Агасфэр (Вечны Жыд)
- Автор: Гейм Стефан
- Язык: белорусский
- Переводчик: Васіль Сёмуха
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Агасфэр (Вечны Жыд)». Краткое содержание книги:
Вы, у кожным разе, згодныя, што персідскі цар Агасфер не ідэнтычны Вашаму сябру, уладальніку шавецкай крамы; гэта, прынамсі, скрэслівае добрых 400 гадоў з жыцця апошняга. Як што далей вынікае з рукапісу 9QRes, якому Вы надаяце такую вагу, у сувязі з «Настаўнікам справядлівасці» і «Князем цэлай абшчыны» гаворка ідзе пра дзве чалавечыя істоты, а не пра шматкроць паўторанага альбо вечнага духа. Вы з поўным правам указваеце, паважаны гер калега, на рэалізм адной часткі цытаванага Вамі верша. Тым не меней мы мусім канстатаваць, што ўсё астатняе напісана ў такой звышвысокай форме, што акрамя аднаго месца наўрад ці прасвечваюцца якія-небудзь рэальныя факты. Відавочна ў абшчыне Кумран верылі, як, зрэшты, Вы і самі згадваеце, у двух месій, і аўтары цытаванага Вамі рукапісу паведамляюць, як яны паміж сабою спрачаюцца. Літаральны змест спрэчкі, на шчасце, перададзены вельмі натуральна, і ўсё ў ёй стасуецца з вельмі натуральнымі рэчамі. Мы трымаемся думкі, што абодва нібыта месіі альбо проста былі мазурыкі, якія, скарыстаўшыся прымхлівымі інстынктамі членаў абшчыны, працавалі рука ў руку, альбо, што перад фактам абсалютна правільна ацэньваных Вамі істэрычных настрояў у прамежку часу паміж 1 ст. і 2 ст. паводле нашага летазлічэння, найпраўдападобней былі параноікі. Тое, што махляры часта сварыліся, зразумела; але ж таксама і параноікі, з якіх кожны лічыць сябе вялікім, будзь тое Напалеонам альбо месіяй, таксама часта спрачаюцца і павінны быць па магчымасці ізаляваныя.
За параною, прынамсі, у «Князя абшчыны», далей гавораць і яго выразна акрэсленыя ваенна-рэлігійныя шалы. Паколькі дух гэтай адзначанай 9QRes асобы таксама, як і Агасфер, неўміручы, я даручыў двум маім супрацоўнікам пашукаць у Бібліі, апокрыфах і іншых пісаннях падобнага роду выказванняў іншых габрэйскіх персаналіяў. Іх мы, як толькі наша праца дасягне пэўнага пункту, ахвотна прадаставім у Ваша распараджэнне; магчыма, і Вы маглі б са скарбніцы Вашых ведаў даць нам адпаведныя інфармацыі.
Чакаю Вашага адказу і па-сяброўску вітаю Вас
Адданы Вам
(праф. д-р Dr.h.c.)
Зігфрыд Байфус
Інстытут нав. атэізму
Берлін, сталіца ГДР