Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Населены востраў
Населены востраў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Населены востраў

Электронная книга - «Населены востраў». Краткое содержание книги:

«Населены востраў» (рас. Обитаемый остров, 1967) — фантастычная аповесьць братоў А. і Б. Стругацкіх. Кніга распавядае пра маладога шукальніка прыгодаў зь Зямлі далёкай будучыні Максіма Камэрэра, які выпадкова патрапляе на плянэту Саракш, дзе 20 гадоў таму адбылася сусьветная ядзерная вайна і ўсталяваўся жорсткі антыўтапічны дзяржаўны лад.
З-за патрабаваньняў савецкай цэнзуры аўтары былі вымушаныя ўнесьці ў тэкст кнігі шмат істотных зьменаў, таму першая публікацыя сур’ёзна адрозьнівалася ад рукапісу. У 1991 годзе пісьменьнікі выдалі аўтарскі, некрануты цэнзурай варыянт, па якім і рабіўся гэты пераклад.
У 2008 годзе выйшла экранізацыя кнігі, пастаўленая расейскім рэжысёрам Фёдарам Бандарчуком.
1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 144
Перейти на страницу:

Максім спакаваў два вузлы і некалькі сэкундаў пастаяў, аглядаючы пакой. Пустыя перакошаныя стэлажы, цёмныя плямы — там, дзе былі карціны, самі карціны, выдратыя з рамаў, затаптаныя... і ніякіх сьлядоў зубалячэбнай тэхнікі... Ён узяў вузлы і накіраваўся да дзьвярэй, але потым згадаў і вярнуўся за аўтаматам. На стале пад шклом ляжалі дзьве фатаграфіі. На адной — тая самая празрыстая жанчына, і на каленях у яе хлопчык гадоў чатырох са зьдзіўлена раскрытым ротам, а жанчына — маладая, задаволеная, гордая... на другой фатаграфіі — прыгожая мясцовасьць у гарах, цёмныя купы дрэў, старадаўняя напаўразбураная вежа... Максім закінуў аўтамат за сьпіну і вярнуўся да вузлоў.

7

Раніцамі пасьля сьняданку брыгада выстройвалася на пляцы для зачытваньня загадаў і разводу на заняткі. Гэта была найцяжэйшая для Максіма працэдура, калі не лічыць вячэрніх паверак. Зачытваньне любых загадаў завяршалася кожнага разу сапраўдным параксізмам захапленьня — нейкага сьляпога, бессэнсоўнага, ненатуральнага, нічым не абґрунтаванага, і гэта рабіла на староньняга чалавека найнепрыемнейшае ўражаньне. Максім прымушаў сябе падаўляць нявольную агіду да гэтага раптоўнага вар’яцтва, якое ахоплівала ўсю брыгаду ад камандзіра да апошняга кандыдата; ён угаворваў сябе, што яму проста недаступная такая гарачая ўвага гвардзейцаў да дзейнасьці брыгаднай канцылярыі; ён лаяў сябе за скептыцызм іншародца і чужынца, намагаўся натхніцца сам, паўтараў у думках, што ў цяжкіх умовах такія выбухі масавага энтузіязму гавораць толькі аб еднасьці людзей, аб іх аднадушнасьці і гатоўнасьці цалкам аддаць сябе агульнай справе. Але яму было вельмі цяжка.

Зь дзяцінства выхаваны ў правілах стрымана-іранічнага стаўленьня да сябе, у непрыязнасьці да гучных слоў наогул і да ўрачыстых харавых сьпеваў у прыватнасьці, ён амаль злаваўся на сваіх таварышаў па страі, на хлопцаў добрых, прастадушных, выдатных наагул рабят, калі яны раптам пасьля прачытаньня загаду аб пакараньні трыма суткамі карцара кандыдата імярэк за спрэчкі з сапраўдным радавым такім і такім, разяўлялі раты, гублялі ўласьцівую ім лагоднасьць і пачуцьцё гумару і прымаліся захоплена раўці «ўра», а потым запявалі са сьлязамі на вачах «Марш Баявое Гвардыі» і паўтаралі яго двойчы, тройчы, а часам і чатыры разы. Пры гэтым з брыгаднае кухні высыпалі нават кухары і з энтузіязмам падхоплівалі, апантана размахваючы чарпакамі і нажамі, балазе былі па-за строем. Памятаючы, што ў гэтым сьвеце трэба быць як усе, Максім таксама сьпяваў і таксама намагаўся страціць пачуцьцё гумару, і гэта яму ўдавалася, але было брыдка, бо сам ён ніякага энтузіязму не адчуваў, а адчуваў адну толькі няёмкасьць.

На гэты раз выбух энтузіязму адбыўся пасьля загаду нумар 127 аб узьвядзеньні сапраўднага радавога Дзімбы ў капралы, загаду нумар 128 аб вынясеньні падзякі кандыдату ў сапраўдныя радавыя Сіму за праяўленую ў апэрацыі адвагу і загаду нумар 129 аб пераводзе казармы чацьвёртай роты на рамонт. Ледзь брыгадны ад’ютант засунуў лісткі загадаў у скураны пляншэт, як брыгадзір, сарваўшы зь сябе шапку, набраў поўныя грудзі паветра і рыпучым фальцэтам закрычаў: «Баявая!... Гвардыя!... Жалезным!...» І пайшло, і пайшло... Сёньня было асабліва няёмка, таму што Максім убачыў, як па цёмных шчоках ротмістра Чачу пакаціліся сьлёзы. Гвардзейцы раўлі быкамі, адбіваючы такт прыкладамі на масыўных дзягавых спражках. Каб ня бачыць гэтага, і ня чуць, Максім шчыльней зажмурыўся і зароў распаленым тахоргам, і голас яго пакрыў усе галасы — ва ўсякім разе, так яму здавалася. «Наперад, бясстрашныя!...» — роў ён, ужо нікога больш ня чуючы, акрамя сябе. Да чаго ж ідыёцкія словы... Напэўна, які-небудзь капрал склаў. Трэба вельмі любіць сваю справу, каб хадзіць у бой з такімі словамі. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў зграю чорных птушак, якія ўспалохана і бязгучна мітусіліся над пляцам... «Алмазны панцыр не ўратуе цябе, о вораг!...»

1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 144
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)