Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Рэквіем для бензапілы
Рэквіем для бензапілы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рэквіем для бензапілы

Электронная книга - «Рэквіем для бензапілы». Краткое содержание книги:

Уладзімер Арлоў шырокавядомы у Беларусі і па-за яе межамі пісьменьнік. Зборнік аповесьцяў і эсэ аўтара – ўвайшлі ў спадчыну беларускай літаратуры. Зьмест выданьня падабраны адмыслова - асэнсаваньне самога сябе і перажытага сабой – тое што аўтар выносіць на старонкі выданьня. Напэўна, для кожнага, хто ведае пра Уладзімера Арлова, адна з першых асацыяцыяў з аўтарам зьвязаная з яго любімым Полацкам. І не выпадкова, бо мала хто так здолеў перадаць пачуцьці да родных мясьцінаў, багатых як падзеямі гэтак і асобамі, як палачанін Уладзімер Арлоў. Полацкія апавяданьні – цыкль твораў, якія прысьвечаныя Полацку, што жыве сёньня, але адначасова таго які памёр. Памёр разам з нечалавечым “прагрэсам”. Аднак яшчэ ня хоча паміраць ва ўспамінах ягожыхароў. Іншыя аповесьці, што ўвайшлі ў зборнік распавядаюць пра самае інтымнае – жыцьцёвыя разважаньні і перажываньні аўтара
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 77
Перейти на страницу:

Мець з хімікамі і хіміцамі якія-небудзь стасункі катэгарычна не рэкамендавалася. Напэўна, таму нас і пасялілі на ўскраіне Ягаднага, дзе стаяла дзесяткі два занятых хімікамі фінскіх дамкоў і прыкладна столькі ж чакала будучых насельнікаў, што яшчэ цягнулі тэрмін на зоне.

Пакуль гаспадары гэтага «хімкомплексу» былі ў тайзе, мы ў кампаніі з двума прапаршчыкамі блукалі ад дамка да дамка, шукаючы вольную жылплошчу. Незанятых памяшканняў не бракавала, аднак частка з іх была перапрафіляваная ў прыбіральні з адпаведным краявідам і водарам. Некалькі дамкоў ужо адслужылі гэтую пачэсную службу; паветра там пачынала пахнуць тайгой, але культурны слой быў такі магутны, што заставалася толькі паспачуваць археолагам наступных стагоддзяў. Да таго часу сцены, праўда, павінны былі спарахнець, і даследчыкі, прынамсі, не мелі б неабходнасці сушыць мазгі над парадоксам: чаму тубыльцы, нягледзячы на наяўнасць газет і рознага лапушыстага таежнага зяленіва, карысталіся, перапрашаю, пальцамі, якія потым старанна выціралі аб пабелены тынк?

Нарэшце мы знайшлі два дамкі, дзе яшчэ нядаўна хтосьці жыў, і таму іх не паспелі ператварыць у будучую археалагічную галаваломку. Мы з Генікам, Бугром, Чарніловічам і рудым, як іржавая бляха, Джонам Галяком скінулі заплечнікі там, дзе на падлозе сіратліва ляжаў агульны сшытак з перапісанымі акуратным дзявочым почыркам песнямі, першая з якіх называлася «Полюбила заключенного». Хлопцы пацягнуліся ў краму, а я на выпадак, відаць, усё ж такі непазбежных кантактаў з тутэйшым жыхарствам наважыўся бліжэй пазнаёміцца з яго фальклорам і разгарнуў спеўнік:

На равнине широкой

Стоит крест деревянный.

Его девушка нежно

Прижимает к груди,

А за ней, как икона,

Там запретная зона,

И, как свечку у гроба,

Часовой на посту...

Мы бежали с тобой

Зеленеющим маем,

Когда тундра надела

Свой роскошный наряд...

Немаведама якой віхураю занесла сюды два вершы Ясеніна і адзін - Арсенія Таркоўскага, ад якіх, быццам ад галінкі язміну ў набітым потнымі целамі агульным вагоне, на момант павеяла свежасцю. Далей ішла рарытэтная, амаль спрэс нецэнзурная песня пра тое, як бацька меў трох сыноў, прычым трэці быў гермафрадыт. Я перагарнуў яшчэ старонку. Побач з даволі прафесійным малюнкам таго, што сексолагі таямніча называюць кейраю, тым самым круглявым почыркам уседлівай васьмікласніцы было выведзена:

Может, фраер в галстучке атласном

Вас сейчас целует у ворот...

Засвоіць ілюстраваны тэкст далей я не паспеў, бо знадворку разлегліся такія вусцішныя ці, дакладней, велічныя мацюкі, што ў параўнанні з імі нецэнзурны дрыблінг Рэпіна-дацэнта выглядаў, як пяціпавярховая хрушчоба побач з нью-йоркскім хмарачосам.

Не было сумневу, што тырады, геніяльна складзеныя амаль выключна з ненарматыўных лексемаў, належаць жаночаму голасу. Сэнс палымянай філіпікі, аздобленай абяцанкамі нешта адкусіць, адкруціць і адпілаваць па кавалачку, зводзіўся да таго, што я ўварваўся на чужую тэрыторыю.

Услед за ўдарам нагой дзверы адчыніліся, і на парозе я ўбачыў зусім не карготу са з'едзеным пранцамі носам, а зацягнутую ў зашмальцаваныя джынсы танклявую бландзінку гадоў на дваццаць, якую і сёння ўлучыў бы ў дзесятку самых гожых істотаў жаночага стану, сустрэтых за свае цяперашнія ўжо сорак.

Угледзеўшы сшытак з песнямі, таежная прыгажуня вырвала яго ў мяне з рук і выплюнула проста ў твар вытанчаную кулінарную фантазію на тэму яечні з адпаведных частак майго цела.

«Ты што?» - вырвалася ў мяне. І тут прычынілася малаверагоднае: чароўная мацюкальніца залілася чырванню такой кансістэнцыі, што барвы, здавалася, хапіла ёй і на невялікія мячыкі вызваленых ад станіка грудзей пад лёгкай майкай, і на выштукаваныя нібыта па лякалу клубы, і на даўгія ножкі ў кітайскіх кедах. Працяг атрымаўся гэткі ж неспадзяваны: бландзінка імпэтна павярнулася і кінулася прэч, але яўна не па падмогу.

«Ёсць першы кантакт!» - падумаў я і з ціхім жахам адчуў, у якое пекла ператворыцца нашае жыццё, калі ўсе хіміцы Ягаднага акажуцца падобныя да першай візітанткі.

Увечары Генік узяў аркушык паперы, падзяліў яго рыскаю на дзве часткі і зверху кожнае паставіў + і -. Мінусы былі пералічаныя капітанам спецкамендатуры. Плюсаў набралася два: адсутнасць гнюсу, які, у адрозненне ад нізіннага Бл. Яра, тут збівала ветрам назад у тайгу, і прысутнасць у Ягадным жаночага будатрада «Amazonki» з Томскага ўніверсітэта. Амазонкі таксама жылі ў «хімкомплексе». «Трыццаць тры бабцы, гэта, я вам скажу, не сесію спіхнуць...» - задуменна прамовіў Дж. Галяк. «Я балдзею...» - прыгаломшана азваўся калега Чарніловіч. Генік ні з пушчы ні з поля паведаміў, нібыта антычныя амазонкі, каб лацвей было прыкладвацца да лука, выразалі сабе ці то левую, ці то правую грудку. «Мы гэтага не дапусцім», - адлучана растуліў вусны Бугор, які ўжо паспеў прыняць пару шклянак партвейну, і ў нашым жытле запала стоена-летуценнае маўчанне.

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 77
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)