Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другая проза » Рэквіем для бензапілы
Рэквіем для бензапілы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рэквіем для бензапілы

Электронная книга - «Рэквіем для бензапілы». Краткое содержание книги:

Уладзімер Арлоў шырокавядомы у Беларусі і па-за яе межамі пісьменьнік. Зборнік аповесьцяў і эсэ аўтара – ўвайшлі ў спадчыну беларускай літаратуры. Зьмест выданьня падабраны адмыслова - асэнсаваньне самога сябе і перажытага сабой – тое што аўтар выносіць на старонкі выданьня. Напэўна, для кожнага, хто ведае пра Уладзімера Арлова, адна з першых асацыяцыяў з аўтарам зьвязаная з яго любімым Полацкам. І не выпадкова, бо мала хто так здолеў перадаць пачуцьці да родных мясьцінаў, багатых як падзеямі гэтак і асобамі, як палачанін Уладзімер Арлоў. Полацкія апавяданьні – цыкль твораў, якія прысьвечаныя Полацку, што жыве сёньня, але адначасова таго які памёр. Памёр разам з нечалавечым “прагрэсам”. Аднак яшчэ ня хоча паміраць ва ўспамінах ягожыхароў. Іншыя аповесьці, што ўвайшлі ў зборнік распавядаюць пра самае інтымнае – жыцьцёвыя разважаньні і перажываньні аўтара
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 77
Перейти на страницу:

На аэрадроме ўзвышалася велічная жалезная брама, злева й справа ад якой аніякае абгародкі і не начавала, затое зверху спаруду аздабляла прыкручанае дротам мастацкае пано, з якога брываста-медалясты генсек рабіў падарожніку ручкай, зазначаючы, што «Верной дорогой идете, товарищи». Ён жа паведамляў: «Вас приветствует центр Верхнекетского района Бл.Яр». Прымайстрыўшыся на драбінах, гэтыя пранікнёныя словы з непісьменна-хуліганістым скаротам спрытна падмалёўвала мізэрная істота з такой казлінаю бародкай, што, здавалася, у гумовіках у гэткага служкі музаў могуць парыцца адно капытцы.

На ўзлётным полі і вакол яго дацвітаў малачай, пасвіліся каровы і ніхто не спускаў нікому юхі. Трывожную ноту ў гэтую пастараль унёс пастух, што падпіраў браму, пяшчотна пазіраючы на пастаўлены ў нагах зялёны «фаўст» з партвейнам невядомае ў Беларусі маркі «777». Пастух паважна адсмактаў з рыльца колькі глыткоў пітва, прыкладна столькі ж наліў у чарапок свайму сабачку, якога любасна называў Алкашом, і папярэдзіў, што па дарозе з аэрадрома ў цэнтр Верхнякецкага раёна лютуе беглы калгасны бык-вытворца з неардынарным для парнакапытнага мяном - Юдзеніч.

На шчасце, адмахаўшы па тайзе пару кіламетраў, я спаткаўся не з Юдзенічам, а з маім найлепшым сябрам Генікам, які вёз на «казле» скрынку маргарыну, што павінны былі з'есці байцы СБА, і скрынку дагестанскага каньяку «Абрау Дюрсо», што павінны былі выпіць з мясцовым начальствам будатрадаўскія важакі. Генік займаў адказную пасаду нашага загадчыка гаспадаркі. Ён ужо добра засвоіў, што ўсушка, утруска і асабліва шклабой на сібірскіх дарогах - рэч непазбежная, а таму праз паўгадзіны сібірская рэчаіснасць набыла дагестанскую стэрэаскапічнасць, а камарыныя ўкусы толькі аздаблялі гэтае жыццё.

«Казёл» загамаваў на цэнтральнай плошчы Бл. Яра, і Генік - меў ён такую жарсць да партыйных і дзяржаўных устаноў - прапанаваў схадзіць за райкам партыі да ветру. Я прагна насычаўся сібірскім каларытам, да якога апрача камар'я належалі старадаўнія каржакаватыя дамы, што, несумнеўна, даўно пусцілі ў зямлю карані, а таксама вусцішная гайня ці то свойскіх, ці то здзічэлых сабак усіх магчымых масцяў, што гойсала вакол, не дазваляючы нам з Генікам ажыццявіць за райкамам свой антыпартыйны намер.

Мы загрузіліся ў аўто, і Генік зноў задуменна паглядзеў на залацістыя плады «Абрау Дюрсо». У вакне мільгануўся глухі й высачэзны, на тры чалавечыя росты, плот з калючым дротам. «Зона», - лапідарна патлумачыў загадчык гаспадаркі, і я паспеў заўважыць яшчэ адзін лозунг - «Запомни сам, скажи другому, что честный труд - дорога к дому».

Даніну тутэйшаму захапленню лозунгамі аддаў і наш будатрад. «Колькі спраў цудоўных намі здзейсніцца!» - было напісана на нацягнутым паміж дзвюма лістоўніцамі кумачовым пасе. Пад ім стаяў з алюмініевай міскаю ў руках яшчэ адзін мой сябрук Мішка Чарнавец, вядомы чытачам нашага гістфакаўскага самвыдавецкага альманаха «Мілавіца» як паэт Міхась Чарніловіч. Міхась то пільна, як варажбітка ў люстэрка, углядаўся ў міску, то кідаў хуткі позірк на гадзіннік. Гэткім самым няўцямным клопатам былі занятыя яшчэ колькі байцоў СБА. «Сорак сем!» - выгукнуў Чарніловіч і выплюнуў змесціва міскі ў хмызняк. «Пяцьдзесят!» - азваўся нехта, таксама апрастаўшы міску. Як хутка высветлілася, хлопцы лічылі, колькі камароў уваб'ецца ў іхняе едзіва за хвіліну. Рэшта байцоў эксперыментамі не займалася, а проста бегала з міскамі і лыжкамі вакол недабудаванай сталоўкі, спрабуючы абагнаць даўгія камарыныя шлейфы, што цягнуліся за кожным, і затаптаць у страўнікі порцыю слізкіх гумовых макаронаў. Той, хто быў з намі летась у казахстанскім будатрадзе, відаць, тужліва прыгадваў нашага кухара карэйца Кіма, які на Дзень будаўніка згатаваў нам фірмовую тушонку з суслікаў, па буднях жа штодня рэзаў барана, а калі барана не прывезлі, дык зарэзаў на гуляш аднаго са сваіх мясных карэйскіх сабакаў, і той гуляш атрымаўся найсмачнейшым за ўвесь сезон, вось толькі дарма Кім адкрыў нам потым кулінарную таямніцу ды яшчэ і тады, як увесь атрад сядзеў за сталом.

Дні, адведзеныя нам на здзяйсненне цудоўных спраў, былі цікавейшыя, чым ночы пад накамарнікамі, якія слаба ратавалі ад машкары, павутоў і іншае заедзі, што прагла ўзяць у нас аналіз крыві. Удзень мы заводзілі знаёмствы з істотамі больш адметнымі. На будаўніцтве цагельні разам з намі рабілі зэкі з зоны і вольныя пасяленцы, або папросту хімікі. Зэкі былі падканвойныя, і даступіцца да іх мы не маглі, затое з хімікамі без цырымоній перакурвалі, а то і выцэджвалі пляшку «777-га», што ў белаярскім абыходку з любасцю зваўся «трыма сямёрачкамі».

1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 77
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)