Лісце каштанаў
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Лісце каштанаў». Краткое содержание книги:
Разгар лета 1944 года. У вызвалены, разбураны Кіеў прыязджае 14-гадовы беларускі хлапчук Васілька са сваім дзядзькам і іншымі родзічамі. Хлопец перажыў многія цяжкасці і небяспекі вайны, але гэтым летам ён прадстаўлены сам сабе, і ў яго з'яўляецца непаўторная раней ці пазней свабода! У панішчаным, галодным горадзе амаль няма дзяцей і падлеткаў. Аднак у хуткім часе ён знаёміцца з кампаніяй аднагодкаў з яго раёну: Раланд, «атаман гвардыі», Багдан, Яўген і вёрткая, назойлівая Нонка, непажаданы, але нязменны хвост мужчынскай кампаніі.
Выбух!!!
Ён устаў непадалёк ад Багдана, невысокі, сляпуча-чырвоны спадыспаду - такі сабе невялічкі язычок зыркага полымя, - вугальна-чорны зверху. Паляцелі камякі зямлі.
Багдана, відавочна, яе зачапіла. Кінуўся бегчы да яра, у якім замерлі, насцеражыліся маленькія постаці людзей.
Яшчэ выбух! Непадалёк ад першага. Багдан упаў, але хутка ўзняўся і пабег далей.
...Я так і не ведаю - і ніколі ўжо не зведаю, - што там здарылася. Вайна прыдумвала тысячы мінных «сюрпрызаў». Міны скакалі, як жабы, міны рэагавалі на цяжар, цеплыню, на памяншэнне глыбіні і блізкасць берага (калі іх цягнуць на гэты бераг, разбіраць). Міны былі з'яднаныя «ў сець», і кожная чарговая выбухала праз хвіліну пасля выбуху папярэдняй, у шахматным парадку. Міны хаваліся ля «забытых» рэчаў: веласіпедаў, прыёмнікаў, дзіцячых цацак. Адно ведаю: наша пастка была «падключана» да досыць вялікіх схованак, дзе былі таксама міны і, напэўна, снарады. Іначай нельга было растлумачыць тое, што адбылося потым.
Чаму ўсяго гэтага не размініравалі? А чаму адразу не аднавілі руін? Такіх смертаносных месц тады было мільён. Я сам ведаў чалавека, які жыў у пакоі побач з велічэзнай, з добрага кабана, бомбай. Тая прабіла перакрыцці і засела стабілізатарам у арматуры, і чамусьці не выбухнула. Чалавек замураваў яе, аддзяліў цагельным - на палову цагліны - мурам і жыў у гэтым пакоі з жонкай і дзецьмі. Бо няма дзе было жыць. Гэта было ў Віцебску.
На ўсё не хапала рук. I кожны дзень недзе ў лесе, полі, урочышчы гінулі дарослыя і дзеці. Але часцей за ўсё дзеці.
Дый хто мог спадзявацца, што нехта палезе ў гэтае богам праклятае, бясплоднае месца, дзе ні вады, ні травы, хаця б на казу, ні роўнай пляцоўкі? Трэба было раней думаць пра дарогі і сцежкі, нівы і сады, і дамы.
Нашы, урэшце, маглі проста не ведаць пра тое міннае поле.
А тыя маглі мініраваць яго, спадзеючыся на тое, што нашы будуць фарсіраваць Дняпро і наступаць тут, бо тут было выгадна рабіць гэта, бо ўвесь раён «слупоў» быў амаль суцэльнай мёртвай прасторай, бо кожны яр, слуп, яма маглі схаваць, прыкрыць, зберагчы жыццё.
А нашы сталі фарсіраваць і наступаць не там, а зусім у іншым месцы... Вось і ўся гісторыя.
Ногі мае нібы прыкіпелі да месца. Я не здолеў зрэагаваць адразу, і я дагэтуль кляну сябе за гэта... Хаця... што я мог зрабіць?
Навум выбраўся з яра там жа, ля старога каштана. Пэўна, каб паглядзець, што робіцца наверсе. Чарговы агніста-чорны слуп адкінуў яго назад, у яр, кінуў Багдана на зямлю. Я здалёк бачыў, як рукі ягоныя чапляліся за сухі палын. I яшчэ выбух, і Багдана пакаціла, перакінула ў яр, туды ж, уніз.
Яны караскаліся на схіл. I тут ірванула яшчэ і яшчэ, амаль пад карэннямі каштана. I той нахіліўся, і я ўбачыў, як з-пад каранёў і звонкі, з-за стаўбура дрэва, паплыў на хлопцаў тоўсты - тром чалавекам не абхапіць рукамі - струмень пяску, і апракінуў, і накрыў Роліка.
Толькі тут я здолеў адарваць ногі ад зямлі і кінуцца бегчы туды, да іх. Бег з усіх ног і бачыў, што здалёк, па краі поля, на якім вырастаюць і вырастаюць чорна-дымныя дрэвы, імчыць да яра яшчэ адна постаць. Імчала на дапамогу Нонка.
Бег і бачыў, як падаюць са схілаў яра кавалкі пясчаніку, як яны рассыпаюцца ў пыл (міны былі закладзены па ўсёй кромцы пасткі).
- Багдане, Навуме, - даляцеў да мяне голас Карла, - трымайцеся.
Ссоўваючы нагамі пясок, ён каціўся да іх. Працягнуў руку. Чарговы выбух, чарговая жоўтая, абрыдліва-жывая лавіна. I яшчэ адзін агнявы слуп, з левага боку расколіны, і яшчэ.
На дно цясніны пачалі падаць вялікія брылы. Некаторыя даляталі на дно цэлыя, некаторыя яшчэ ў паветры рассыпаліся ў пясок. Востра смярдзела нечым. А на хлопцаў сплывалі і сплывалі ўсё новыя сыпучыя лавіны.
Мільганула на паверхні белая галава Карла... Пасля Навума... Зноў Карла... Дзмітрэнка падпаўзаў, сплываў, разам з пяском, да іх:
- Руку! Руку! Хлопцы, руку!
Яго накрыла з галавою. I тут я пачуў адчайдушны віск, страшны крык, у якім ужо не было амаль нічога чалавечага. Крычала Лізка:
- Ролік! Ро-о-лік!
Ёй асабіста нічога не пагражала. Яна стаяла наводдаль, на выступе. Але яна кінулася з яго ў пясчаную варонку, туды, дзе борсаліся хлопцы. Трымаючыся рукою за нейкі корань, яна працягнула другую туды, дзе плыў, падаў, ляцеў пясок, дзе зноў з'явілася галава нашага атамана.
Выбух! Корань абарваўся, і нашу малую панесла да тых, каму яна імгненне таму назад хацела падаць дапамогу.
Я ўжо быў побач, калі выбухнула нешта куды больш вялікае, чым адна міна. Можа, некалькі мін і снарадаў, схаваных у адным месцы. Слуп быў высокі, з палову дрэва. Мяне два разы перакуліла ў паветры і ляснула ўсім целам аб зямлю. I адразу стала цемра.