Пяты этап
- Автор: Пясецкі Сяргей
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 978-985-6906-91-9
- Переводчик: Язэп Янушкевіч
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Пяты этап». Краткое содержание книги:
Пачаў ісці ўгару. З намаганнем, крок за крокам, караскаўся па слізкім адхоне. Трохі развіднела. Дзе-нідзе з-за хмараў вызіралі цікаўныя зоркі. З блізкай адлегласці ўжо можна было адрозніць абрысы дрэў, хмызоў.
Злева, пры дарозе, вырасла з цемры доўгая, драўляная будыніна. Забава спыніўся. Стаяў на самай вяршыні ўзгорка. Наблізіўся да будынка. Адно акно, не вельмі шчыльна занавешанае гардзінай з сярэдзіны, прапускала праз вузкія шчыліны святло. З-за акна даносіліся чалавечыя галасы.
«Што гэта можа быць»? — падумаў Забава. Ціха наблізіўся да акна, каб зазірнуць праз шчыліну ўсярэдзіну. Адчуў каленам мокрую, слізкую лаўку. Паставіў адну нагу на лаўку і адразу інстынктыўна тут жа адчуў ля сябе чыюсьці прысутнасць. Замёр на месцы. Павярнуў галаву направа, і ў гэты самы момант балюча ўдарыў яму ў вочы яркі прамень кішэннага ліхтарыка.
— Стаяць! Рукі ўгору!
Не змарудзіў і імгнення — тройчы стрэліў перад сабою, у тое месца, адкуль свяціў ліхтарык, і скокнуў убок. Ліхтарык пакаціўся па зямлі, рэфлектар патануў у чорнай жыжы лужыны. Бліснуў ліхтарык Забавы і адразу патух (у ягоным святле паспеў убачыць укленчанага на зямлі, пры сцяне будынка, чырвонаармейца з карабінам у руках. Руля была накіравана ў бок Забавы. Забава скокнуў улева і прысеў. Тут жа бухнуў стрэл; агонь лізнуў начны змрок. Забава стрэліў у адказ, двойчы. Пачуўся стогн. Ціха зрабіў некалькі крокаў на сярэдзіну дарогі, хочучы адысці ад будынка. У гэты час нябачныя ў цемры дзверы з трэскам адчыніліся і шырокі пас святла прарэзаў змрок, рассякаючы цемру начы і дарогу. У праёме паказаліся ўзброеныя людзі. Забава з нейкім садысцкім задавальненнем, сціскаючы зубы стрэліў па іх чатыры разы. Убіў у ручку парабелума новую абойму, перазарадзіў рэвальвер і ціха пайшоў ускрайкам дарогі. Праз некалькі імгненняў ззаду пачуліся стрэлы, крыкі, і, трохі пазней, тупат коней.
Забава сышоў з дарогі і пайшоў праз палі, усё больш і больш аддаляючыся ад гасцінца. Доўга ішоў напрасткі па жудаснай бездаражжы. Часам глядзеў на компас, каб не страціць арыентацыі.
Калі ўбачыў, што (паводле гадзінніка) да світанку засталося не больш чым дзве гадзіны, скіраваў на поўнач, хочучы выйсці на гасцінец, з якога папярэдне сышоў, кіруючыся на поўдзень, а потым на захад. Пасля гадзіны цяжкай, пакутлівай дарогі знайшоў гасцінец. Пачало добра днець. Да мяжы заставалася яшчэ больш як пяць кіламетраў. Вырашыў пайсці да найбліжэйшага лесу і там дачакацца змяркання, каб пад покрывам цемры пераходзіць у Польшчу, бо пакуль што іншых дарог за мяжу, акрамя гасцінца, не ведаў.
Дзень перачакаў у лесе, паўночней гасцінца. Яму вельмі хацелася спаць, але не ведаючы наваколля, асцерагаўся, каб яго не ўхапілі, калі засне. Пасля страляніны сённяшнім досвіткам мяжа і памежжа на гэтым адрэзку будуць узмоцнена вартавацца і патрулявацца.
Блукаў па лесе. Вывучаў лясныя сцяжыны. Некалькі разоў выходзіў на ўзлесак. Нарабіў на карце гэтага адрэзку мяжы некаторыя папраўкі, бо заўважыў на ёй гэтулькі недакладнасцей. Лушчыў арэхі, збіраў познюю маліну. Толькі пад вечар зноў выйшаў на гасцінец.
У лесе было ўжо цёмна, а на дарозе і ў полі толькі пачало змяркацца.
Калі наблізіўся да «другой лініі», сышоў уніз з пагорка па шырокім, звілістым, парослым маладымі елкамі адхоне. Паслухаў, паглядзеў, на колькі сягаў зрок, на прасторную сенажаць і, карыстаючы з кожнага прыкрыцця на мясцовасці, сышоў на бераг звілістай рачулкі. Доўга шукаў броду. У адным месцы заўважыў зламаную, старую вярбу, перакінутую над вадой. Доўга паўзіраўшыся і пераканаўшыся, што паблізу нікога няма, перабраўся на другі бок і неўзабаве зноў увайшоў у лес.
Паволі сунуўся наперад, уважліва ловячы вухам кожны шоргат. Прамінуў некалькі добра вытаптаных сцежак паміж мяжой і «другой лініяй». Усё сведчыла пра тое, што мяжа на задняй лініі таксама добра ахоўваецца. Уважліва вывучаў усё наваколле. За кожным кустом магла быць засада, на кожным кроку яго чакала небяспека, у любую хвіліну яго маглі сустрэць стрэлы.
Амаль гадзіну змарнаваў, каб прамінуць без малога вярсту паміж «другой лініяй» і глыбокім ярам, які ўклініўся па межавой паласе да самой мяжы. Доўга сядзеў пад старой ялінай, над берагам яра, слухаючы плюскат вады ўнізе, дзе бруілася ў капрызных паваротках рачулка. Навокал было ціха. Пачаў павольна ссоўвацца ўніз. Некалькі разоў спыняўся і ўслухоўваўся. Раптам зачапіў нагой камень, які пакаціўся ўніз. Забава спыніўся.