-дэмакратыі) ухіляецца ў літоўскі нацыяналізм, Цётка (жонка Кейрыса) з аднаго боку — дужа моцна кранае струны рабочага сэрца, а з другога боку — і яна, не-не дый ударыцца ў нацыяналізм беларускі...
Адным словам, у сэнсе палітычна-партыйным цягнулі пашы лектары «кто в лес, кто по дрова»... Пры ўсім тым, абуджалі яны ў рабочых масах сацыяльную свядомасць, не давалі драмаць класаваму пачуццю. І рабочыя праз іх лекцыі рабіліся наогул больш пісьменнымі, больш развітымі людзьмі.
Лекцыі ж былі, галоўным чынам, на агульнанавуковыя тэмы. Бо немцы пільна прыглядаліся і сачылі за ўсім, што робіцца ў Рабочым клубе на Вароняй.
Аднойчы, калі чытаў лекцыю вядомы адвакат Тадэуш Урублеўскі (што некалі абараняў на судзе лейтэнанта Шміта), у залу нечакана прыйшлі немцы — рабіць праверку сабраных.
На лекцыі той раз шмат было людзей інтэлігентнага выгляду, ці тое «чыста» адзетых. Немцы, мусіць, узялі гэта пад увагу. Запісалі толькі Эйдукевіча і чалавек двух рабочых і пайшлі.
* * *
Аднак жа нацыяналізм некаторых правадыроў знаходзіў тады свой водгук і ў некаторых рабочых, што бліжэй стаялі да гэтых правадыроў. Вядома, калі арганізм кволы, а ліпучая хвароба да яго блізка, дык яна ўжо прыліпне...
Хадзіў у клуб адзін рабочы, кульгавы Смалайліс, чалавек, блізкі да літоўскіх нацыяналістаў. Ён то жартам, то як, а ўсё паціхеньку вёў сваю літоўскую прапаганду. Аднойчы, пры мне, прычапіўся ён да старога Мацейшыса, таксама родам ліцвіна, але ўжо з польскаю разгаворнаю моваю.
— Ты літовец. Чаму ганьбуеш сваю родную мову? — кажа яму Смалайліс.
А Мацейшысу, мусіць, ужо дакучылі і абрыдлі яго песні. І ён, заўсёды з усімі такі ласкавы і ветлівы дзядок, раптам успыліў:
— Калі ты ад мяне адчэпішся, ксяндзоўскі падліпайла? Ці ты хочаш, каб я пачаў на старасці так кульгаць языком, як ты кульгаеш сваёю нагою?
Смалайліс моцпа пакрыўдзіўся, затое не лез ужо да кожнага смалою ў вочы.
* * *
Да рабочых моцных ніякая хвароба не прыліпала. Прыпамінаецца мне адна цікавая размова дзядзькі Ліцкевіча з Цёткаю.
Цётка стварала літаратурную беларускую мову і часта запісвала ў свой блакноцік цікавыя беларускія словы ад рабочых. Ліцкевіч ведае беларускую пародную гутарку дасканала, і вось часам ён наўмысля скажа:
— Хочаш, Цётка, скажу табе адно цікавае беларускае слова... Толькі што ўспомніў:
— Ну-ну, скажы, браточак! — і рада, зараз дастае блакнот.
Ён і пачне ёй баяць, кшталтам таго:
— Вось бачыш, як праводзілі шосу з Пецярбургу на Варшаву, дык быў я тады ў адной вёсцы Дзісненскага павета, каля мястэчка Глыбокага, быў там тады камацёсам...
— Камацёсам? — радуецца Цётка і запісвае, прымаўляючы: — Добрае слова, добрае слова... Гэта там так кажуць?
— Ды не, я табе зусім не гэтае слова хацеў сказаць. «Камацёс» — кажуць і ў нас у Вільні. Я, бачыш, не толькі шавец, я і крыжы магу абрабляць, плінтусы надмагільныя і ўсе словы ведаю, і шавецкія, і камацёскія... А там, бачыш, кажуць, не камацёс, а...
Як-як? Ну-ну? — трымае яна аловак напагатове.
А ён памаўчыць, як бы падражніцца.
— Кажуць там... ведаеш, як? — часак! «Калі панаехала Часакоў!» Дык вось пішы: часак.
Яла запіша слова і прыклад, у якім яно сказана, і адзначыць, ад каго і калі запісала — дзе, калі, і хто, і як казаў. І цешыцца.
Аднойчы, пры мне, яна сказала Ліцкевічу:
— А мой жа ж ты браточку! Якія ж ты добрыя беларускія словы ведаеш! Прыродны беларус!
— Беларус, не адракаюся, — усміхнуўся Ліцкевіч.
— Дык чаму ж гэта не горнешся да беларусаў? — уставіла-ткі яна сваё, як Смалайліс сваё.
І я памятаю, як дзядзька Ліцкевіч, трошку жартліва, трошку насмешліва, а трошку нібы і з нейкаю захаванаю крыўдаю, адказаў ёй тады:
Эх, Цётка! Не мне казаць, не табе слухаць... Павінна ты гэта ведаць лепей за мяне... Я — рабочы. Я — інтэрнацыяналіст. Дзе я працую — там маё і ўсё.