Віленскія камунары [calibre 3.42.0]
- Автор: Горецкий Максим Иванович
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Віленскія камунары [calibre 3.42.0]». Краткое содержание книги:
Пастанавілі цвёрда: далажыць усіх старанняў, лезці напралом, а клуб абавязкова забраць. Пакуль што даручылі дзядзьку Вяржбіцкаму павесіць на дзвярах вялікі замок, пад замком прыляпіць паперку з буйнымі літарамі: «Рабочы клуб» і пільна сачыць, жывучы па-суседску, каб ніхто не ўлез у памяшканне наперад нас.
Ісці да немцаў, афармляць справу, пастанавілі прасіць таварыша Эйдукевіча. Самога яго на першым сходзе не было. А ён умеў па-нямецку, быў чалавек настойлівы, і ведалі яго рабочыя як чалавека пэўнага яшчэ з 1905 года.
* * *
Заседзеліся, загаманіліся, строілі розныя планы, дзяліліся навінамі, аж нехта раптам кажа, успомніўшы:
— Ой, браточкі! Ратуйся хто можа: зараз дзесяць гадзін!
Усе — хутчэй дахаты. Я дайшоў з дзядзькам Туркевічам да яго кватэры. Ён кажа:
— Ідзі, Мацейка, начаваць да мяне, калі не хочаш адбыць усеначную ў Раманаўскай цэркві.
— Дабягу! — кажу. Не паслухаў яго, пабег. Бягу, бягу, — вось ужо і мая кватэра... Аж бачу: сунецца нямецкі патруль. Прыліп я да брамы суседняга дома. А на катэдры: блям! блям! блям!.. — і адблямкала дзесяць разоў.
Я ж думаў, што патруль увесь тут: прайшло міма мяне трох немцаў з карабінамі, мяне не заўважылі. Я паціханьку высунуўся ды ля сценкі, ля сценкі, бачком, бачком, скарэй да свае брамы.
Хальт! — як з неба зваліўся чацверты немец. Падбег да мяне і цап за плячо. Каб ты здох! Як ні тлумачыў яму, што вось жа мая кватэра, — не, завярнуў і павалок з сабою. Зараз ён свіснуў, падышло тых трох, і аднаму з іх даручыў гэты, відаць, старшы, гнаць мяне ў «Раманаўку».
Прывёў ён мяне, упусцілі, зачынілі, гляджу: там ужо ёсць чалавек трыццаць ці болей і нават некалькі жанчын. Светла ў цэркві ад электрычнасці, як на вялікдзень. Злоўленыя «багамольцы» сядзяць — некаторыя на лаве, а больш на падлозе, і маўчаць або шэпчуцца, бо гаманіць голасна — забаронена.
А потым, гадзіны праз дзве, пагналі яшчэ чалавек сто. Было ж гэта ў самым пачатку нямецкае акупацыі, калі вілянчане не паспелі яшчэ дысцыплінавацца на нямецкі лад.
Мы думалі, больш ужо нікога не прывядуць. Гляджу: хто ж гэта такія? І смех мяне праняў: гордая Юзя з сваім асцярожным і акуратным членам «польскай міліцыі обыватэльскай»!
І блытаюцца, апавядаючы, як папаліся: ці то ён чагосьці бегаў «толькі да аптэкі», «усяго ж праз вуліцу»... Ці то яна бегала да аптэкі, а ён яе выйшаў шукаць... Адным словам, замяшалася аптэка, і я болей не пытаўся, бо яны вельмі былі сканфужаны прыгодаю.
Так мы ўсе ўтраёх там і заначавалі на голай цэментовай падлозе, у куточку каля вялікае круглае утэрмаркаўскае печы ў чорным сцюдзёным жалезным футляры. Спярша сядзелі, пачалі ўжо былі ціханька смяяцца, жартаваць. Юзя трошкі дражніла мяне, тулілася да мяне і казала:
— Пазяб, мой братулька? Пазяб!
Гневу ў яе на мяне ўжо не было. А Ромусь на яе жарты са мною надзьмуўся, як сыч. А я быў галодны і думаю ў злосці: «Ну і дзьміся, як жаба, паганец!»
Ён кінуў сваё пальцечка Юзі і лёг, адвярнуўшыся. І я здзеў сваё пальцечка, падаслаў ёй, а сам лёг на голай падлозе, адвярнуўшыся. Яна пасядзела, пасядзела між пас, як нямы суддзя, і таксама патрошку звілася.
Вядома, я не заснуў і хвіліны: варочаўся, як і ўсе, толькі я і на левы бок не мог легчы, бо там ляжала яна з сваім «супругам». Пазябне правы бок — лягу на спіну: пазябне спіна — ізноў на той самы бок. Праўда, раненька, а гадзіне пятай, немцы спагналі з нас невялічкі штраф і пусцілі.
VI. КЛУБ НА ВАРОНЯЙ
Дзе я працую, там маё ўсё...
Ліцкевіч
Праз колькі дзён адбыўся другі сход. Сабралася больш людзей. Быў і таварыш Францішак Эйдукевіч. Дазвол у немцаў заняць памяшканне ён выхадзіў, і ўсе былі вельмі рады.
Раней я неяк мала ведаў Эйдукевіча, хоць быў ён, як я ўжо сказаў, спаміж віленскіх рабочых чалавекам папулярным яшчэ з рэвалюцыі 1905 года, калі кіраваў саюзам гарбароў.
Сам жа ён па прафесіі быў не гарбар, а тэхнік-будаўнік. Па нацыянальнасці быў літовец. З выгляду — поўны, прысадзісты, салідны, у акулярах. Чалавек быў разважныі настойлівы, і даволі адукаваны, і добра ўмеў па-нямецку.
З інтэлігенцыі была на гэтым другім сходзе і яго жонка, таварыш Бурба, жанчына-доктар. Яна потым шмат паклала працы на арганізацыю Рабочага клуба на Вароняй. А ў часы голаду пудамі насіла туды на сваіх плячах муку, крупы — дзе што ўдавалася дастаць. Як жанчыну і доктара, яе немцы лягчэй прапускалі. І яна добра ўмела па-нямецку.
Пачалі запісваць рабочых, рэестраваць, арганізоўваць. Зрабілі сталоўку, пачалі варыць абеды. Потым арганізавалі там свой кааператыў, адчынілі бібліятэку...