Агасфэр (Вечны Жыд)
- Автор: Гейм Стефан
- Язык: белорусский
- Переводчик: Васіль Сёмуха
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Агасфэр (Вечны Жыд)». Краткое содержание книги:
Гэта, дарагі калега, мой пераклад часткі скрутка 9QRes, які датычыцца сустрэчы Настаўніка справядлівасці з Князем абшчыны: як вы заўважыце, апошні ў самым важным месцы пазначаны адкрыта імем Агасфер. Пры больш дакладным чытанні Вы далей знойдзеце, гэтае месца сваім рэалізмам адрозніваецца ад рэшты матэрыялу; згодна яму гаворка тут з вялікай верагоднасцю ідзе пра гістарычнае паведамленне аднаго з аўтараў скрутка пра важнае здарэнне. Абшчына Кумрана была толькі адной з многіх юдэйскіх сектаў, якія, падобна іншым дахрысціянскім абшчынам, былі адухоўлены верай у тое, што ўжо апошні час блізкі альбо нават настаў; у Кумране, праўда, чакалі месію ў двух іпастасях альбо, можа, нават верылі ў двух месіяў, аднаго, так сказаць, цывільнага і аднаго ваеннага, як тое яно старое габрэйскае боства мае двайны характар, адзін раз гэта бог помсты і вайны і пасля бог ласкі і любові.
Паколькі вы там у Берліне не верыце ні ў аднаго, ні ў другога, дастаткова будзе любой спекуляцыі пра тое, каторы ж тут на самай справе маецца на ўвазе; наадварот, наконт 9QRes няма ніякіх сумненняў, у ім маюцца вершы, якія амаль даслоўна паўтараюць словы з ІQM, так званага ваеннага скрутка, і з ІQpHab, так званага Абакумавага каментара.
Я спадзяюся, што паслужуся Вам праз гэта паведамленне, і застаюся з найлепшымі вітаннямі
Ваш
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew Univercitу
Jerusalem