Пяты этап
- Автор: Пясецкі Сяргей
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Галіяфы
- ISBN: 978-985-6906-91-9
- Переводчик: Язэп Янушкевіч
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Пяты этап». Краткое содержание книги:
Пазнаёміўся з Зосіным мужам, Іванам Рыгоравічам Кобзавым. Паводзіць сябе як ідэйны камуніст, але па нейкіх дэталях я заўважыў, што пэўныя «буржуазным забабоны» яму не чужыя. Думаючы, што я сваяк Марылі Брагінай, гаварыў са мной вельмі шмат на розныя тэмы. Даведаўся, што лічыць мяне «выключна прыстойным хлопцам», сярод «нашай ушчэнт сапсаванай моладзі», а гэта, мусіць, з той прычыны, што я выказваў вялікае захапленне «каласальнасцю» ягонай працы і адказнасці. Гэта чалавек гадоў за пяцьдзесят, поўны, трохі астматычны; гаворыць павольна і ўвесь час дадае: «вы разумееце»? Пэўна, працуе з ідыётамі, якія не могуць зразумець самых простых рэчаў. Заўважыў, што ў Зосі ён пад абцасам, проста камічны ў імкненні дагадзіць жонцы, намагаецца апярэдзіць ейныя пажаданні, рухі і нават думкі. А тая ставіцца да яго з абразлівай абыякавасцю. Заве яго «Чушкам» — быццам парася. Гэтае інтымнае «Чушка», шматкроць гучна прамоўленае Зосяй, зрабілася для мяне брыдкім, і я ледзь не з агідай глядзеў на Кобзава, які ласціўся да жонкі. Гэтае адно слова канчаткова патушыла жар майго былога кахання да яе. Як я цяпер выказаўся: «жар майго былога кахання». Я так не кажу, не пішу, і нават не думаю; гэта чужы ўплыў — кніг.
Заўважыў, што Кобзаву дорага абыходзіцца ўтрыманне хаты, і асабліва жонкі, якая капрызная і любіць прыгожа апранацца. Уяўляю, колькі могуць каштаваць зараз у Саветах яе модныя сукенкі, лёгкія халацікі, шаўковыя панчошкі. Прамаўляў самому сабе: «Так, спадар Кобзаў: роўнасць роўнасцю, братэрства братэрствам, ідэя ідэяй, але пакуль свет існуе, прыгожая жанчына будзе бясконца больш дарагая за брыдкую і яе цела ўяўляе куды большую каштоўнасць для нармалёвага мужчыны, чым усе сацыялістычныя тэорыі разам узятыя. Брыдкую, старую ты загоніш у прачкі — як спадарыню Жарскую; а перад прыгожай самкай будзеш ты віляць хвосцікам, сліну пускаць. Сам станеш рабом».
Аднойчы, калі жонкі не было ў хаце, Кобзаў паказаў мне спальню, перапоўненую не гэтулькі густоўнымі, колькі каштоўнымі рэчамі. Паказаў мне велізарны двухспальны ложак.
— Мораны дуб, — крэкнуў шматзначна. — Сапраўдны чорны дуб. Набыў пры нагодзе, усяго 50 рублёў, залатых. Адна драўніна чаго каштуе. Масіў. Учатырох ледзьве паднялі. А паглядзіце разьбу. Цуд.
— Так. фактычна. — падтакваў я без вялікага пераканання, дзеля ветлівасці.
— А гэты туалет. Гістарычная, можна сказаць, рэч. Мастацтва. Вока нельга адарваць. Як?
— Прыгожы туалет.
— А той кілім. Натуральны, персідскі. Прывёз з Самарканда. Таксама набыў выпадкова. Пакуль яго саткалі, можа, не адна пара вачэй патухла. Шэдэўр.
— Сапраўды.
— А гэта як вам падабаецца? — штурхануў мяне локцем і па-змоўніцку падміргнуў, паказваючы карціну, намаляваную алейнымі фарбамі, павешаную над ложкам. Зараз вокны адвешу.
Падняў прыспушчаныя занавескі і павярнуўся да мяне.
— . Зося хацела выкінуць на гарышча; кажа: «Навошта гэтае свінства ў спальні, тут не лазня, каб голыя дзеўкі па сценах віселі». Ледзьве яе пераканаў, што гэта твор мастацтва. Толькі калі сказаў, што нагадвае яе саму, такая самая прыгожая, змякчэла. Звярніце ўвагу на гэты цёплы тон цела, на гульню цягліцаў на сцёгнах, на гарачую хвалю медных валасоў. Гэта ўзбуджае. Адчуваеце, як паліць?
— Вядома. Трохі паліць.
Успомніў вершы, якімі крыкнуў «паэт рэвалюцыі»:
Неўзабаве Кобзаў заўважыў, як Зося ветліва да мяне ставіцца, таму таксама пачаў выказваць знакі павагі, магчыма хочучы тым самым зрабіць прыемнасць жонцы або знайсці ў маёй асобе хаўрусніка. Вось гэта быў палітык. Паслядоўны матэрыяліст.
У Брагіных я пазнаёміўся яшчэ з адным ягамосцем, таксама камуністам. Быў ім Міхал Озімаў, сакратар губвыканкама. Найпершы залётнік да Лізкі. Яна сваіх каханкаў пазначыла нумарамі, і нават надала ім гербы. Учора сказала мне, што я таксама маю дэвіз. Спытаўся: «Які?», адказала, што гэта сакрэт, але магчыма калі-небудзь мне скажа. толькі трэба «заслужыць». Таму той Озімаў адчуў да мяне відавочную антыпатыю як да суперніка. Я і вухам не павёў, і нават знарок наймацней дагаджаў пры ім Эльжбеце. Зося таксама не любіць яго; кажа, што гэта насупа і сугней. Сказаў ёй, што знарок заляцаюся да Лізкі, каб тым самым яму насаліць. Яна засмяялася і сказала: «А хай яму будзе, гэтай мэме, добра».