Вялікія дарогі [пра мінулае]
- Автор: Глыбінны Уладзімер
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вялікія дарогі [пра мінулае]». Краткое содержание книги:
- Я выбіраю праўду, - сказаў даволі рэзка, ледзь памятаючы сябе, Кастусь, - і толькі дзеля праўды я не магу, чуеце, не магу напісаць вам няпраўды. Гэтым я нанёс-бы сабе большую рану, чым вы можаце прычыніць мне зьняволеньнем. Ні тады, у 1933 годзе, ні цяпер я ня быў удзельнікам ніякае арганізацыі, і як і тады я ня ўзяў на сябе непраўдзівых паказаньняў, так і цяпер я не магу іх узяць на сябе. Зразумейце, маё сумленьне не дазваляе гэтага.
- Падумаеш, сумленьне! Гнілая інтэлігенцыя! Нічога, пасядзіш, сыйдзе зь цябе гэтая буржуазная гнілота, - загаварыў сьледчы, упяршыню ўжыўшы «ты» да Кастуся. - Вядзі, - загадаў ён малодшаму, што сядзеў наводдалі, не сказаўшы ні слова, і пачаў згортваць разложаныя на стале паперы, відаць, зьбіраўся йсьці за новай ахвярай.
Канваер вывеў Кастуся ў другі пакой. Там яго забралі два іншыя чалавекі, якія адразу прапанавалі Кастусю рашпіліць усе гузікі й скінуць зь сябе вопратку. Голы, ён стаяў спакойна, гледзячы, як яны вельмі спрактыкаванымі рухамі адным махам паадразалі з нагавіцаў і марынаркі, паліто й кашулі, нават сподніх усе гузікі й кручкі. Адзін зь іх загадаў перагнуцца, каб зазірнуць ва ўсе магчымыя ў целе чалавека сховішчы. Пасьля гэтае нядоўгае працэдуры зьняволены атрымаў сваю вопратку. Нагавіцы трэба было ўвесь час трымаць рукою, каб не зваліліся.
Канваер павёў яго вузкім калідорам на сходы, адтуль на пляцоўку паміж двумя жалезнымі брамамі. Забразгалі вялікія ключы аб жалеза й вялікія дзьверы адчынілі ўваход на турэмны двор.
Ужо зусім сьвітала. Дваровая пляцоўка выдалася Кастусю шырокім прасторам, і ён нават усьцешыўся ад думкі, што можа калі-небудзь давядзецца скарыстаць з гэтага прастору ў часе турэмных прагулак вязьняў.
Мінуўшы двор, яны апынуліся зноў перад жалезнай брамай, на гэты раз меншай, якая вяла ў будынак турмы НКВД.
Гэтая другая брама ўразіла Кастуся. Калісьці ў 1933 годзе праз гэтую браму можна было вольна выходзіць усім вязьням, якія ўжо адбылі пэрыяд папярэдняга сьледзтва й пасьля абвяшчэньня прыгавораў былі пераселяныя ў звычайную турму на ніжнім паверсе, дзе перабывалі да часу скіраваньня этапам у далёкае выгнаньне.
Тады й Кастусь скарыстаў з гэтага ніжняга паверху й вольна ўдзень выходзіў на панадворак, чакаючы этапу колькі тыдняў да верасьня.
Цяпер, відаць, ужо ўсе паверхі турмы былі прызначаныя для зьняволеных пад сьледзтвам. Ня відаць, каб яны й пасьля заканчэньня сьледзтва хадзілі на прагулкі. «Рэжым, бачна, пасуравеў, ад часоў «былога лібэралізму» не засталося й сьледу», - думаў Кастусь, падымаючыся ўсьлед за праважатым уверх па шырокіх сходах і адчуваючы за сабою крок у крок канваера.
На другім паверсе, вузкі нізкі калідор з шэрагам дзьвярэй ад камэраў па бакох, уразіў Кастуся сваёй перабудовай. Калісьці гэта быў шырокі, з каменнай падлогай калідор з вокнамі ў абодвых канцох. Пазьней, відаць, НКВД перабудавала ўсе паверхі для сваіх патрэбаў, парабіла сэктары ў калідорах і замест колькіх агульных вялікіх камэраў нарабіла шмат маленькіх, можа, каб было менш сувязяў паміж зьняволенымі.
Дзяжурны, узброены вартаўнік, утаропіў халодныя вочы ў Кастуся. Ранейшы канваер перадаў яму нейкія паперкі й той узяўшы іх нешта хутка ўпісаў у аднэй, падпісаў другую ды вярнуў яе канваеру.
- Камэра 35в! - сказаў ён суха да другога канваера, што неяк раптоўна апынуўся каля яго й ураз пераняў вязьня.
Зноў дражлівы бразгат ключоў, і... Кастусь апынуўся ў камэры. Дзьверы за ім зачыніліся, але ня чуваць было крокаў, каб вартавы адыйшоў. «Мусіць стаіць ды ў сачок дзівіцца, што раблю...» - падумаў Кастусь. Глядзі, хоць вочы свае вылупі, нічога ты ня ўбачыш. Людзкая душа - гэта глыбока студня, у якой не табе дадзена штосьці бачыць. А ў сачок толькі ўбачыш верхнія бярвеньні ды мохам парослы зруб студні. Не для твайго зроку падземныя струмені крынічна-празрыстых водаў, што амываюць высокія палёты душы, думак і сэрца. О, беднае падабенства чалавека, ці-ж табе апусьціцца на дно гэтае студні, або ўзьняцца ў празрыстыя прасторы чыстага паветра? І ці-ж табе праняцца імпэтам вольнага птаха, што рэжа шыр нябёсаў і з пагардай адкідае тваё зямное поўзаньне на жываце ў пакоры перад тваім хлебадаўцам.