Рэквіем для бензапілы
- Автор: Орлов Владимир Алексеевич
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Рэквіем для бензапілы». Краткое содержание книги:
Аднаго дня ў небе над пасёлкам з'явіўся пажарны верталёт, падобны да варанага рака з прапелерамі. Ён цягнуў на тросіку закручаны ў брызент лёгкі груз, што гайдаўся, быццам ківач ад ходзікаў. Верталёт скінуў груз на падворку спецкамендатуры, і Ягаднае даведалася: пажарнікі знайшлі на прасецы тое, што засталося ад пецярых зэкаў, якія ў сакавіку рванулі на волю з недалёкай (у сібірскіх сумерах) зоны. Праляцеў почут, быццам пятага ўцекача таварышы бралі за «карову» - прасцей кажучы, каб па дарозе з'есці. «Тайга - закон, медведь - хозяин», - пракаментаваў падзею галоўны бугор хімікаў дзядзька Коля-масквіч з вытатуяваным на грудзях партрэтам Сталіна. Той дзядзька Коля, пра якога казалі, што ён жыве ў Сібіры, чаргуючы зону з «хіміяй», яшчэ з ваенных гадоў.
Увесь гэты час я марна выглядаў хіміцу, з якой сустрэўся ў першы дзень. Яна ніколі не з'яўлялася ні сярод плявучых налётчыцаў у ваколіцах сталоўкі, ні сярод тых жанчын, што развешвалі на вяроўках памытую бялізну сваіх уладароў або нешта гатавалі на цаглінах. Нарэшце гаспадыня спеўніка аб'явілася сама.
«Эй, студент! - пачуў я аднойчы, цягнучы з Генікам цяжкія бляшаныя ношкі бетону. На сцежцы, засунуўшы рукі ў кішэні, пругка пераважвалася з пяткі на насок чароўная мацюкальніца. - Пошли покурим, - з насмешлівым выклікам прапанавала яна і супакоіла: - Не боись, я нынче хорошая». Я не баяўся, бо адчуваў, што той, першы раз паміж намі праскочыла іскра, пасля якой ужо не ўчыніш адно аднаму аніякага кепства.
З цёплага пляскатага каменя на высокім беразе было відно, як далёка ўнізе паўзла па Кеці баржа-самаходка, і я падумаў, што, магчыма, на такой вось баржы сорак гадоў таму везлі на смерць майго галоднага завашыўленага дзеда Максіма.
Чамусьці некаторыя людзі маюць схільнасць расказваць мне свае гісторыі.
Недзе на Васільеўскай выспе бегала ў школу і ў літаратурную студыю дзяўчынка Ірына, якую ў дзесятым класе на школьным вечары ў гонар дня нараджэння камсамола запрасіў на танец незнаёмы юнак Юра, што адрэкамендаваўся філосафам.
У кішэнях у філосафа вяліся грошы, і ён засыпаў Іру кветкамі і закарміў у кавярнях марозівам і яе ўлюбёнымі вяршкамі з курагой і арэхамі, якія было смачна запіваць светлым сухім віном. Потым адбыўся паход у славуты піцерскі «Норд», адкуль яны паехалі да Юры. Калі таксоўка везла Іру дадому, а Юра трымаў яе за руку, слёзы на вачах ужо высахлі і сэрца цвіло ад радасці, якая называлася: «Я - жанчына!»
Накрэсленая філосафам Юрам будучыня сваёй прастатой і яснасцю нагадвала план школьнага сачынення на тэму «Пячорын - лішні чалавек». Пункт 1. Універсітэцкі факультэт філалогіі. Пункт 2. Вяселле пасля першага курса, - таму што болей Юра ну ніяк не зможа чакаць... Маме пакуль, вядома, ні слова.
Ірыніна мама ні пра што не здагадвалася і здзіўлялася, што заняткі ў літаратурнай студыі зрабіліся амаль штодзённымі.
Пад Новы год у Юры быў дзень нараджэння. Іра ўпотайкі ад маці здала ў «Букініст» пару дарэвалюцыйных кніжак і доўга хадзіла па крамах, бо разумела, што філосафам нельга дарыць банальных падарункаў. Яна выбрала жоўта-зялёнае кашнэ, а ў заалагічным магазіне купіла такое ж масці чыюка і пачала вучыць яго словам «Сакрат» і «Геракліт». За тыдзень, што заставаўся да Юравага дня нараджэння, попка навучыўся даволі чыста вымаўляць «Гера», а заместа «Сакрат» віскліва крычаў «Укралі». На горад падаў іскрысты снег, і жыццё нагадвала зімовую казку.
Пару наступных старонак празмерна далікатныя натуры могуць прапусціць.
Філосаф Юра таксама падрыхтаваў Ірыне падарунак. Пасля некалькіх келіхаў шампанскага каханы сказаў, што, калі ён сапраўды дарагі ёй, Іра павінна аддацца кожнаму з яго запрошаных сяброў. Яна не дала веры вушам, ускочыла, каб уцякаць, ды ногі не слухаліся - віно выканала сваю ролю. А мо і не толькі віно, бо яе агарнула такое пачуццё, быццам усё, што робіцца, адбываецца не з ёю, а з яе двайніком, з Іркаю № 2, а яна, Ірка № 1, глядзіць на гэта адкульсьці з-за гронкі крышталёвых вісюлек люстры.
Юра пранікліва, як гіпнатызёр, казаў, што ягоныя сябры - людзі шырокіх поглядаў, што ўсе яны надзвычай прыстойныя і глыбокія натуры, што пра гэты вечар ніхто і ніколі не даведаецца, затое за колькі гадзінаў яна набудзе сексуальны досвед, на які іншым спатрэбяцца гады...
Глыбокіх натур на дзень нараджэння завітала трое. Каб высветліць, хто першы пачне надзяляць Іру сексуальным досведам, яны выцягнулі з калоды па карце. Юра дэмакратычна цягнуў з усімі на роўных; ён дастаў кралю і апынуўся ў чарзе астатнім. Ірыне далі яшчэ выпіць; далей свядомасць дзейнічала ўжо са збоямі: нехта як быццам то зашморгваў, то адшморгваў перад вачыма чорную запавесу. У адным прасвеце яна патрапіла запомніць Юру, які, стоячы над канапаю, цэліўся ў яе з фотаапарата. У другім убачыла, як госці зноў цягнулі карты, прычым адразу двое ўзялі тузоў, і Юра сказаў, што абодва маюць роўныя правы, а таму зараз яна даведаецца нешта новае...