Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы. - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:

Доўгі час гісторыя Беларусі разглядалася скрозь прызму гісторыі Pacii. Вядомы беларускі гісторык, прафесар, грамадскі дзеяч Анатоль Грыцкевіч адраджае праўдзівую айчынную гісторыю, якая разам з беларускай мовай складае аснову нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў.
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 66
Перейти на страницу:

С. Булак-Балаховіч рабіў знянацку кавалерыйскія налёты на тылы савецкіх войскаў, штабы злучэнняў Чырвонай Арміі. Аператыўна група С. Булак-Балаховіча ўваходзіла ў склад Палескай групы польскіх войскаў, потым 3-й польскай арміі. Група папаўнялася. Паводле звестак аператыўнай разнведкі Заходняга фронту Чырвонай Арміі, у канцы жніўня 1920 г. у атрадзе С. Булак-Балаховіча, калі ён знаходзіўся ў раёне Уладавы (на рацэ Заходні Буг), налічвалася 4 пяхотныя палкі (Партызанскі, Пскоўскі, Востраўскі і Вазнясенскі) агульнай колькасцю 1600 штыкоў з 16 кулямётамі, а таксама партызанскі кавалерыйскі полк з трох эскадронаў на 400 шабель. Характэрна, што палкі былі названыя па гарадах Пскоўскай губерні, дзе раней ваяваў Булак-Балаховіч і яго атрад.

Пры адступленні Чырвонай Арміі ад Варшавы ў верасні 1920 г. Беларускі атрад, прарваўшыся скрозь лінію фронту 4-й савецкай арміі, разбурыў чыгуначную лінію і 26 верасня ўварваўся ў Пінск, дзе знаходзіўся штаб 4-й арміі і запасны полк. Частка штаба паспела прарвацца цягніком на Лунінец, а камандарм, начальнік штаба і член рэўваенсавета арміі (паліткамісар) конна паехалі да лініі фронту. 4-я армія аказалася разрэзанай на дзве часткі, а яе кіраванне парушаным. Пінск быў заняты групай С. Булак-Балаховіча апоўдні 26 верасня. Атрады з групы С. Булак-Балаховіча працягвалі вайсковыя аперацыі на Палессі да самага заканчэння ваенных дзеянняў падчас савецка-польскай вайны.

12 кастрычніка 1920 г. у Рызе падчас савецка-польскіх мірных перамоваў былі падпісаны перамір'е і дагавор аб папярэдніх умовах міру. Паводле ўмоў перамір'я, ваенныя дзеянні на савецка-польскім фронце былі спынены праз 6 дзён — 18 кастрычніка 1920 г. а 24-й гадзіне. У гэтыя дні польскія войскі працягвалі наступ, заняўшы на поўдні БССР некаторыя раёны.

Перад С. Булак-Балаховічам стаяла задача працягваць барацьбу супраць Савецкай Расіі і за вызваленне Беларусі ад улады бальшавікоў. 20 ліпеня 1920 г. С. Булак-Балаховіч пайшоў на пагадненне з Б. В. Савінкавым, старшынёй Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы, якога падтрымліваў начальнік Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскі. 27 жніўня 1920 г. паміж Б. Савінкавым і С. Булак-Балаховічам было падпісана пагадненне аб аб'яднанні рускіх і беларускіх атрадаў у Польшчы ў адну армію для самастойнага наступу на ўсход. Палітычнае кіраўніцтва гэтай арміяй належала Б. В. Савінкаву, а ваеннае — С. Н. Булак-Балаховічу. Армія С. Булак-Балаховіча пачала рэарганізацыю. У яе склад уступалі мясцовыя партызаны, добраахвотнікі беларусы і расіяне, часам розныя разбэшчаныя на вайне людзі, якія ўжо не ведалі іншай працы, акрамя вайны. У войску С. Булак-Балаховіча фармаваўся і яўрэйскі конны эскадрон на чале з паручнікам Цэйтліным.

Падрыхтоўка паходу на Палессе

У выніку да пачатку лістапада 1920 г. значна папоўненыя атрады С. Булак-Балаховіча былі разгорнутыя ў Рускую народную добраахвотніцкую армію агульнай колькасцю каля 20 тысяч чалавек, з іх каля 15 тысяч у страі. У склад гэтай арміі ўваходзілі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізіі, сялянская пяхотная брыгада, асобны туземны кавалерыйскі полк, полк данскіх казакоў, асабістая сотня генерала Булак-Балаховіча і чыгуначны полк, які яшчэ фармаваўся. Паводле асабовага складу найбольш шматлікімі былі 1-я дывізія «смерці» палкоўніка (потым генерал-маёра) Мацвеева і 2-я дывізія палкоўніка Мікошы, якія налічвалі па 4000–4800 жаўнераў і афіцэраў, і кавалерыйская дывізія палкоўніка С. Паўлоўскага (1100 шабель і штыкоў). Найбольш баяздольнай з іх была 1-я дывізія «смерці», якая складалася з 1-га Партызанскага, 2-га Пскоўскага, 3-га Востраўскага і 4-га Вазнясенскага палкоў і іншых падраздзяленняў. Асноўную частку дывізіі складалі жаўнеры і афіцэры Беларускага атрада, якія прыйшлі на фронт разам з С. Булак-Балаховічам з Эстоніі. У кавалерыйскай дывізіі найбольш баяздольным лічыўся 1-ы конны полк, які складаўся ў большасці з коннікаў, што прыйшлі з Эстоніі. У іншых частках арміі былі ў асноўным мясцовыя жыхары, якія не мелі дастатковага баявога вопыту, а таксама былыя палонныя камандзіры і чырвонаармейцы і дэзерціры з Чырвонай Арміі. Фармаванне арміі вялося і па паходжанні асноўнай масы жаўнераў. Так, 2-я дывізія палкоўніка Мікошы складалася з 4-х палкоў: Георгіеўскага, Мінскага, Смаленскага і Віцебскага. 3-я Волжская дывізія генерал-маёра Яраслаўцава складалася з Казанскага, Яраслаўскага, Ніжагародскага і Самарскага палкоў.

Задача арміі С. Булак-Балаховіча палягала на тым, каб адцясніць з Беларусі савецкія войскі, стомленыя доўгімі баямі на шляху ад Варшавы і, абапіраючыся на сялянства, амаль канчаткова змучанае бальшавіцкай палітыкай «ваеннага камунізму», прарвацца ў Расію для стварэння там дэмакратычнай рэспублікі.

Аднак у С. Булак-Балаховіча быў і свой, беларускі, план. Дзеля гэтага ён падпісаў 12 кастрычніка 1920 г. пагадненне з Беларускім палітычным камітэтам у Варшаве на чале з П. Алексюком. Камітэт стаяў на пазіцыях саюзу з Польшчай. Паводле гэтага пагаднення, пры вызваленні тэрыторыі Беларусі Булак-Балаховіч мусіў перадаць цывільную ўладу ўраду Алексюка. Сам С. Булак-Балаховіч разлічваў на сялянскае паўстанне ў Беларусі, якое падтрымае яго армію.

Напачатку лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча была сканцэнтравана ў раёне Турава, які паводле савецка-польскага дагавора ад 12 кастрычніка 1920 г. належаў БССР, але пакуль знаходзіўся ў зоне, занятай польскімі войскамі. Перамір'е і папярэдні мірны дагавор не былі яшчэ ратыфікаваныя і не было яшчэ пагаднення аб вывадзе польскіх войскаў з занятай імі савецкай тэрыторыі. Аднак польскі бок фармальна спыніў адносіны з антысавецкімі сіламі на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Так, польскі ўрад заявіў, што ён раззброіў атрад Балаховіча, што застаўся на польскай тэрыторыі, - брыгаду цяжкай артылерыі і бронецягнік. Сапраўды, яны не ўдзельнічалі ў баях.

Паход Булак-Балаховіча на Палессе

6 лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча пачала наступ у Палессі ад Турава па абодвух берагах Прыпяці на ўсход. Галоўны ўдар абрынуўся на 10-ю стралковую дывізію Заходняга фронту, якая панесла значныя страты і вымушана была адступаць. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 — мястэчка Скрыгалаў і вёску Скрыгалаўская Слабада. Пасля цяжкага бою Пскоўскі полк 1-й дывізіі «смерці» палкоўніка Мацвеева 10 лістапада заняў Мазыр, які стаў цэнтрам ваеннай і палітычнай дзейнасці Булак-Балаховіча. Камендант Мазыра генерал Яраслаўцаў загадаў у горадзе вывесіць беларускія нацыянальныя сцягі. Палкоўнік С. Паўлоўскі з палонных сфармаваў Мазырскі полк. 10 лістапада Востраўскі полк 1-й дывізіі арміі Балаховіча заняў Калінкавічы.

Частка яго войска — 2-я пяхотная дывізія і група палкоўніка Юзафа Булак-Балаховіча (малодшы брат камандуючага) — наступала на Рэчыцу, а другая частка войска — на Оўруч і на Чарнобыль. 16 лістапада атрады С. Н. Булак-Балаховіча з трох бакоў падышлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе ўскраінах.

Пасля заняцця Мазыра С. Н. Булак-Балаховіч раскрыў свае ўласныя палітычныя планы. Насуперак намеру Б. Савінкава ён з 12 лістапада пачаў у Мазыры выдаваць палітычныя акты і загады, накіраваныя на стварэнне незалежнай Беларускай дзяржавы, абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы» (як Пілсудскі — Польскай) і пракламаваў незалежнасць Беларусі. 14 лістапада 1920 г. выдаў загад пра фармаванне Беларускай нацыянальнай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. За тыдзень з добраахвотнікаў былі сфармаваныя Сялянскі партызанскі атрад і Хабненскі полк (паводле назвы мястэчка Хабна). С. Н. Булак-Балаховіч абвясціў сябе галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі незалежнай Беларусі. Камандаванне Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй ён перадаў свайму брату Іосіфу (Юзафу, Язэпу), надаўшы яму воінскі чын генерал-маёра. Але фактычна С. Булак-Балаховіч па-ранейшаму камандаваў Саюзнай Народнай арміяй, як яна называлася ад 14 лістапада.

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 ... 66
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)