Віленскія камунары [calibre 3.42.0]
- Автор: Горецкий Максим Иванович
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Віленскія камунары [calibre 3.42.0]». Краткое содержание книги:
Зрабілася мне, нарэшце, брыдка, і пацягнуўся я ў сваю кануру.
V. «УСЕНАЧНАЯ Ў РАМАНАЎЦЫ»
У наступныя дні ў Вільню прыйшло многа новых нямецкіх вайсковых часцей, — пяхоты.
І было ўжо ў гэтых часцях шмат такіх самых няшчасных ваяк-задрыпанцаў, як і ў рускай пяхоце.
Усе немцы, як відаць, вельмі згаладаваліся ў паходах, бо надта хціва накінуліся купляць прадукты.
У каўбасні Мэнке, калі я зайшоў туды на хвіліну, купіць сабе сальцісону да гарбаты, перавярнулася іх чалавек трыццаць. І кожпы лезе, прэцца хутчэй паперад, плаціць грошы і нагружаецца, як вярблюд.
Зайшоўся я ў пякарню Мухаметава, аж і там іх поўна, і зноў кожны лезе, сунецца, плаціць грошы і набірае і хлеба і булак так многа і з такою прагавітасцю, што дай яму, дык панёс бы, здаецца, у сваіх торбах усю пякарню.
І тут жа есць, адхватваючы кускі зубамі... Булка тырчыць з рота, рукі завязваюць торбу, перахопіць, ізноў адхваціў кус, жарэ, чвякае, цягне, нясе...
І што мяне асабліва дзівіла: ідзе па вуліцы, есць, і выпусціць газы так, што ўсім каля яго чуваць... Чуваць не толькі носам, але і вухам. І не саромеецца.
Спачатку здавалася гэта мне салдацкім свінствам. А потым бывалыя людзі сказалі, што ў Нямеччыне робяць так на вуліцы, калі трэба, самыя культурныя абывацелі — бо шкодна для здароўя затрымліваць газы. Дагэтуль не ведаю: ці гэта праўда, ці гэта казалі мне, каб пасмяяцца.
І вельмі хутка па іх прыходзе паліцы ў магазінах пачалі пусцець. Змялі, як мятлою. А цэны на прадукты падскочылі ўдвая ў параўнанні з цэнамі, што былі перад адходам рускіх.
Багатыя людзі, пэўна ж, паспелі зрабіць сабе, загадзя, вялікія запасы. А з беднаты, хто не рабаваў складаў, ужо ў першы месяц за немцамі пасядзеў галодны. Не раз пашкадаваў і я, што праспаў у Будзіловічаў.
Нямецкае начальства адразу ж разляпіла па горадзе загад: зброю — рэвальверы, шашкі, бомбы і ўсякую іншую, калі ў каго ёсць, — безадкладна здаць у нямецкую камендатуру. А не здасі, дык будзе крута.
Польскія патрыёты былі вельмі збянтэжаны. Я памятаю, як адзін тоўсценькі пан, у паліце, пашытым як кунтушык, з бамбуковым кіёчкам і ў замшавых пальчатках, чытаў гэты загад на дошцы каля кіёска, што па рагу Віленскае вуліцы і Юраўскага праспекта.
Чытаў-чытаў і забурчэў, быццам жартуючы:
— Зброю здайце, а палкі, калі хочаце, вазьміце... — і пастукаў сваім бамбучком аб тратуар ў бяссільнай злосці.
* * *
Хадзіць па вуліцах пазней дзесятае гадзіны ўвечары было забаронена; праўда што — пад страхам вельмі малога штрафу.
Але досыць было каму спазніцца хоць бы на некалькі хвілін, як патрулі, з нямецкаю акуратнасцю, лавілі і гналі на ўсю ноч, да раніцы, у Раманаўскую цэркву на Пагулянцы.
Праз пару дзён, як яны прыйшлі, папаўся на гэтай іх акуратнасці і я. Гадзіне а сёмай увечары, як звычайна, забегшыся ў свой пакойчык, каб узяць хлеба, ішоў я ў адну танную сталоўку на Віленскай вуліцы. На рагу Давальнай і Пагулянкі нагнаў мяне дзядзька Туркевіч. Ён, аказваецца, паспеў ужо дома перакусіць і некуды ізноў спяшаўся.
—А, — кажа, — вось добра, што і ты, Мацейка, падвярнуўся. Мне жонка сказала, што па мяне прыходзілі. Хадзем адчыняць клуб!
— Наш клуб, свой, рабочы. Ну, прандзэй, прандзэй!
— Я ж есці хачу, да ядальні іду...
— А, ніц, смачней звячэраеш! — і пацягнуў, падхапіўшы пад руку.
Дарогаю ён мне вытлумачыў, што дом на Вароняй вуліцы, у якім мясціліся Палескі клуб і руская жаночая прагімназія Прозарава, стаіць цяпер пусты, кінуты, дык вось хтосьці з нашых рабочых надумаўся забраць яго пад рабочы клуб, пакуль пемцы ў горадзе добра не разгледзеліся.
Думка мне спадабалася, хоць да «адчынення» клуба, на якое пацягнуў мяне вечны энтузіяст дзядзька Туркевіч, было яшчэ далёка.
Прыйшлі мы на Варонюю, у гэты клуб, калі там нікога яшчэ не было. Пахадзілі па пустых пакоях, памеркавалі, як добрыя гаспадары, дзе тут што ў нас будзе, і пайшлі, пакуль падыдуць другія, пасядзець у Вяржбіцкага.
Даўно я не бываў у дзядзькі Вяржбіцкага, даўно яго не бачыў. Увайшлі мы ў так знаёмую мне вялікую браму, завярнуліся ў цемнаватым праходзе ўлева, спусціліся ў яго кватэру.
І ён і ўся сям’я былі ўдому. Сам троху пастарэў, быў нейкі маўклівы. Але прывітаў нас радасна. Пасядзелі, пагаманілі. Цётка Зося пачаставала нас гарбатаю з хлебам, за што я быў ёй вельмі ўдзячны, бо надта хацеў есці.
Потым усе, і з цёткаю Зосяю, пайшлі ў клуб. Там ужо падышло гэтым часам яшчэ чалавек пяць. Электрычнасць не гарэла, свяціў месяц, і пры яго паэтычным таямнічым святле мы, як якія змоўшчыкі, «арганізаваліся», ці лепей кажучы — толькі яшчэ згаварыліся, што рабіць, каб захапіць клуб.