Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Лісце каштанаў». Краткое содержание книги:

Аўтабіяграфічная аповесць самага знакавага і сімвалічнага беларускага празаіка, Уладзіміра Караткевіча. Дадзены твор — гэта гісторыя жыцця падлеткаў падчас Вялікай Айчыннай Вайны. Гісторыя кахання, нянавісці і змагання за сябе і за сваіх таварышаў. Аповесць рэкамендуецца да чытання падлеткам, асабліва тым з іх, хто расчараваўся ў сяброўстве, справядлівасці і высокіх чалавечых ідэалах.
Разгар лета 1944 года. У вызвалены, разбураны Кіеў прыязджае 14-гадовы беларускі хлапчук Васілька са сваім дзядзькам і іншымі родзічамі. Хлопец перажыў многія цяжкасці і небяспекі вайны, але гэтым летам ён прадстаўлены сам сабе, і ў яго з'яўляецца непаўторная раней ці пазней свабода! У панішчаным, галодным горадзе амаль няма дзяцей і падлеткаў. Аднак у хуткім часе ён знаёміцца з кампаніяй аднагодкаў з яго раёну: Раланд, «атаман гвардыі», Багдан, Яўген і вёрткая, назойлівая Нонка, непажаданы, але нязменны хвост мужчынскай кампаніі.
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 34
Перейти на страницу:

- А цяпер баішся?

- Цяпер не. Іду вось з табой і проста не думаю аб тьм, аб чьм тады думаў. I не буду я думаць. Мне здаецца, таму людзі і ходзяць удваіх.

- Удваіх?- спытала яна.

- Ну так. Вось я цябе за руку трымаю, і ніякай мне няма справы, што яны ледзяныя, вялізныя, што там такая бездань... Нонка, каб мне ўжо зусім лепей за ўсіх на свеце было... Можна мне цябе пацалаваць?

- Пацалаваць? Ах так, так. Не ведаю, па-мойму, пра гэта не пытаюць. Ты таксама можаш пра гэта не пытаць цяпер. Я ж сама ўсім сказала.

Я абняў яе, няўмела прыцягнуў да сябе, убачыў цераз яе плячо цені каштанаў, узнесены ў зіхоткае - ад безлічы зор - неба Уладзіміраў крыж і апусціў твар у яе валасы.

...Гэты халаднаваты пацалунак! Той, калі вусны яе амаль не рухаюцца. I ўсё ж я не мог адарвацца ад гэтай першай смагі і першага паталення, і мне гэта было нават лепей: адчуваць яе холад, але яшчэ і яе пакору, тое, што яна нікуды не здолее пайсці, што яна мая. Хаця я й не дужа, не ў поўным сэнсе разбіраўся ў тым, што азначае «мая».

Холад адданых вуснаў. Я стаяў, прыціскаючыся да яе, і разумеў яшчэ мацней, зусім несумненна, безнадзейна і беспаваротна, што я для яе - нішто. Але побач з несамавітай горыччу, з сысучым болем жыла ў глыбіні яшчэ і трапяткая радасць, такая, якой мне пасля ніколі не даводзілася перажываць.

Яна раптам узняла руку і дакранулася да маёй шчакі.

- Ты што?

- Нічога, - сказаў я. - Зусім нічога. Нонка, мілая, ты думаеш, я не бачу? Не адчуваю ўсяго? Цябе зараз як агнём пякуць. Мне б трэба пайсці, саступіць. Але я не магу гэтага, проста не магу. Хачу, каб ты была тут, побач, хаця сёння. Хачу цалаваць рот. Такі ён у цябе безуважлівы! I твае валасы, і ўсё... I ты ўсё ж паруш сваё слова, Нонка. Не мучай сябе. Мяне - калі хочаш, а сябе - не. Мне ўжо і тое добра, што ты жывеш.

- Глуптасю ты. Куды ўжо мне ісці адсюль? Ты не звяртай увагі. Ты проста гладзь мае валасы... вось... вось так. I, калі захочаш, цалуй мяне. Я пастараюся, каб ты не адчуваў таго, аб чым па дурасці падумаў. Я пастараюся.

Я захутаў яе плечы крысом пінжака, успёр руку на спінку лаўкі. Цяпер яе плячук быў у мяне пад пахай, яе галава на маім плячы. I я гладзіў і гладзіў гэтыя цяжкія валасы, баючыся паварухнуцца, баючыся неяк спалохаць гэты дзіўны сон наяве.

А яна тулілася да мяне ўсё шчыльней і шчыльней. Я не цешыў сябе гэтым.

Яна гарнулася не да мяне, а да цёплага побач з сабою і ад гэтага свету, ад гэтых халодных зор, ад усяго, што здарылася.

I раптам заплакала. I гэта было немагчыма: Нонка - і заплакала. Я абхапіў яе і сціснуў так, што аж сам задыхнуўся.

- Ды што? Што з табой? Мілая мая. Нонка мая.

Яна ўся абвіснула ў маіх руках, я адчуваў, як уздрыгваюць ад плачу яе маленькія цвёрдыя грудзі.

- Суцеш мяне, Васілько. Кепска мне. Ой, як мне кепска! Пашкадуй мяне. Ты добры, харошы, лепшы за іх усіх, але што я магу, што я магу зрабіць з сабой?!

Я і сам адчуваў, што плачу. Рэдкімі цяжкімі слязьмі. Як ніколі дагэтуль. I не за сябе, а за яе.

- А ты нічога і не рабі. Пасядзі вось так, са мной, і ідзі, куды хочаш, дзе табе добра будзе, мая ты неласкавая. Ідзі туды, дзе захочаш быць ласкавай. - А сам, ведаючы, што гэта ў апошні раз, усё гладзіў яе плечы і цалаваў мокры тварык.

- Не. Не. Позна ўжо. Ты што, не бачыў? Я слабых не дабіваю. Не.

Закалацілася яшчэ няўцешней.

- Ой, Васілько, Васілько. Пра ўсіх я падумала, толькі пра цябе не падумала. Як гэта табе! Удар мяне, чуеш? Не падумала я, як гэта кепска будзе табе. А ты самлеў. Проста ўзяў, дый... Ой, даруй мне, даруй. Калі толькі можаш.

- Кінь, кінь ты. Што, каму, за што дараваць, дурненькая?

- Даруй.

Яна абхапіла мяне за шыю, пачала блытацца пальцамі ў чупрыне і сама, таксама зусім няўмела, стала цалаваць мяне ў вочы, нос, урэшце ў вусны.

- Ты не думай. Я цябе кахаць буду, я цябе не пакрыўджу, я ўсё гэта запомню. Дай мне толькі крышачку ачуняць.Дужа цябе буду любіць. Ужо нават і цяпер люблю. Даруй мне.

Рукі мае дрыжалі ад болю, падзякі і пяшчоты. Усё яе цельца калацілася ў гэтых маіх руках, нібы з кожным выбухам плачу з грудзей вырывалася не толькі дыханне, але й самое жыццё. А я гладзіў яе, і плач паступова заміраў, і я шаптаў і шаптаў, нібы ў дурмане:

- Дарагая мая... Любая мая... Мая добрая...

...Ачуўся я на плошчы Хмяльніцкага. Конны Багдан паказваў булавою на бязважкі сілуэт Сафіі, што ўзносіўся ў зоры. Было поўнае бязлюддзе начнога спустошанага горада.

Кіяўляне са смешачкамі перадавалі такую, нібыта «праўдзівую», гісторыю. Уладзімір са сваёй горкі крычыць Хмяльніцкаму:

1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 34
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)