Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
Славутая Ааршанская бітва
У пятніцу 8 верасня 1514 года «на Рожество Пресвятыя Богородіцы» а 9-й гадзіне раніцы войска князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага было ўжо пастаўлена ў баявых парадках на поле бітвы. Як тады было звычаем, перад бітвай святары з абодвух бакоў адслужылі малебень за перамогу.
Пры гэтым трэба нагадаць, што ў беларускім войску, таксама як і ў маскоўскім, за перамогу маліліся праваслаўныя святары і воіны. Большасць у войску К. І. Астрожскага, як і ён сам, складалі праваслаўныя баяры-шляхта. У аддзелах яго войска малебень адслужылі і ксяндзы, бо ў войску было нямала і католікаў.
Пасля малітвы абодва крылы маскоўскай арміі крыху адышлі ад асноўнага войска, каб потым акружыць ворага з тылу. Галоўныя ж маскоўскія сілы засталіся ў баявых парадках у сярэдзіне поля, а некаторыя аддзелы нават прасунуліся наперад, каб выклікаць непрыяцеля на бой. Пасля гэтага перасоўвання на вольнай прасторы паміж беларускім і маскоўскім войскамі пачаліся «гарцы» — асобныя двубоі паміж вершнікамі з абодвух бакоў, каб заахвоціць астатніх воінаў да бітвы.
З невялікай прамовай па-беларуску да сваіх рыцараў звярнуўся Канстанцін Астрожскі. Ён нагадаў пра слаўныя баявыя традыцыі продкаў, заклікаў быць мужнымі, абараняць ад ворага Бацькаўшчыну. Пасля прамовы Астрожскі загадаў конным палкам вольна рушыць наперад. Гэта маскоўскія ваяводы палічылі сігналам да дзеяння. Затрубілі трубы, ударылі бубны. Сцягі і прапарцы (сцяжкі) распусцілі да бою.
Атаку пачаў полк правай рукі маскоўскага войска на чале з князем Міхаілам Іванавічам Булгакавым-Голіцам. Асобныя аддзелы I. Чаляднін паслаў на флангі, каб адразу зайсці ў тыл ворагу. Адбіўшы першую атаку непрыяцеля, беларускія вершнікі, якія атрымалі падмацаванне, пачалі самі наступаць. Полк Сампалінскага, які складаўся з цяжкай кавалерыі, адпаведна ўзброенай і з моцнымі даспехамі, праскочыўшы галопам перад фронтам беларускага палка, што заняў пазіцыю ў цэнтры поля бітвы, нанёс ворагу выт па флангу. Польскія вершнікі з доўгімі дзідамі валілі з коней маскоўскіх воінаў. М. Стрыйкоўскі ў сваёй «Кроніцы» распавядае, што ў паветры свісталі стрэлы, чуўся звон шабель, гучалі стрэлы з агнястрэльнай зброі. Вершнікі набіралі тэмп, уразаліся ў шэрагі маскоўскага войска. Разгарэлася жорсткая бітва.
Князь Міхаіл Булгакаў-Голіца таксама атрымаў падмацаванне і ўзнавіў шэрагі свайго фронту. Маскоўскія сілы на правым флангу пачалі другую атаку. Беларускія рыцары і польскія саюзнікі ўстаялі. Але нечакана яны расступіліся, і вораг апынуўся перад пяхотай. Пяхота, страляючы з рушніц (пішчаляў), збіла з коней шмат маскоўцаў. Шэрагі маскоўскага палка памяшаліся. У гэты момант Канстанцін Астрожскі звярнуўся да рыцараў: «Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!» (Для таго часу ён быў ужо стары. Яму было тады 54 гады). Ён казаў ім пра ўжо недалёкую перамогу і трыумф, пра тое, што непрыяцель ужо «млее». Заклікаў «мілых братоў» аднавіць мужнасць у гэтай хвілі: «Цяпер будзьце мужамі, няхай кожны адновіць дзельнасць, бо шэрагі непрыяцеля ўжо паблыталіся. На нашым баку стаіць сам Бог і дадае нам з неба абарону». Астрожскі заклікаў усіх ісці смела ў бой за ім, бо ён першы ставіць сваю галаву ў ахвяру і першы ідзе ў атаку на ворага з шабляй у руцэ, каб яе акрывавіць. Ен напомніў рыцарам пра слаўныя бітвы іх продкаў і каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў. Асаблівасці прамовы, перададзенай храністам, паказваюць, што яна была сказана па-беларуску. Гэтая прамова славутага палкаводца псіхалагічна ўздзейнічала на беларускіх воінаў, і па яго закліку яны зноў рушылі ў атаку.
Зноў пачалася жорсткая бітва. Канстанцін Астрожскі, размахваючы гетманскай булавой, зноў вёў у атаку сваіх рыцараў. Яны збівалі ворага дзідамі і секлі мячамі. Урэшце маскоўская конніца Булгакава-Голіцы была зламана, разбіта і ў беспарадку кінулася наўцёкі. Беларуская конніца і полк Сампалінскага ўварваліся ў другую лінію маскоўскага войска. Яны гналі рэшткі маскоўскага палка правай рукі і забівалі ўцекачоў, ужо няздольных весці бой.
Аднак Чаляднін не дапамог Булгакаву-Голіцы. Гэта тлумачыцца суперніцтвам паміж маскоўскімі галоўнымі ваяводамі і жаданнем кожнага з іх атрымаць перамогу самастойна, каб выслужыццца перад вялікім князем. Нават пасля разгрому войска, якім камандаваў Булгакаў-Голіца, у Чалядніна заставалася воінаў больш, чым у Канстанціна Астрожскага.
Яшчэ раней Іван Чаляднін накіраваў свой полк левай рукі у наступ на супрацьлеглае, правае крыло войска Канстанціна Астрожскага. Аднак гэты наступ быў не вельмі моцны і выконваўся нерашуча.
Гэта дало магчымасць беларускай лёгкай кавалерыі на працягу доўгага часу адбіваць атакі маскоўскага войска на гэтым флангу. Чаляднін чакаў, калі ў бой супраць правай рукі ўцягнуцца ўсе харугвы беларускай лёгкай конніцы, каб выцяць ім у тыл і адным моцным вытам разбіць іх.
Урэшце Івану Чалядніну здалося, што ён перамагае. У нейкі момант бітвы ён убачыў, што беларуская конніца спыніла свае контратакі і па загаду Канстанціна Астрожскага пачала адступаць, а потым зусім кінулася ўцякаць. Тады Чаляднін, перакананы ў сваёй перамозе, кінуў у бой усе свае сілы. Аднак, у пэўны момант, недалёка ад лесу і кустоў у тыле беларускага войска, раптам па камандзе гетмана (ён падняў булаву, а за ім палкоўнікі паднялі свае шастапёры) конніца падзялілася на дзве часткі, якія хутка скочылі направа і налева. Уся бязладная маса маскоўскай конніцы аказалася перад гарматамі і пяхотай, што былі ў кустах на ўскраіне лесу і ўжо даўно падрыхтаваліся да аднаго моцнага залпу. Пярэднія і заднія рады маскоўскай конніцы былі расстраляны пасля першага залпу і далейшых стрэлаў гармат і рушніц. Яны панеслі вялікія страты ў людзях і конях.
Гэтая вайсковая хітрасць, якую Канстанцін Астрожскі прымяніў яшчэ ў бітве з крымскімі татарамі 28 красавіка 1512 года каля Вішняўца на Валыні, і стала пераломным момантам Аршанскай бітвы. Пасля расстрэлу гарматамі лавіны маскоўскага войска ў яго шэрагах пачалася паніка, і яно кінулася наўцёк. Цяпер ужо ўцякалі рэшткі абодвух флангаў маскоўскага войска.
Спачатку І. Чаляднін спрабаваў угаварыць сваіх вершнікаў затрымацца. Аднак яго ўжо ніхто не слухаў.
Валынскі кароткі летапіс сведчыць, што Аршанская бітва працягвалася тры гадзіны.
Пасол германскага імператара да Васіля III барон Сігізмунд Герберштэйн, едучы ў Маскву, наведаў у Вільні ў 1517 годзе палонных І.А. Чалядніна і М.І. Булгакава-Голіцу і размаўляў з імі пра бітву пад Оршай. У сваіх запісках ён расказвае пра манеўр К. Астрожскага, што навёў непрыяцеля на гарматы, і пра разгром маскоўскага войска: «Ліцвіны, наўмысна адступіўшы да таго месца, дзе ў іх былі схаваны гарматы, накіравалі іх супраць маскавітаў, якія насядалі, і паразілі іх заднія шэрагі, што выстраіліся ў рэзерве, але занадта скучаныя, унеслі замяшанне ў іх шэрагі і рассеялі. Такі нечаканы баявы прыём прывёў маскавітаў у жах, бо яны лічылі, што ў небяспецы знаходзіцца першы шэраг, які б'ецца з ворагам, прыйшоўшы ў замяшанне і лічачы, што першыя шэрагі ўжо разбіты, яны кінуліся наўцёкі. Ліцвіны, разгарнуўшы і накіраваўшы ўсе свае сілы, пераследавалі іх, гналі і забівалі. Убачыўшы гэтыя ўцёкі, адступілі і абодва рускія флангі. Толькі ноч і лясы спынілі гэтае вынішчэнне».
М. Стрыйкоўскі таксама прыводзіць жахлівыя сцэны гэтых уцёкаў. У паніцы маскоўскія коннікі ўцякалі ў лясы, балоты, кідаліся ў Днепр і танулі, а пераможцы гналі іх і забівалі. Параненыя крычалі ім: «Не сечи голову!», а цяжка параненыя: «Добей!» Кроў забітых была не толькі на палях, але і сцякала ў раку Крапіўну, вада якой стала крывавай. А. Гваньіні вобразна адзначыў, што рака Крапіўна паміж Оршай і Дуброўнай з-за вялікай колькасці трупаў замарудзіла свой бег. Шмат маскоўцаў падчас уцёкаў патанула ў рацэ. М. Бельскі, улічваючы пагоню за ўцекачамі, распавядае, што бітва цягнулася аж да заходу сонца. Вершнікі К. Астрожскага працягвалі пераследаванне ажно да васьмі літоўскіх міляў (на 60 кіламетраў). Адны з беларускіх вершнікаў вярнуліся назад апоўначы, іншыя нават назаўтра. 3 сабою яны вялі вялікую колькасць палонных.
I расійскія гісторыкі гавораць тое ж самае пра заканчэнне Аршанскай бітвы. Так, М. М. Карамзін ў «Истории государства Российского» адзначыў: «Ліцвіны ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі: гналі, рэзалі, тапілі іх у Дняпры і Крапіўне; целамі ўсеялі палі паміж Оршай і Дуброўнай»…