Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Смерць лесбіянкі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Смерць лесбіянкі

Электронная книга - «Смерць лесбіянкі». Краткое содержание книги:

Другая кніга ўсё яшчэ маладой літаратаркі Наталкі Харытанюк – пра жыццё як вайну густаў. Раман задумваўся ў час, калі аўтарка сама патрапіла пад абстрэл у гэтай вайне, але не здалася.
Думка пра магчымасць здацца, прыняць розныя праўды і мілую адноснасць як новую веру так і не прыйшла ёй да галавы. Унутраны стрыжань застаўся стрыжнем. Туга за гераічным – тугой.
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 41
Перейти на страницу:

І раптам я пачула выразнае: прачынайся і ідзіце направа.

Я адчувала — гэты голас нас выведзе.

Дзіўна было — чула яго толькі я. І гэта быў голас дзядзі.

Частка сорак першая. На дапамогу прыходзіць дзядзя

Мы ішлі досыць доўга — вільготнымі вузкімі лёхамі, якія часам апускаліся так нізка да зямлі, што нам даводзілася паўзці. Як гэта дзіўна ні было — выйшлі мы з таго боку Дзвіны. Нас там ужо чакаў дзядзя — ён і адсунуў камень, пад якім было выйсце з лёхаў.

— Адкуль ты пра гэтыя лазы ведаў? — спытала я.

— А я тут што — не рос? — весела адказаў дзядзя.

— Але тут многія раслі — Арлоў, Баршчэўскі, Васючэнка — толькі яны ў полацкія лазы так і не дабраліся. — Чаму ж не дабраліся, — хітра ўсміхаўся дзядзя. —Дабраліся — таму і маўчаць.

Я ўжо нічога не разумела.

— Але як я змагла пачуць твой голас — там, у лёхах? —нарэшце сфармулявала я тое, што мяне больш за ўсё непакоіла.

— А памятаеш пра пяты стан рэчываў?

— Памятаю. Ты яго знайшоў. Але мы загаварыліся ўчора і я так і не спытала пра яго. Што гэта?

— Гэта пустата, — урачыста абвясціў дзядзя.

— Пустата? — не паверыла я такой простай думцы.

— Пустата, — паўтарыў дзядзя. І расказаў пра старажытных персідскіх магаў, якія разумелі: пустата поўніцца будучымі формамі, набрынялая сутнасцямі, звязвае адлегласці — а галоўнае, у ёй ніколі нічога не прападае. Нічога наагул згубіць немагчыма — можна толькі развучыцца гэта бачыць, перастаць адчуваць знаёмымі пачуццямі.

П’яная прафесарка, хітраваты Міхал і я, збітая з ног гэтым нечаканым прызнаннем дзядзі, — мы ўсе замёрлі, там, на цёмным снезе самага скраю году, на скраі часу і свету. І перад намі — удалечыні, за ракой — дзіўным відзежам уставала эпічная карціна, якую маляваў дзядзя. Ён расказваў нам пра падарункі і надзею, мудрасць і прытулкі — усё, што тоіцца для нас у пустаце.

— Чысты Праметэй, — нібы вітаючы з нечым, прашаптала прафесарка.

— У пустаце можна знайсці безліч скарбаў, — працягваў дзядзя, — адзін з іх — натхненне.

— Дзіўна, — падумала я, — мама таксама казала пра мудрае натхненне. Але шукала яна яго ў іншым — у вірах, з якіх паўстаюць нашыя светы. Дзядзя ж казаў пра пустату, у якую сыходзяць, але не знікаюць рэчы.

— А хіба пачатак не сустракаецца з канцом у рэшце рэшт? — адказаў на мае думкі дзядзя, нават не збіраючыся тлумачыць, як выцягваць будучыя і мінулыя формы з пустаты, у якой нічога не знікае.

Уражаная, я не заўважыла, як апусцілася ў сумёт, і доўга не магла даць рады сваім нагам ды падняцца. І раптам гэтая рука, працягнутая аднекуль згары — пульхная цёплая рука. Я ўхапілася за яе, спакваля выпрасталася — і пабачыла перад сабой следчага. Як ён апынуўся сярод нас — гэтага я таксама не ўяўляла.

— Пакараны Праметэй — цуд, на які варта паглядзець, — неяк дзёрзка сказаў ён, звяртаючыся да дзядзі. — Мы самі і гарым у тым агні, які распальваем, — хітра падміргнуў нам следчы і голасна засмяяўся. Дзядзю ж яго словы, відавочна, не спадабаліся — і ён заспяшаўся прэч.

Наўздагон следчы толькі і паспеў пракрычаць, што заўтра зранку чакае ўсіх нас для апошняй фармальнасці ў бібліятэцы. Для вочнай стаўкі.

Але заўтра было яшчэ так далёка, і я забылася на яго словы амаль адразу. Я цяпер магла думаць толькі пра пустату, цярушачы ватнымі нагамі за дзядзем — след у след — па бухматых пераднавагодніх сумётах.

Частка сорак другая. Знікненне паэтанеакласіка

Я думала пра пустату і пра цёцю, якую не бачыла з абеду і якую мы цяпер з дзядзем выправіліся шукаць. На факультэце яе не было — кабінет быў замкнуты і нідзе не гарэла святло. Дадому яна яшчэ таксама не вярнулася, бо тэлефон ніхто не падымаў. Яна магла ўсё яшчэ быць з маладымі літаратарамі — а гэта значыла, што яна магла быць дзе заўгодна.

— Хадзем, — раптам больш бадзёра сказаў дзядзя, панюхаўшы паветра.

Мы спусціліся да прыбярэжнай вулачкі, крыху прайшлі ў поўнай цемры і збочылі ў нейкі дворык. Адсюль быў бачны бераг ракі і чарада ценяў, якія мацалі сцежку на ледзяной паверхні Дзвіны і, відавочна, збіраліся такім чынам перабрацца на той бок.

За імі і за намі з нутраной часткі дворыка сачыла цёця. Тут — паміж “Братчынай” і саборам, на макаўцы валуна — яна і схавалася ад усіх.

— Чыста як ва «Ўлісе», праўда? — загаварыла яна першая, калі мы падышлі.

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 41
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)