Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Лісце каштанаў». Краткое содержание книги:

Аўтабіяграфічная аповесць самага знакавага і сімвалічнага беларускага празаіка, Уладзіміра Караткевіча. Дадзены твор — гэта гісторыя жыцця падлеткаў падчас Вялікай Айчыннай Вайны. Гісторыя кахання, нянавісці і змагання за сябе і за сваіх таварышаў. Аповесць рэкамендуецца да чытання падлеткам, асабліва тым з іх, хто расчараваўся ў сяброўстве, справядлівасці і высокіх чалавечых ідэалах.
Разгар лета 1944 года. У вызвалены, разбураны Кіеў прыязджае 14-гадовы беларускі хлапчук Васілька са сваім дзядзькам і іншымі родзічамі. Хлопец перажыў многія цяжкасці і небяспекі вайны, але гэтым летам ён прадстаўлены сам сабе, і ў яго з'яўляецца непаўторная раней ці пазней свабода! У панішчаным, галодным горадзе амаль няма дзяцей і падлеткаў. Аднак у хуткім часе ён знаёміцца з кампаніяй аднагодкаў з яго раёну: Раланд, «атаман гвардыі», Багдан, Яўген і вёрткая, назойлівая Нонка, непажаданы, але нязменны хвост мужчынскай кампаніі.
1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34
Перейти на страницу:

...Калі я ачомаўся, на мяне ўсё яшчэ падалі камякі зямлі. 3 хвіліну я нічога не чуў. Толькі бачыў: вось выбілася на паверхню галава Навума.

Я паспрабаваў устаць. Але цела калацілася, ногі і рукі былі такія ватныя, што я не ўтрымаўся, упаў тварам, рассек шчаку каля рота аб востры камень. I зноў упаў. I зноў. Пасля мяне знудзіла, і стала лягчэй. Я ўсё ж устаў і, хістаючыся, пабег да пасткі.

Навум трымаўся на паверхні, рабіў такія рухі, нібы плаваў, прасоўваўся паволі да Лізкі, галава і плечы якой былі яшчэ над паверхняй пясчаных плыняў, што сыпаліся, круціліся, спляталіся, утваралі варонкі, як водаварот.

- Ліз! Лізхен! - Хмара пяску ляснула яму на галаву, і ён адказаў ці то кашлем, ці то рыданнем: - Ах-ха!

Твар ягоны быў страшны, здатны на ўсё. Але тут галава дзяўчаці знікла пад чарговай лавінай. На хвіліну з'явілася адтуль тоненькая рука з блакітньмі - я з жахлівай яснасцю бачыў гэта - жылачкамі.

- Лі-із!!!

I тут, якраз у гэты момант, нібы гэты крык нарадзіў яго, грымнуў на ўвесь сусвет самы страшны, самы магутны выбух з усіх, што былі.

Метрах у чатырох ад краю яра ўстаў да нябёс агністы знізу, вугальна-чорны з іскрамі зверху, слуп. Узляцеў, ператварыўся ў вялізнае дрэва, з кроны якога ляцелі камякі, галіны, нейкае шмоцце.

Мяне зноў гэхнула аб дол. Я паспеў толькі разявіць рот, каб канчаткова не аглухнуць.

I тут я з жахам убачыў, як аддзялілася, адкалолася ад схілу на ўсю даўжыню яра, пачала павольна хіліцца, асядаць, а пасля няўхільна, нястрымна падаць у яр махіна ў чатыры метры таўшчынёю, гмах, вышынёю з пяціпавярховы дом.

- Хло-оп-цы! Хлопцы!!!

Усё яшчэ ў выбухах, пачвара асела, нарадзіўшы страшны, гарачы, смярдзючы подзьмух, ураганны, з пяском і камянямі парыў. Нехта поўз каля мяне да амаль засыпанага яра. Нонка. I я з апошняе сілы адштурхнуў яе, рыкнуў:

- Бяжы па дарожнікаў! Хутчэй!

...Пасля я памятаю сябе ўжо на дне шчыліны, у якую з усіх бакоў спадалі пескаспады. Я адкідаў рукамі пясок, гроб яго, як быццам гэта магло камусьці дапамагчы. А мяне цягнула, круціла, засмоктвала, як мурашку ў пастцы-варонцы мурашынага льва. Яна борсаецца, хоча выпаўзці, але ссоўваецца і ссоўваецца, разам з пяском, на дно, дзе ў норцы чакае яе смерць.

Выбухі, здаецца, усё яшчэ грымелі. А пасля нешта грукнула мяне па галаве, і я праваліўся ў змрок.

...Я ляжаў на броўцы яра. Паўсюль у паветры стаяў яшчэ дым, круціўся пыл, і нібы плыло ў ім каламутнае сонца, што яснела, па меры таго як гэты пыл асядаў. 3 носа ў мяне плылі два крывавыя цуркі. I слёзы ліліся з вачэй. Ці ад болю, ці яшчэ ад чаго.

Непадалёк стаялі вайсковы студэбекер і санітарная машына. А каля мяне гаварылі два чалавекі ў форме.

- Я такога яшчэ не бачыў, - сказаў адзін, сівы здаравіла з пагонамі маёра. - Сець і некалькі такіх сабе невялі-ічкіх складзікаў з мінамі ды снарадамі. Гэта значыць, лічылі, што сканцэнтруюцца тут нашы салдаты і тады...

- Гэх, мала чаго мы яшчэ не бачылі. Калі да шкуры даходзіць, то падлюга стакрот падлее.

- Якое няшчасце! Божа мой, якое няшчасце!

Я паступова прыходзіў да свядомасці. Бачыў, як прыкацілі яшчэ два студэбекеры, як ляскаюць унізе рыдлёўкі, як падбягаюць яшчэ і яшчэ людзі, як калоціцца ў руках двух сапёраў Нонка:

- Ролік! Ролік! Пусціце! Пусці-іце!

Мне было ўсё адно, каго яна там кліча. Няхай ніколі не паўторыцца мінулы вечар, няхай ніколі не будзе зорак і вершаў - толькі б іх адкапалі... толькі б іх... толькі б іх...

Праз гадзіну аднаго сапраўды адкапалі - Багдана. Праўдзівей, тое, што калісь было Багданам. I ён ляжаў на плашч-палатцы, і на яго з кожным парывам дняпроўскага ветру ападалі жоўтыя змаршчакаватыя лісты з выкарчаванага з корнем старога каштана.

Пасля, калі кроў перастала ісці, а ногі ўжо не так дрыжалі, я спусціўся да сапёраў. Галава мая то ўспухала, то сціскалася да памераў макавага зерня, але я капаў, капаў, капаў.

Яшчэ праз паўгадзіны адкапалі яшчэ аднаго. Гэта быў Карл. Скурчаны, нібы распляснуты. Тое, што было Карлам, сінявокім, бялявым, худым і доўгім хлопцам, які мог - я толькі цяпер зразумеў гэта - зрабіцца маім лепшым сябрам, калі б толькі я не быў такі дурны, калі б не жыў мінулым болем і былой нянавісцю.

Мы капалі да вечара. Рабілася цёмна. Дагарала на захадзе шафранна-залатая стужка зары. Прарочыла ясны сонечны дзень, якога мае хлопцы ніколі ўжо не пабачаць.

Машыны пад'ехалі на край цясніны і запалілі фары. У іхнім мёртвым святле па-ранейшаму завіхаліся на дне людзі э рыдлёўкамі.

Нас з Нонкай адправілі дамоў. У кузаве студэбекера было цёмна. Нас калаціла. Адплывалі назад рэдкія агні ўскраін.

Бязвольнае цела Нонкі хісталася ў маіх руках. Яна не плакала, нічога не казала. Яна, па-мойму, проста не жыла. Як я.

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)