Падарожжа ў XIX стагоддзе
- Автор: Мальдзіс Адам
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Народная асвета
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Падарожжа ў XIX стагоддзе». Краткое содержание книги:
Пасля паўстання 1831 года бацька пісьменніка вымушаны быў прадаць Замосце і паехаць у фальварак Жукаў Барок над Нёманам, дзе служыў у Радзівілаў падлоўчым. З суседняга Залуча сюды часта прыязджаў У. Сыракомля. Яму ж Плуг прысвяціў свой першы верш «Гара Замчышча», дзе выкарыстаны матывы беларускіх народных казак. Наднёманскія мясціны хораша апаэтызаваны ў гутарцы «Жукаў Барок» (1848). «Усіх сялян з гэтай вёсачкі,— піша Плуг,— я ведаю як па сэрцах, так і з постаці, быццам усе яны належалі да маёй сям'і».
У сярэдзіне 40-х гадоў малады пісьменнік выехаў на Украіну, паступіў там у Кіеўскі універсітэт і наладзіў сувязь з перадавым кіеўскім часопісам «Гвязда». Пасля кароткага знаходжання на радзіме ў 1856 годзе Плуг надоўга асеў у Жытоміры, дзе выдаў першы том шасцітомнага збору сваіх твораў і ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года, за што разам з жонкай быў пасаджаны ў турму. Апошнія сорак год жыцця наш зямляк жыў у Варшаве і рэдагаваў там часопісы «Клосы», «Вэндровнік», «Кур'ер варшавскі» і нават «Вялікую ўсеагульную энцыклапедыю» (1894-1899). За «пявучы» беларускі акцэнт варшавяне заўсёды лічылі яго «прышэльцам». Разам з А. Адынцом, В. Каратынскім і Ф. Вулей Плуг арганізаваў у Варшаве так званы «беларускі (па іншых крыніцах — «літоўскі») гурток». Памёр пісьменніку 1903 годзе.
Абсалютная большасць мастацкіх твораў Плуга тэматычна так ці інакш звязана з Беларуссю. Сярод іх вылучаецца паэма «Успаміны пра радзіму» («Айчынная песенька») (1856-1857). Аўтар гаворыць, што думкі яго заўсёды імкнуцца да шматпакутнай Літвы (як тады называлі і Беларусь). Цяжка там сялянам. «Яны жывуць у чорных хацінах, сілкуюцца чорным хлебам; часта галодныя, у галечы, прыгнечаны дарэмнай працай». Але прыгнёт не знішчыў у беларускім народзе лепшых чалавечых якасцей. У вёсцы ўсе людзі добрыя і цнатлівыя; у іх няма зайздрасці і пагарды. Паміж імі — сардэчная блізкасць, «бы паміж сватамі ці кумамі». Поўнасцю духоўная прыгажосць беларускага селяніна раскрыецца тады, калі яму дадуць асвету, калі перад ім паставяць іншыя, больш высокія мэты. Пад гаротнай доляй беларускай вёскі паэт смуткуе таксама ў паэме «Зачараваныя скарбы», фальклорнай па сваіх вытоках. Зачараваныя скарбы — гэта ўсе багацці, створаныя народнымі рукамі. Уладары гэтых багаццяў надзяваюць «ярмо на сялян», плацяць сваім слугам «ірванай вопраткай, чорным і жорсткім хлебам, нястрымным панскім гневам». У будучым усё павінна змяніцца. Зямныя скарбы, сцвярджае аўтар, будуць належаць тым, хто іх стварае.
Дзе б Плуг ні жыў — у Кіеве, Джурыне, Жытоміры, Варшаве, ён заўсёды захоўваў у сэрцы шчырую прывязанасць да родных беларускіх ваколіц. Глыбокім патрыятызмам вылучаецца аповесць «Споведзь. Урывак з жыцця майго сябра», апублікаваная ў 1849 годзе ў часопісе «Атэнэум». У пралогу да яе ёсць такія радкі: «Я заўсёды буду ўздыхаць па Палессі і Літве, па тых адвечных пушчах, балотах і пясках, лугах і азёрах. І адной кроплі з Нёмана не аддам за ўсе воды Днястра, Буга і Дняпра. Зрэшты, праслаўляйце ўжо сабе Падолію, слаўце Украіну, але не ўспамінайце, калі ласка, пра нейкую там Італію, нейкую Швейцарыю». У аповесці маляўніча апісаны лясы пад Бабруйскам, паляшук Рыгор, нясвіжскі, суддзя Гарбузок, які, бы з рукава, сыпле беларускімі прыказкамі накшталт: «Не будзі ліха, калі ліха спіць», «Каўтні, мой Бартуня, на другую ножку». Героі аповесці спяваюць беларускія народныя песні («Ажаніся — не журыся»). Сапраўднай энцыклапедыяй беларускага народнага побыту з'яўляецца вершаваны «Урывак успамінаў вашмоеці пана Якуба N», апублікаваны ў зборніку «Родныя гоні» (Вільня, 1854). Тут ёсць каларытныя апісанні купалля, куцці, шчадровак, вячорак, названы найбольш папулярныя народныя казкі і легенды.
Па свайму светапогляду Адам Плуг прымыкаў да тых прадстаўнікоў польскай шляхецкай дэмакратыі, якія заклікалі вырашыць сацыяльныя канфлікты шляхам маральнага ўдасканалення, узнаўлялі асветніцкую канцэпцыю «выхавання добрага грамадзяніна». Толькі ў час уздыму, звязанага з паўстаннем 1848 года, у апавяданні «Забойца дзяцей» пісьменнік ухваліў дзеянні селяніна Івана Басісты, які падпаліў жорсткаму пану гумно, і грамады, якая адмовілася пагасіць пажар. Аднак пазней, калі пачуліся абвінавачванні ў «дэмагогіі» і «рэвалюцыйнасці», Плуг адышоў ад левага крыла польскай дэмакратыі. У раманах «Няня» (1857), «Дух і кроў» (1859), аповесці «Марцін-хутарнік», гутарках «Бязрукі» і «Кіфар» сялянства ідэалізуецца, надзяляецца такімі рысамі, як набожнасць і пакорлівасць у дачыненні да паноў. З расчуленасцю аўтар расказвае ў рамане «Няня» (падзеі яго, дарэчы, адбываюцца ў ваколіцах Слуцка), як прыгонныя цалуюць панам рукі і ногі і нават збіраюць грошы, каб выкупіць сваім «апекунам» маёнтак. Героямі часта становяцца пакутнікі, якія замольваюць сваё «непаслушэнства». Побач з тым Плуг высмейвае саслоўную забабоннасць шляхты, сквапнасць маладой буржуазіі (гандляр Рыгор у тым жа рамане «Няня»), Аднак раманіст крытыкуе капіталізм з патрыярхальных пазіцый, бачыць у ім выключэнне, якое супярэчыць толькі этычным нормам,— і тут можна знайсці многа агульнага ў Плуга і Дуніна-Марцінкевіча.